«Адрозненні проста велізарныя». Кардынал Кох пра адносіны з Маскоўскім Патрыярхатам

Прэфект Дыкастэрыі спрыяння хрысціянскаму адзінству кардынал Курт Кох даў інтэрв’ю нямецкаму каталіцкаму інфармацыйнаму агенцтву KNA, у якім пракаментаваў актуальны стан адносін Каталіцкага Касцёла з Маскоўскім Патрыярхатам.

Кардынал Курт Кох. Фота: Daniel Ibanez / CNA

Як паведаміла 16 жніўня Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, кардынал прызнаўся, што не ведае, ці падчас візіту Папы Францішка ў Казахстан Пантыфік сустрэнецца з Патрыярхам Маскоўскім. Аднак высокі ватыканскі іерарх думае, што мела б сэнс «выпрацаваць ясную агульную пазіцыю, каб гэтая бессэнсоўная і жорсткая вайна нарэшце скончылася».

Прэфект Дыкастэрыі спрыяння хрысціянскаму адзінству ўзначаліць дэлегацыю Святога Пасаду на 11-й Пленарнай асамблеі Сусветнай рады Цэркваў (WCC), якая будзе праходзіць у нямецкім Карлсруэ з 31 жніўня па 8 верасня.

Журналістам кардынал Кох паведаміў, што на цяперашні момант Каталіцкі Касцёл не вядзе ніякага тэалагічнага дыялогу з Рускай Праваслаўнай Царквой.

«Праваслаўныя Цэрквы вырашылі, што тэалагічны дыялог паміж імі і Каталіцкім Касцёлам будзе толькі шматбаковым, а не двухбаковым. Маскоўскі Патрыярхат больш ня ўдзельнічае ў гэтым міжнародным дыялогу, бо Патрыярх Барталамей I абвясціў аўтакефалію, царкоўную незалежнасць Праваслаўнай Царквы ва Украіне. Гэта датычыцца і нашай камісіі», — патлумачыў кардынал Кох, маючы на ўвазе Змяшаную міжнародную камісію па тэалагічным дыялогу паміж Каталіцкім Касцёлам і Усходнімі Праваслаўнымі Цэрквамі.

Пры гэтым кардынал прэфект падкрэсліў, што паміж Святым Пасадам і Рускай Праваслаўнай Царквой існуюць двухбаковыя адносіны ў іншых сферах, «як і з іншымі Праваслаўнымі Цэрквамі».

«Цяпер яны азмрочаны пазіцыяй Патрыярха Кірыла адносна вайны ва Украіне.

Пазіцыі вельмі розныя, таму што Каталіцкаму Касцёлу цалкам ясна, што вайна ніколі не з’яўляецца выйсцем. Вайна стварае яшчэ большыя праблемы, звязаныя з вялікай колькасцю ахвяр, шматлікімі бежанцамі, наступствамі для навакольнага асяроддзя і голадам у свеце.

Таму пазіцыя Святога Пасаду ясная: вайна — гэта ілжывы шлях. А Патрыярх Кірыл упэўнены, што гэта шлях правільны. Адрозненні проста велізарныя.

Аднак калі мы хочам шукаць шляхі далейшага паразумення, мы павінны заставацца ў дыялогу», — растлумачыў прэфект Дыкастэрыі спрыяння хрысціянскаму адзінству.

Сatholic.by

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі