Святы Пасад: Папа бароніць жыццё, не займае палітычнай пазіцыі

Святы Пасад выступіў з заявай, якая стала адказам на палеміку вакол слоў Папы на агульнай аўдыенцыі 24 жніўня 2022 года адносна нападу, у выніку якога загінула Дар’я Дугіна. Яны выклікалі бурную рэакцыю ва Украіне.

Францішак падчас агульнай аўдыенцыі. Ілюстрацыйнае фота

Папа гаворыць як пастыр, які абараняе чалавечае жыццё, а не як палітык – і менавіта такое прачытанне яго шматлікіх выступленняў аб вайне ва Украіне з’яўляецца правільным, — гэта пасыл тэксту.

“Святы Айцец Францішак і яго супрацоўнікі шмат разоў выступалі ў кантэксце вайны ва Украіне. Яны ставяць сваёй асноўнай мэтай запрашэнне душпастыраў і вернікаў да малітвы, а ўсіх людзей добрай волі – да салідарнасці і намаганняў па ўсталяванні міру”, — гаворыцца ў заяве Святога Пасаду.

“Неаднаразова, таксама і ў апошнія дні, узнікала грамадская дыскусія наконт палітычнага значэння такіх выступленняў. У сувязі з гэтым хочам паўтарыць, што словы Святога Айца па гэтым драматычным пытанні павінны разглядацца як голас, узняты ў абарону чалавечага жыцця і звязаных з ім каштоўнасцей, а не як палітычная пазіцыя”, — працягваюць аўтары.

“Што датычыць шырокамаштабнай вайны ва Украіне, распачатай Расійскай Федэрацыяй, выступленні Святога Айца Францішка ясна і адназначна асуджаюць яе як маральна несправядлівую, непрымальную, варварскую, бессэнсоўную, агідную і святатацкую”, — заключае ватыканская заява.

Аляксандр Амяльчэня, Vatican News

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі