Протаіерэй Сергій Лепін: Навошта столькі казаць пра «царкву лукаўнуючых»?

Што такое «царква лукаўнуючых»? Пра гэта разважае ў сваім   акаўнце ў Facebook праваслаўны святар з Ракава протаіерэй Сергій Лепін.

«Гэтае словазлучэнне мяне ўразіла адразу, як я яго ўпершыню сустрэў у сваім жыцці. Гэта было шмат-шмат гадоў таму, калі я, падлеткам, толькі пачынаў сваё знаёмства з Псалтырам. У тэксце маецца на ўвазе, што цар Давід зненавідзеў супольнасці людзей лукавых і не хацеў мець нічога агульнага з нягоднымі кампаніямі. І калі адны айцы бачылі ў сходзе «лукаўнуючых» адно паганцаў, дык іншыя распаўсюдзілі значэнне гэтага вобраза «на ўсіх злосных людзей, што выкарыстоўваюць зло розным кшталтам» (Яўфімій Зігабен). А вось цытата з архіепіскапа Аверкія (Таўшава, пам.1976) — вядомага багаслова РПЦЗ і настаўніка, па кнігам якога вучацца і ў нас. «Але зусім страшна робіцца, калі прадстаўнікі і духоўныя кіраўнікі асобных памесных цэркваў, што сапраўды ўваходзяць у склад Адзінай Сапраўднай Царквы Хрыстовай, забываючы на сваё высокае пакліканне быць слугамі справы Хрыстовай на зямлі, уступаюць у сяброўскія стасункі і нават у самы шчыльны хаўрус з ворагамі веры і Царквы і аддаюць сябе ў поўнае падпарадкаванне службітам сатаны, ужо не пра служэнне Хрысту-Збаўцы думаючы, а адно каб дагадзіць сваім новым гаспадарам», — разважае святар.

«Ці можа быць Царквой тая арганізацыя, якая заклікае да «лаяльнасці» паслугачам сатаны? Гэта ўжо «царква лукаўнуючых» і знаходзіцца ў такой «царкве» не толькі не выратавальна, а, наадварот, — загібельна. Пытанне, чаму мы пра гэта так часта гаворым і пішам? Таму, што наш свяцейшы пастырскі абавязак — засцерагчы нашых вернікаў ад тых незлічоных тонкіх спакусаў, якія цяпер паўсюль у мностве распушчаныя: мы абавязаныя навучыць адрозніваць сапраўдную Царкву ад «царквы лукаўнуючых», — рэзюмуе а. Лепін.

 

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі