Праваслаўны святар: Быць святым — гэта запавет, а не практыкаванне з зорачкай

«Кажуць, у грамадстве павялічваецца дзяленне на бедных і заможных. Падазраю, што павялічваецца і дзяленне на разумных і дурных. Павялічваецца нават сама колькасць параметраў, па якіх магчымае дзяленне. А яшчэ павялічваецца дзяленне паміж святымі і… грэшнымі (пакінем пакуль гэтае слова). Але я кажу пра іншае падзяленне — падзяленне ўнутры самой Царквы», — разважае ў сваім акаўнце ў  Facebook праваслаўны святар з Ракава протаіерэй Сергій Лепін.

«Мы неяк хуценька і зручна падзялілі хрысціянскі свет: на той, што на зборцы абразоў і ў жыціях, і на той, што ў нас і паміж намі. Мы для сябе вырашлі: ну, мы ж не святые — куды нам са сваімі тварамі ды ў калашны шэраг! Нам вось бы свечачку паставіць, папосціцца колькі дзён, прычасціцца там сям — і станецца нам. Святыя дагаднікі — яны там няхай моляцца за нас, а мы тут як-небудзь збочку… А тым часам падзяленне на сакральнае і прафаннае нармальнае роўна да таго часу, пакуль мяжа паміж адным і другім супадае з мяжой Царквы і не-Царквы», — нагадвае святар у свята, Дзень Усіх Святых, які праваслаўныя вернікі адзначаюць 19 чэрвеня.

«Згодна святому іаану Кранштацкаму, «Царква – Боская супольнасць святых», і нікога іншага там няма. Пытанне ў тым, хто ўратуецца, ахайненька ператвараецца ў пытанне пра тое, хто святы. Ніхто не святы па сваёй прыродзе. Святар на літургіі манатонна вымае частачку з прасфоры не толькі за жывых і памерлых (якія па ўмаўчанні вызнаюцца грэшнымі), — але і за ўсіх святых, пачынаючы з самой Святой Багародзіцы. Мы ўсе — у адным шыхце са святымі! Праз коску з імі», — тлумачыць а. Лепін.

«Нельга ўвайсці ў ваду і не стацца мокрым. Нельга ўвайсці ў Боскасць жыцця Царквы і не стацца святым. Таму Бог абяцае, запавятае і нават патрабуе святасці ад чалавека. Быць святым — гэта запавет, а не практыкаванне з зорачкай. Адмаўляючыся ад прэтэнзіі на нахабства звацца святым, мы адмаўляемся ад хрысціянства — ніхто не святы, як Бог, амінь, але і, — на хвіліначку! — тады і ўласна хрысціянінам з’яўляецца адно Хрыстос (зноў жа, «па натуры », а не «па Божай ласцы »). Без святасці не можа быць прыналежнасці да Царквы», — рэзюмуе святар.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі