Пад Лунінцам прайшлі ўрачыстасці ў гонар 400-годдзя праваслаўнага манастыра

Под Лунинцем прошли торжества

Пад Лунінцам ў вёсцы Дзятлавічы 16 траўня адбыліся ўрачыстасці, прысвечаныя 400-годдзю заснавання Дзятлавіцкага Нова-Пячорскага манастыра Перамянення Хрыстова.

Падрыхтоўка да святкавання юбілею адбывалася па дабраславенні і пад кіраўніцтвам нядаўна спачылага архіепіскапа Пінскага і Лунінецкага Стэфана.

На ўрачыстасці прыйшлі і прыехалі святары і вернікі прыходаў Лунінецкага благачыння, прадстаўнікі раённай улады, жыхары вёскі. Урачыстасці пачаліся набажэнствам у храме Спаса-Перамянення, якое ўзначаліў інспектар Мінскай духоўнай семінарыі іераманах Агафангел (Будзішын). Пасля за алтаром храма, ля магілы епіскапа Беларускага Феадосія (Васілевіча) была здзейсненая заўпакойная літыя. У цэнтра вёскі, куды ўдзельнікі ўрачыстасцяў прыйшлі крыжовым шляхам, была адкрытая і асвечаная мемарыяльная кампазіцыя, прысвечаная 400-годдзю заснавання Дзятлавіцкага манастыра, распавядае сайт БПЦ.

Дзятлавіцкі Нова-Пячорскі манастыр быў заснаваны ў 1622 годзе праваслаўным мецэнатам Канстанцінам Далматам у ягоным маёнтку Дзятлавічы.

У 1678 годзе ў манастыры памёр і быў пахаваны епіскап Беларускі Феадосій (Васілевіч). Пахаванне здзесйніў грэцкі мітрапаліт Макарый (Лігарыдзі), а слова на памяць спачылага сказаў іераманах Дзімітрый (Туптала) – будучы свяціцель Дзімітрый Растоўскі.

Манастыр існаваў да 1855 года, у якім быў ліквідаваны рашэннем Свяцейшага Сінода, а храм стаў прыходскім.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com
18.05.2022 Беларусь| Тэгі:




Блогі