Крытыка чыстага вар’яцтва

“Дараванне”, Daniel Gerhartz, фрагмент

«Марыя ж, узяўшы фунт міра з нарду чыстага, шматкаштоўнага, памазала ногі Іісусавы і выцерла валасамі сваімі ногі Яго, і дом напоўніўся духмянасцю міра. Тады кажа адзін з вучняў Яго, Іуда Сіманаў Іскарыёт, які меўся выдаць Яго: чаму гэтае міра не прадалі за трыста дынарыяў і не раздалі ўбогім? Сказаў жа ён гэта не таму, што клапаціўся пра ўбогіх, а таму, што быў злодзеем і, маючы скарбонку, краў тое, што туды клалі» (Ян. 12. 3-6).

Вось яна — вельмі распаўсюджаная прычына дамарослага саванарольства. Вельмі проста думаць аб “ахвяраванні жабракам” з тых сродкаў, якімі ты сам асабіста так і не змог завалодаць — вось так ціхенька ў старонцы прыкінуць, “колькі гэта ўсё каштуе”. У адных “непакорлівасць” рэалізуецца ў кантэксце разважанняў на тэму “адабраць і падзяліць”, у іншых — у кантэксце “раздаць жабракам”. Але ў тых і іншых, як правіла, за ўсім стаіць не любоў да жабракоў, а нелюбоў да тых, каго асуджаюць. Гаворка ідзе толькі аб утоенай зайздрасці, якая шукае прыгожай назвы і добрапрыстойнай падставы. Са свайго досведу ведаю, што больш за ўсіх пра «нашы грошы» кажуць тыя, хто не мае ці амаль не мае ніякага дачынення да сродкаў, якія абмяркоўваюцца. Тут зваротная залежнасць нават ёсць. Прытым нават «колькасць ахвяры» можна вымяраць хоць у доларах ЗША, хоць у лептах удавы. Іуда не любіць жабракоў — ён проста не любіць Ісуса, і яму крыўдна, што значныя сродкі прайшлі міма яго ліпкіх рук.

Ведаеце, з паўтарэннем гэтай сітуацыі даводзіцца сутыкацца рэгулярна і сёння. Вельмі шмат зараз тых, хто любіць пазаймацца віртуальнай «дабрачыннасцю» за кошт Царквы (ці іншай асобы). І не тое, каб у іх было столькі шмат любові да тых, хто жыве ў нястачы — проста нянавісць да Царквы эмануе праз край. Так бы мовіць, “яны прыходзяць і патрабуюць справядлівасці, але робяць гэта без павагі і без прапановы сяброўства”… А як ставіцца да крытыкі без любові ад тых людзей, якія цябе ненавідзяць? Проста як да разнавіднасці варожых дзеянняў у свой адрас. Нейкія незразумелыя людзі і расказваюць нам, што мы павінны рабіць, і што яны могуць зрабіць з намі, як ужо калісьці зрабілі гэта ў 1917-ым. Божа, хто ўсе гэтыя людзі?

Трагедыя Іуды, магчыма, больш шматгранная і не зводзіцца толькі да срэбралюбства. За яго расчараваннем стаіць шмат. Але і тэма нашай сённяшняй размовы значна шырэйшая за грошы і папоў на мерседэсах. Нядобразычліўца можа не хваляваць тэма галечы і нават тэма грошай — але тое і іншае становіцца проста інфармацыйнай падставай для вывядзення прадукта праз свайго негатыву ў адрас Царквы, які паспеў зусім па іншай прычыне. І Царква сёння вельмі зручная мішэнь для таго, каб спагнаць на ёй сваю злосць — на іншых яе спаганяць небяспечна.

Я зусім не хачу сказаць, што Царкву няма за што крытыкаваць, што ўсё яна робіць правільна. Не. Я вяду гаворку пра абурэнне іудаў, і не важна з якой нагоды: яно ніколі не заслугоўвае таго, каб быць прынятым блізка да сэрца. Іуда няправы заўсёды. Крытыка без любові калі і можа нешта зрабіць, то толькі горш. Як гаворыць св. Паісій Святагорац, «Калі мы выкрываем кагосьці ад любові, з болем, то незалежна ад таго, разумее ён нашу любоў ці не, у яго сэрцы адбываецца змена, таму што намі рухае чыстая любоў. А абвінавачванне без любові, з прыхільнасцю робіць выкрыванага зверам, таму што наша злосць, удараючы ў яго эгаізм, высякае іскры, як сталь у запальніцы высякае іскры з крэменя. Калі мы трываем нашага брата ад любові, то ён разумее гэта. І нашу злосць ён таксама разумее, нават калі яна ўнутраная і ніяк не выяўляецца вонкава, таму што наша злосць выклікае ў ім трывогу». Зразумела, усё сказанае мной датычыць не толькі Царквы – у тым сэнсе, што крытыкуюць без любові не толькі яе. Крытыка — ці ледзь не сутнасць сучасных адносін паміж людзьмі, чаго не скажаш аб любові. Крытыкуюць усё і ўся. Іуда ў кожным з нас.

Але вось у чым не меншая, а, можа быць, і вялікая праблема: сама Царква, дакладней, яе прадстаўнікі ў сваёй крытыцы ворагаў (якія часам нават і не ворагі зусім) таксама часта цалкам сабе абыходзяцца без любові. Але, па слову апостала, як бы я не быў круты і наколькі б я не меў рацыю, калі я не маю любові, то я нішто (гл.: 1Кар.13). І ніякая “канананічнасць” гэта не выправіць. Наадварот.

а. Сергій Лепін

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі