Патрыярх Кірыл заклікаў расійскіх вайскоўцаў аддаць за перамогу ў вайне з Украінай душу

Напярэдадні Дня Перамогі, які святкуецца ў Расіі 9 траўня, кіраўнік РПЦ Патрыярх Кірыл зноў заклікаў расійскіх вайскоўцаў несці свой абавязак для незалежнасці краіны ад «магутных знешніх сіл». Ён назваў «дурасцямі» абвінавачванні ў наяўнасці ў ягоных словах «мілітарызму».

«Расія гэтымі днямі перажывае важны гістарычны момант, войска і флот краіны маюць патрэбу ў малітвах і дапамозе, паколькі ад іх дзеянняў залежыць суверэнітэт дзяржавы», — заявіў патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл пасля літургіі ў галоўным храме Узброеных сіл у падмаскоўнай Кубінцы. Трансляцыю вёў  тэлеканал «Спас».

 «Памятайце, браты, што ад таго, як вы несяце свой воінскі абавязак, наколькі, нават не баюся гэтых слоў, душу сваю па запаведзі Божай вы здольныя пакласці за сябры свая, будзе залежаць свабода, незалежнасць, самастойнасць нашай Айчыны ад магутных сіл, якія сёння практычна кіруюць светам», — сказаў кіраўнік РПЦ.

«Мае словы — гэта не тое, што хацелі б нашы праціўнікі характарызаваць як чарговая мілітарысцкая гаворка Патрыярха, глупства ўсё гэта», — дадаў кіраўнік РПЦ.

Напярэдадні кіраўнік МЗС Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс распавёў, што Вільня прапанавала Еўразвязу занесці Патрыярха Кірыла ў санкцыйны спіс. «Гэты чалавек, на мой погляд, займаецца не пастырскім клопатам, а губіць душы, калі паспрабаваць знайсці нейкі духоўны тэрмін, які апісвае яго выказванні», — растлумачыў міністр.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі