Біскуп Кашкевіч адкрыў новы сацыяльна-бытавы комплекс для маламаёмных у Гродне

3 верасня ў Гродне адкрыўся новы сацыяльна-бытавы комплекс для маламаёмных. Благаслаўленне новага будынку здзейсніў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі паведаміла, што на цырымоніі адкрыцця сабраліся жыхары горада, а таксама тыя, хто атрымлівае штодзённыя пасілкі, прыгатаваныя сёстрамі назарэтанкамі.

Дабрачыннае каталіцкае таварыства Caritas Гродзенскай дыяцэзіі ў супрацоўніцтве з сёстрамі Кангрэгацыі Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта (назарэтанкі) больш за 25 гадоў паспяхова рэалізуе дабрачынны праект, скіраваны на забеспячэнне людзей, якія знаходзяцца ў патрэбе, бясплатным гарачым харчаваннем.

З прывітальным словам перад прысутнымі выступіла начальнік упраўлення Гродзенскага гарвыканкама па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Ларыса Чэкель, якая выказала радасць з нагоды адкрыцця ў горадзе над Нёманам гэтага аб’екта, які мае важнае значэнне. Ад імя кіраўніцтва горада яна таксама выказала ўдзячнасць дабрачыннаму таварыству Caritas і сёстрам назарэтанкам за штодзённы клопат пра бедных і людзей без пастаяннага месца пражывання.

Са свайго боку біскуп Кашкевіч падзякаваў старшыні Гродзенскага гарвыканкама Мечыславу Гою за адкрытасць і дапамогу.

Іерарх пажадаў, каб Пан Бог заўсёды благаслаўляў і атуляў апекай гэтае месца і ўсіх, хто будзе прыходзіць у новы сацыяльна-бытавы комплекс.

Новы комплекс дае сацыяльна ўразлівым асобам магчымасць стварыць неабходныя ўмовы жыццядзейнасці. Гэта модульны будынак кантэйнернага тыпу плошчай 85 кв. метраў, які ўключае сталоўку, кухонныя і складскія памяшканні, пральню і душавую.

Дзякуючы новаму будынку будзе палепшана якасць паслугаў.

Створаны камфортныя ўмовы для наведвальнікаў.

У сталоўцы адначасова можа знаходзіцца 25 асоб. Былі павялічаны памяшканне для прыгатавання ежы, закуплена дадатковая тэхніка, што таксама палепшыць умовы для працы персаналу, які штодзённа гатуе больш за 100 бясплатных абедаў. З’явіліся дадатковыя памяшканні — душавая і пральня, дзякуючы чаму наведвальнікі змогуць не толькі атрымаць гарачае харчаванне, але і скарыстацца санітарнымі пакоямі.

Сatholic.by

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі