У Нігерыі мусульмане забілі камянямі студэнтку-хрысціянку па абвінавачванні ў богахуленні

В Нигерии

На паўночным захадзе Нігерыі ў штаце Сакота 12 траўня натоўп мусульман выцягнуў з інтэрната каледжа студэнтку-хрысціянку, забіў яе камянямі і спаліў яе цела. Пазней высветлілася, што яна адкінула заляцанні мусульманіна, і той з помсты абвінаваціў яе ў богахуленні пра прарока, паведамілі сусветныя каталіцкія  СМІ.

Следства высветліла, што Дэбора Эмануэль Якубу, студэнтка Педагагічнага каледжа ў Сакота, сталіцы аднайменнага штата, была зверскі збітая натоўпам мусульман, пасля забітая камянямі да смерці, а яе цела падпалілі. Пра гэта засведчылі мясцовыя жыхары; акром таго, у сацыяльных сетках у той жа дзень было апублікаванае відэа, у якім невядомы з ярасцю кляне Якубу і выхваляецца, што забіў дзяўчыну і спаліў яе цела.

Якубу была прыхаджанкай Усеперамагаючай Евангелічнай царквы ў штаце Нігер.

«Дэбора Эмунуэль скардзілася ў групавым чаце WhatsApp аднакурснікам на дыскрымінацыю хрысціян ў каледжы — у прыватнасці, на відавочныя паблажкі мусульманам у хатніх заданнях, адзнаках і іспытах. Хлусліўцы скарысталіся гэтым як нагодай для паклёпніцкіх абвінавачванняў у знявагах прарока Махамеда. Яна не зняважыла прарока ніводным словам, а хлусню агучыў з помсты адкінуты ёй мусульманскі заляцанец», — распавёў пастар царквы, да якой належала студэнтка.

Якубу ўзгадала ў групавым чаце ў WhatsApp, што здала іспыты з дапамогай Хрыста, а калі мусульмане запатрабавалі ад яе выбачэнняў і абвяржэнняў, яна ўхілілася ад спрэчкі, заклікала суразмоўцаў ўстрымлівацца ад абмеркаванняў рэлігіі і выказваць верацярпімасць.

Па дадзеных паліцэйскага ўпраўлення штата Сакота, па падозры ў датычнасці да забойства ўжо арыштаваныя два студэнты каледжа, а прадстаўнік паліцыі паабяцаў, кожны саўдзельнік злачынства будзе абавязкова арыштаваны.

Губернатар штата даручыў міністэрству вышэйшай адукацыі і органам бяспекі правесці свае расследаванні, заклікаў насельніцтва штата захоўваць спакой і мір у сваіх супольнасцях і запэўніў, што ўрад бярэ следства пад асаблівы кантроль.

Каталіцкі епіскап Сакота таксама заклікаў хрысціян захоўваць спакой і даць уладам магчымасць арыштаваць і прыцягнуць да адказнасці забойцаў: «Усе чакаюць ад уладаў адпаведнага выканання службовых абавязкаў, каб усе вінаватыя ў гэтым нялюдскім акце, незалежна ад іх матываў, панеслі пакаранне адпаведна заканадаўству краіны. Рэлігія да гэтага зверства не датычная. Хрысціяне доўгія гады жылі ў міры са сваімі мусульманскімі суседзямі тут, у Сакота. Гэтае злачынства павінна разглядацца як выключна крымінальная праява, а закон павінен зрабіць сваю справу».

Тым не меней, прафесар Ібрагім Макары, ісламскі святар і намеснік галоўнага імама Нацыянальнай мячэці Абуджы, падтрымаў лінчаванне Дэборы Якубі. Высокапастаўлены святар, які праводзіў вяселле дачкі прэзідэнта краіны, заклікаў мусульман выходзіць на пратэсты ў падтрымку арыштаваных забойцаў.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі