«У Бога паверылі, а з царквой не выйшла» — Святар Якаў Кротаў пра інтэрнэт-прыхаджан

Публіцыст і блогер святар Якаў Кротаў у сваім акаўнце ў Facebook разважае пра «інтэрнэтных» святароў і вернікаў, змушаных з-за палітычных узрушэнняў апынуцца ў розных краінах.

«Вось адзін святар-эмігрант, даволі такі… не сціснуты архірэйскім наглядам… У маленькім мястэчку, дзе ён жыве, у яго прыхаджанаў няма. Затое ў інтэрнэце ў яго «прыход» з былых суайчыннікаў, якія з’ехалі і не якія з’ехалі. Менавіта прыход — ён служыць для іх літургію (і толькі для іх), а яны прымаюць Святое Прычасце ў патрэбны момант запаснымі дарамі, якія недзе дастаюць. Гэта ж амаль блюзьнерства. Ва ўсялякім разе, Царкву чалавек адмаўляе. Коўдра на сябе», — лічыць а. Кротаў.

«Наогул дыстанцыйныя зносіны — гэта  нармальна. Дзеля гэтага і пісьменнасць. Пасланні апостала Паўла — праца на выдалёнцы. Духоўнае кіраўніцтва па перапісцы — часам тысячамі людзей — квітнела ў XIX стагоддзі. Па меры псіхалагічнага сталення запатрабаванне ў сталым духоўным кіраўніцтве рэзка скарачаецца, вядома. Але вось удзел у таямніцы — зусім іншая справа. Пакуль ёсць сілы — трэба выпаўзаць, нагамі, каб бок аб бок. Не з тымі, каго бацюшка адабраў, а з любым, хто прыйдзе. Цялеснае, прасторавае суседства тут вельмі важнае. Гэта як шлюб па перапісцы — усё вырашаецца не ў лістах, а ў момант развіртуалізацыі. Можа і негатыўна вырашыцца», — тлумачыць сваю думку святар.

«Чалавецтва адзінае, межы ўмоўныя, а вось цялеснасць — не ўмоўная. Агульнасць духоўнага і інтэлектуальнага досведу важная, але агульнасць прасторы і часу таксама важная. Людзі, якія выраслі ў няволі, гэта дрэнна разумеюць, у іх (у нас) мала досведу sociales, сумеснага пражывання жыцця, таталітарызм кожнага змяшчае ў асобную колбу і сочыць, каб не высоўвалі носа. Так што людзі вырастаюць знявечанымі псіхалагічна, камунікацыйнымі імпатэнтамі. Пакутуюць і палітычныя здольнасці асобы, і рэлігійныя, царкоўныя. У Бога павераць, а супольна верыць і жыць Царквой — дрэнна атрымліваецца», — рэзюмуе а. Кротаў.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі