«СРЦ не выключае РПЦ, таму што рыхтуецца прыняць ПЦУ» — Удзельнік Асамблеі аб сустрэчы ў Германіі

не исключили

 

Прэзідэнт Германіі Франк-Вальтэр Штайнмаер выступіў на адкрыцці Асамблеі Сусветнай рады цэркваў (СРЦ) у Карлсруэ, якая стартавала 31 жніўня, і заявіў, што ўдзел у такой статуснай сустрэчы дэлегацыі РПЦ непажаданы.

Ён абвінаваціў РПЦ у датычнасці да злачынстваў ва Украіне і заклікаў адхіліць яе дэлегацыю. У адказ кіраўнік Аддзела знешніх царкоўных сувязяў РПЦ мітрапаліт Антоній (Сеўрук) адзначыў, што заклік Штайнмаера з’яўляецца прыкладам грубага ціску з боку высокапастаўленага прадстаўніка дзяржаўнай улады на «найстарэйшую міжхрысціянскую арганізацыю», паведамілі сусветныя і расійскія СМІ.

Генеральны сакратар СРЦ протаіерэй Іаан Саўка падкрэсліў важнасць прысутнасці на Асамблеі прадстаўнікоў РПЦ. Ён запэўніў, што дэлегацыя РПЦ не будзе падвяргацца ніякай дыскрымінацыі. «РПЦ з’яўляецца паўнавартаснай часткай нашай супольнасці», – сказаў генеральны сакратар СРЦ. Саўка, каментуючы канфлікт ва Украіне і палітычную канфрантацыю Расіі і Захаду, заявіў, што «не можа быць і размовы аб якой-небудзь ізаляцыі» дэлегацыі РПЦ на асамблеі.

Іншы прадстаўнік адміністрацыі СРЦ Агнес Абуом заявіла, што пазіцыя СРЦ па гэтым пытанні адпавядае рашэнням цэнтральнага камітэта СРЦ. Гэтае рашэнне абвяшчае, што СРЦ — адкрытая пляцоўка для дыялогу ўсіх хрысціян.

«Трохі гісторыі: Руская Праваслаўная Царква выйшла з Канферэнцыі Еўрапейскіх Цэркваў, калі туды прынялі Эстонскую Апостальскую Праваслаўную Царкву. Калі ўпершыню паўстала пытанне па магчымасці ўключэння Праваслаўнай Царквы Украіны ў Сусветную Раду Цэркваў, была вялікая рызыка таго, што РПЦ заблакуе пытанне, пагражаючы тым, што з СРЦ выйдзе. Але сітуацыя змянілася. Калі паўстала пытанне аб выключэнні РПЦ з СРЦ, раптам чалецтва ў СРЦ для РПЦ стала надзвычай важным. Яны ўжо не маглі маніпуляваць тым, што выйдуць. Таму яны змірыліся і ніяк не блакуюць прысутнасць Праваслаўнай Царквы Украіны ў СРЦ і не выказваюць пратэсту. Яны зараз у слабой пазіцыі і не могуць нічога дыктаваць», — тлумачыць нежаданне СРЦ выключыць РПЦ беларускі публіцыст і багаслоў Наталля Васілевіч у сваім  акаўнце ў Facebook.

У Васілевіч ёсць і аптымістычны прагноз. «Трэба зразумець, што менавіта таму, што ідзе працэс па ўступленні ПЦУ (Праваслаўнай Царквы Украіны) у СРЦ, гэта таксама блакуе працэс выключэння РПЦ з СРЦ», — запэўнівае яна.

Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл пасля пачатку ваеннага ўварвання расійскіх войскаў ва Украіну падтрымаў агрэсію і назваў яе «метафізічнай вайной».

 

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі