Кіраўнік украінскіх грэка-каталікоў заклікаў моладзь да прысягі на вернасць Хрысту

Святослав

Кіраўнік УГКЦ мітрапаліт Святаслаў заклікаў 28 ліпеня ўкраінскую моладзь прынесці прысягу на вернасць Хрысту.

«Сёння, у які раз вораг хоча скрасці ў нас свабоду і дзяржаву, я заклікаю вас, дзяўчаты і хлопцы, прыняць прысягу на вернасць Хрысту. Прыміце сілу з вышыні, якую вы атрымалі ў Таямніцы Хросту, якую зможаце абнавіць у гэтай асаблівай прысязе на вернасць Хрысту», — папрасіў кіраўнік УГКЦ блажэнны Святаслаў у  спецыяльным відэазвароце.

Акт прысягі, а таксама чын аднаўлення абяцанняў у святым Хросце адбыўся 30 жніўня падчас Боскай Літургіі ў 11:00 у Патрыяршым саборы Уваскрэсення Хрыстовага і трансліраваўся ў прамым эфіры. Украінскую моладзь запрасілі малітоўна аб’яднацца з кіраўніком царквы праз анлайн-трансляцыю.

«Гэта тыя абяцанні, якія вуснамі нашых хросных бацькоў мы склалі Хрысту ў дзень нашага Хросту. Мы будзем аднаўляць нашу рашучую адмову, рашучае адрачэнне ад д’ябла, слуг ягоных, усякай ганарыстасці і служэння яго. Мы будзем абяцаць, што будзем служыць Хрысту. Мы будзем дэклараваць, што мы з Хрыстом аб’ядноўваемся, у Яго верым і Яму служым», — адзначыў мітрапаліт Святаслаў.

Ён нагадаў, што падобную просьбу ўжо накіроўваў да ўкраінскай моладзі ягоны вялікі папярэднік, праведны мітрапаліт Андрэй Шаптыцкі, вясной 1933 года, калі адбыўся з’езд хрысціянскай украінскай моладзі пад лозунгам «Украінская моладзь – Хрыстова».

«Менавіта гэтая прысяга на вернасць Хрысту дапамагла выстаяць нашаму народу, нашай моладзі ў горане Другой сусветнай вайны, дапамагла прайсці скрозь пакуты, скрозь цярністы шлях сведчання нашай волі жыць у незалежнай дзяржаве. Менавіта тады гэтая прысяга стала той сілай, якая трыццаць гадоў таму аднавіла ўкраінскую дзяржаўнасць для нашага народа», — падкрэсліў кіраўнік УГКЦ.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі