«Чакаў «Распні» ад Масквы, але не ад Беларускага Экзархата» — Архіепіскап Арцемій аб прычынах адстаўкі

Арцемій

Архіепіскап Арцемій (Кішчанка), які знаходзіцца на спакоі, адпраўлены ў адстаўку менш за год таму, упершыню даў інтэрв’ю, перапыніўшы маўчанне аб яе прычынах. «Гэта было вымушанае маўчанне, звязанае са зразумелымі жыццёвымі абставінамі. Але апошнім часам усё часцей можна пачуць, што ўсё, што адбывалася ў Гродзенскай епархіі, было кепска. Тое было не так, гэта… І вось зараз толькі ўсё прыводзяць у парадак. Гэтым абясцэньваюць шмат добрага, што адбывалася ў нашай епархіі. Шмат добрых святароў рабілі вельмі добрую працу, будавалі храмы, стваралі супольнасці, працавалі з дзецьмі. Шмат усяго было. Аб гэтым трэба ўспамінаць. Я разумею, што спыніць людзей, якія распавядаюць няпраўду, не атрымаецца, гэта пытанне пазіцыі, але казаць пра добрае, успамінаць яго трэба», — растлумачыў уладыка Арцемій рашэнне даць інтэрв’ю  парталу «Вера+».

«Самая страшная выснова, што ўся архірэйская брація практычна аднагалосна адправіла мяне, так бы мовіць, на спакой. Я нават быў упэўнены, што такога не будзе. Я ад Масквы мог чакаць усё, што хочаце, але не ад беларускага экзархата. Усё ж свае людзі, і я ведаю іх погляды. А тут аднагалосна, калі экзарх стаў іх усіх пытаць, усё: «распні, распні, распні», вось. Таму, вядома, мне толькі заставалася сказаць: «Дзякуй вам, свяціцелі, што дзьмухнулі, што плюнулі». Я ім сказаў так: «Вы прыбіраеце мяне ні завошта! Усе вашыя абвінавачванні несправядлівыя», — распавёў уладыка Арцемій.

«У чым выявілася мая непакорлівасць? Што заспявалі «Магутны Божа»? Так мы ў храме заўсёды яго спявалі і зараз спяваем ва ўсіх храмах «Магутны Божа». «А вось, мы вам ужо рабілі папярэджанне не спяваць, а ў вас усё роўна ў Мікольскім храме дзеці заспявалі». Але адкуль я ведаў, што яны заспяваюць? Вы ведаеце, якая праграма ў дзяцей у Мікольскім храме? І я не ведаў. Майго дабраславення там не было. Ніхто мяне не пытаўся. Гэта ў кампетэнцыі класнага настаўніка. А нейкага афіцыйнага адступніцтва з майго боку тут няма. Паказалі мне нейкую фатаграфію, на якой на велікодных яйках намалявана «Пагоня». Я не маляваў «Пагоню» на яйках. А калі нейкае дзіця намалявала, то фатаграфія адкуль узялася? Я ніякага злачынства не бачу — гэта старажытная геральдыка, тым больш з крыжом. Крыж Еўфрасінні Полацкай», — распавёў ахіепіскап Арцемій аб сваіх «злачынствах» перад афіцыйнай царкоўнай уладай.

«Я падняўся і сказаў, што «па веры вашай няхай будзе вам». І сышоў з Сіноду. Так, яны атрымалі ўказанне і моўчкі яго выканалі. «Каб захаваць Царкву». Як заўжды, у нас традыцыйна гэта было. «Давайце гэты храм разбурым, каб астатнімі нам дазволілі карыстацца». Такая псіхалогія духавенства пасляваеннага перыяду. Бо ўсе архірэі нашыя — яны засталіся на Салаўках і на Беламорканале. І новае пакаленне духавенства – яно выхоўвалася яшчэ старымі протаіерэямі, якія ацалелі. А паваенны перыяд — гэта ўжо былі самавукі і выхаванцы тых, хто прыстасаваўся», — каментуе ўладар Арцемій прыроду ўчынкаў сваіх калегаў.

Сёння ўладыка Арцемій знаходзіцца на спакоі, служыць у гродзенскім храме Беларускіх святых, з кіруючым архірэем не канфліктуе, будуе ў пасёлку каля Гродна храм у гонар Маці Божай і Яе вобраза — Здаволь мае смуткі», адчувае сябе «ворагам народа» і радуецца падтрымцы простых хрысціян.

«Не ад Духа Святога», — каментуе ўладыка Арцемій пазіцыю Патрыярха Кірыла адносна нападу Расіі на Украіну. «Самае простае, што можа зрабіць просты хрысціянін, — ён павінен маліцца за Украіну. Украінцам я б сказаў «Браточкі, трымайцеся! Хрыстос Уваскрос!», — дапаўняе архіепіскап.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі