Свецкія таксама актыўна дзейнічаюць у Касцёле

Што ў Касцёле робяць свецкія? Безумоўна, не ў аднаго чалавека з вуснаў сарвалася гэта банальнае «нічога», бо свецкая асоба не цэлебруе святую Імшу, не можа стаць біскупам, не піша энцыклікаў, не гаворыць казанні, а толькі сядзіць на лаўцы і моліцца разам з іншымі свецкімі. Можа, хтосьці ўспомніць, што існуюць супольнасці для свецкіх ці дабрачынныя фонды. Арганіст у парафіі — свецкая асоба, і жанчына, што працуе ў парафіяльнай канцылярыі, — таксама. Ці гэта ўсё? Ці сапраўды задачы свецкіх абмяжоўваюцца ўдзелам у набажэнствах ці, найбольшае, дапамогаю ў працы святароў?

1

Першым голасам сучаснасці, які нагадаў пра праўдзівае пакліканне свецкіх, быў папа Пій ХІІ. Ён увёў паняцце consecratio mundi («асвячэнне свету») для абазначэння асноўнага задання свецкіх у Касцёле. Пій ХІІ быў тым наступнікам св. Пятра, які дазво­ліў ствараць Інстытуты свецкіх, гэта значыць супольнасці свецкіх, якія, жывучы ў свеце, склада­юць абяцанні ўбоства, чыстасці і паслухмянасці. Аднак асвячэнне свету з’яўляецца мэтаю, якую павінен здзяйсняць кожны свецкі член народу Божага. Гэта ясна растлумачыў Павел VI у разважанні падчас генеральнай аўдыенцыі 23 красавіка 1969 г.

Абапіраючыся на дакументы Другога Ватыканскага Сабору, Святы Айцец падкрэсліў, што, асвячаючы свет, свецкі не павінен імкнуцца падпарадкоўваць яго Касцёлу. Свет сам па сабе павінен быць аўтаномным, суверэнным і секулярным (аддзеленым ад Касцёла). Прайшлі ўжо часы, калі Еўропа знаходзілася пад моцным уплывам касцёльнай іерархіі, але менавіта нам, свецкім, Касцёл даверыў прыўносіць хрысціянскую сістэму каштоўнасцяў у тыя асяроддзі, дзе мы жывём, працуем і адпачываем.

Свецкі католік не можа жыць у ізаляцыі ад свету. Пакліканы Хрыстом да апостальскай дзейнасці, ён «абавязаны напаўняць свет хрысціянскім духам» (Gaudium et spes, 43). Дзякуючы гэтаму можа адбыцца гарманічнае ўзаемапранікненне нябеснай і зямной рэчаіснасцяў. Свет, на першы погляд, сапсаваны, дэмаралізаваны, скіраваны на спажывецтва і імкненне да ўлады, можа таксама праяўляць дабро і любоў, якія вынікаюць з Добрай Навіны.

Калі свецкі католік абмяжоўвае сваю дзейнасць у Касцёле ўдзелам у нядзельнай Імшы, гэта значыць, што ён не ўсведамляе, да выканання якой вялікай місіі ён пакліканы. Калі мы ўласным жыццём сведчым пра Езуса Хрыста ў свеце, у якім жывём, мы дасканалым чынам здзяйсняем пакліканне, якім адораны кожны чалавек, — пакліканне да святасці.

Патрык А. Нахачэўскі, “Ave Maria”.
Пераклад з польскай мовы Дар’і Ахламёнак.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі