Праваслаўны святар пра трактоўкі Купалля: Паганства ці постхрысціянскі дурдом?

«Пагаворым пра… дзвюхвер’е і пра тое, што, нібыта, праваслаўныя ўзялі ўсё ў старажытных славян. Лічыцца, што тытульная вера з’яўляецца накладаннем на нейкую пачатковую, сублімінаваную — паганскую. Што выяўляе з сябе тытульная (у нашым выпадку хрысціянская) вера, больш-менш зразумела. А што з паганстам?», — разважае ў сваім  акаўнце ў Facebook на тле шырока прадстаўленага ў сацcетках святкавання Купалля праваслаўны святар і публіцыст протаіерэй Сергій Лепін.

«Давайце ўявім сітуацыю: раптам зніклі ўсе хрысціянскія кнігі і ўсе хрысціянскія настаўнікі. Культуролагі і этнографы з Альфы Цэнтаўры выпраўляюць этнаграфічную экспедыцыю і пасылаюць яе ў вёску Малыя Загібонавічы апытаць мясцовых бабуль і дзядуль на прадмет таго, што яны ведаюць з Святой гісторыі, касмагоніі, таямніцаў і абрадаў, этыкі хрысіцянства … Пасля даследчыкі вяртаюцца на свае кафедры і пішуць артыкулы і дысертацыі па тэме «Хрысціянская вера» са спасылкамі на «адну бабку» і «яшчэ аднога дзедку»… Дык вось. З амвонаў і з навучальных аўдыторыяў, па радыё, па тэлебачанні, у інтэрнэце, у газетах і кнігах з шматтысячнымі накладамі Царква вучыць, вучыць і вучыць…. Але «народная вера» усё адно адрозніваецца ад «афіцыйнай», — тлумачыць сваю думку святар.

«Любая рэлігія здольная нараджаць і нараджае свае псеўдапаралелі. Напрыклад, этнографы і культуролагі з Альфы Цэнтаўры лічуць, што «культ Параскевы Пятніцы» паўстае як замена багіне Макошы, вобраз якой паклаўся ў падмурак вобраза святой. А нічога, што гэты самы «культ Параскевы» існуе на Балканах задоўга да з’яўлення яго на славянскай зямлі і нават задоўга да з’яўлення самога культа Макошы? Можа, наадварот: вобраз Макошы — здзічэлы, вульгарызаваны вобраз Параскевы? І такая ж бздура творыцца са святым Уласіем, прароком Іллём і г.д.: проста бярэцца хрысціянскі вобраз і метадычна скрыўліваецца, скрыўліваецца, скрыўліваецца. Ці возьмем каляндар. Хрысціяне прыйшлі, нібыта, узялі славянскае паганскае свята Купалле і зрабілі яго сваім — ледзь не «Іванам Купалам». А нічога, што Раство Іаана Прадвесніка прысутнічае ў каляндарах УСІХ праваслаўных цэркваў (у Афрыцы, Азіі), і патрапіла яго туды прыблізна ў той час, калі продкі славянаў яшчэ толькі пачалі злазіць з дрэваў (самыя старажытныя тэксты свята тычацца 5-6 стагоддзя)? А нічога, што ўсе салярныя каляндары планеты фіксуюць летнія і зімнія сонцастаянні (інакш і быць не можа, як і месяцовыя каляндары не могуць не фіксаваць фазы месяца — такая іх існасць) і пры гэтым могуць наогул не мець паміжсобку ніякай генетычнай сувязі і нават не ведаць пра існаванне сваіх аналагаў? Ацтэкі таксама святкавалі сонцастаянне! І?», — тлумачыць а. Лепін.

«Прынята лічыць, што «Іван Купала» — гэта гібрыдны кентаўр двух святаў: першая частка яго назвы адпавядае імю хрысціянскага святога (так), а другая, нібыта, — паганскаму боству ці персаніфікацыі святкаванню ў гонар ягоны (не). Аднак нават слова «Купала» — славянская калька грэцкай  — хрысціцель, г.зн., акунальнік, пагружальнік, амыйнік, купальнік (ці купала). Гэта не народнае вераванне, гэта не паганства, сябры, — гэта нейкі дэгенератыўны постхрысціянскі дурдом (дарэчы, слова «паганства/язычество» паходзіць ад слова «язык» і значыць «народ», так што «народная рэлігія» — яшчэ тая гульня словаў!). Такая каша — і не хрысціянства, і ўвогуле не рэлігія, гэтак жа, як і не ўсялякае трызненне, нават калі ягоная фабула ўтрымлівае навуковыя тэрміны, можна назваць памылковай навуковай тэорыяй. Вывучэнне такога — ІМХО, не этнаграфія, а нейкая этнадэфекталогія і этнапсіхіятрыя», — резюмуе а. Лепін.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі