У Магілёве з’явіўся помнік Георгію Каніскаму

памятник Георгию

У Магілёве на верхняй аглядальнай пляцоўцы блізу спуска ў гарадскі парк Падніколле 6 жніўня адкрылі помнік свяціцелю Георгію (Каніскаму), архіепіскапу Магілёўскаму і Беларускаму,

Помнік асвяціў мітрапаліт Веніямін. Фігура вышынёй 3,6 м усталяваная на пастаменце з гранітных плітаў з памятнай шыльдай: «Выдатны асветнік зямлі беларускай свяціцель Георгій Каніскі». Над скульптурай узвышаецца белая арка, яе ўвенчвае купал з крыжам. Ля самага зводу канструкцыі змантаваны дэкаратыўны рэльеф, у цэнтры якога — абраз Божай Маці, названы «Магілёва-Брацкі». Вышыня ўсёй скульптурнай кампазіцыі складае 9,3 м. Аўтар манумента — беларускі скульптар, чалец Саюза мастакоў Беларусі Аляксей Паўлючук, паведамляе  сайт БПЦ.

Адным з першых ініцыятараў стварэння помніка быў першы Патрыяршы Экзарх усёй Беларусі мітрапаліт Філарэт (Вахрамееў).

«І стварэнне гэтага цудоўнага помніка — сімвал духоўнасці, асветніцкай працы і любові да свайго народа свяціцеля Георгія Каніскага. Бо ён прыкладам свайго асабістага жыцця сведчыў пра тое, як трэба любіць сваю веру і ў той жа час захоўваць мір і згоду з прадстаўнікамі іншых канфесій», — падкрэсліў кіраўнік БПЦ.

Свяціцель Георгій (Каніскі), архіепіскап Магілёўскі і Беларускі  (1717 – 1795 гг.), працаваў на магілёўскай зямлі чатыры дзесяцігоддзі і ўвайшоў у гісторыю як царкоўны дзеяч, палітык, амбасадар, юрыст, навуковец, педагог і пісьменнік.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі