Новы апостальскі ліст Папы: хопіць палемікі вакол літургіі

29 чэрвеня 2022 года, ва ўрачыстасць святых Пятра і Паўла, быў абнародаваны апостальскі ліст Desiderio desideravi аб літургічнай фармацыі народа Божага.
2022-07-04-naom_5fa3f652988d4
Ілюстрацыйнае фота: Getty Images

У папскім дакуменце сабраны і пераасэнсаваны прапановы Пленарнай асамблеі Кангрэгацыі Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў, якая праходзіла 12-15 лютага 2019 года. Ён спасылаецца на ліст, адрасаваны біскупам з нагоды выдання motu proprio Traditionis custodes. Яго галоўная мэта – “працягваць пастаянны пошук касцёльнай камуніі” вакол адзінага выразу lex orandi рымскага абраду, адлюстраванага ў кнігах літургічнай рэформы Другога Ватыканскага Сабора.

“Фармат новага апостальскага ліста – не інструкцыя ці даведнік: гэта, хутчэй, тэкст для разважання з яркім біблейскім, патрыстычным і літургічным адбіткам, які прапануе разуменне прыгажосці праўды літургічнай цэлебрацыі. Ад яе паходзіць і ўмацоўваецца супольнасць, сфарміраваная ў братэрскай любові, якая з’яўляецца першым і найбольш дзейсным сведчаннем Евангелля”, — гаворыцца ў паведамленні Дыкастэрыі Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў.

“Цэлебрацыя, якая не евангелізуе, не з’яўляецца аўтэнтычнай, як і прапаведаванне, якое не вядзе да сустрэчы з Уваскрослым падчас цэлебрацыі: і адно, і другое без сведчання любові – як медзь звонкая або гулкія цымбалы (1 Кар 13, 1)”, — напісаў Францішак у сваім дакуменце.

Некалькі разоў Святы Айцец сцвярджае, што не прэтэндуе на вычарпальны разгляд закранутых пытанняў: тым не менш, ён прапануе шмат ідэй адносна тэалагічнага сэнсу літургіі, неабходнасці сур’ёзнай і жыццёвай літургічнай фармацыі ўсяго народа Божага, фарміравання пачуцця ars celebrandi, якое тычыцца не толькі тых, хто ўзначальвае літургію.

У тэксце гучыць перасцярога ад падводных камянёў індывідуалізму і суб’ектывізму, а таксама ад абстрактнага спірытызму: мы пакліканы аднавіць фундаментальную для літургіі здольнасць да дзеяння і разумення сімвалаў.

“Давайце пакінем палеміку, каб слухаць разам, што Дух кажа Касцёлу, давайце берагчы камунію, працягваць захапляцца прыгажосцю Літургіі”, — заклікаў Францішак у апостальскім лісце Desiderio desideravi.

Аляксандр Амяльчэня – Vatican News

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі