«Дае нам прыклад любові». Католікі і праваслаўныя святкавалі “Тройцу” ў адзін дзень

Зразумець таямніцу Найсвяцейшай Тройцы немагчыма, але ў гэтым можа дапамагчы сям’я.

У 2022 годзе 12 чэрвеня вернікі Каталіцкай царквы святкавалі ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы, а праваслаўныя — Дзень Святой Тройцы. Дата залежыць ад дня Вялікадня, і ў праваслаўных “Тройца” адзначаецца на 50-ы дзень пасля Уваскрэсення Хрыстовага. Свята таксама называецца Пяцідзесятніцай, паколькі праз 50 дзён пасля Вялікадня Гасподзь паслаў апосталам Святога Духа — Трэцяе Аблічча Святой Тройцы. У каталікоў урачыстасць Найсвяцейшай Тройцы святкуецца асобна ад Пяцідзесятніцы — праз тыдзень пасля Сашэсця Святога Духа. Паколькі Уваскрэсенне Хрыстова каталікі і праваслаўныя святкавалі сёлета з розніцай на тыдзень, свята Найсвяцейшай Тройцы ў заходніх і ўсходніх хрысціян супаў.

Мы ўслаўляем Бога, які адзін, але ў трох Асобах — Бог Айцец, Божы Сын — Ісус Хрыстос і Дух Святы. Кожны раз, калі здзяйсняем хросны знак, мы вызнаем веру і ўслаўляем Найсвяцейшую Тройцу, — тлумачыць айцец Марэк Яшчкоўскі з Сургута. — Цяжка нам гэта зразумець, як гэта магчыма, што Бог адзін, але ў трох Асобах. Не ўсе мы павінны і не ўсё можам разумець. Гэта ісціна веры, гэта вялікая і глыбокая таямніца нашай веры.

Святар адзначае: гэта таямніца, якая шмат нам кажа і шмат чаму нас вучыць:

У Бібліі чытаем: “Бог ёсць любоў”. Любоў — гэта стасункі. Каго мог любіць Бог, калі яшчэ не было чалавека на зямлі? Наш Бог — гэта любоў, гэта абшчына, гэта стасункі. Мы створаны па вобразе і падабенстве Бога, таму мы таксама пакліканы да ўзаемнай любові, каб жыць у адносінах, жыць у супольнасці.

Айцец Марэк падкрэслівае, што самы цудоўны вобраз, які можа дапамагчы нам зразумець Найсвяцейшую Тройцу — гэта сям’я:

— Мы пакліканы да таго, каб ствараць адносіны, падобныя Найсвяцейшай Тройцы. Калі стараемся вучыцца ў Найсвяцейшай Тройцы і жыць па Яе прыкладу, пераносім гэта Іх услаўленне на нашы адносіны, асабліва шлюбныя, сямейныя адносіны. Муж услаўляе жонку, жонка — мужа. Што гэта значыць? Кажуць адзін аднаму кампліменты, заўважаюць дабро, мудрасць, добрыя ўчынкі і словы сябар у сябра і кажуць пра гэта. Мы створаны для таго, каб услаўляць адзін аднаго, каб захапляцца адзін адным, каб заўважаць і казаць дабро, казаць станоўчае.

Святар працягнуў: Тройца ніколі не сварыцца, не лаецца, не бачым там ні найменшай кроплі эгаізму. Найсвяцейшая Тройца дае нам прыклад, вучыць нас адносінам выдатным, дасканалым, глыбокім, поўным любові і павагі.

katolik.life

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі