РПЦ фармальна асудзіла вайну на Асамблеі Рады Цэркваў

Совет церквей

Генеральная асамблея Сусветнай рады цэркваў прыняла дакумент з асуджэннем вайны ва Украіне і выказваннем салідарнасці з украінскім народам.

Дакумент быў прыняты з удзелам Рускай Праваслаўнай Царквы.

«Вайна ва Украіне. Цяпер, калі мы сустракаемся ў Карлсруэ, трагічным чынам мы з’яўляемся сведкамі вайны, якая прыводзіць Еўропу ў роспач. Думкі і малітвы ўсіх удзельнікаў 11-й Асамблеі СРЦ звернутыя да народа і краіны Украіны, а таксама да трагічных наступстваў, якія яны ўжо адчулі і працягваюць адчуваць пачынаючы з расійскага ўварвання 24 лютага 2022 года, у дадатак да ўсіх тых тысяч ахвяр, у тым ліку сярод цывільнага насельніцтва на ўсходзе краіны і сотняў тысяч уцекачоў і перамешчаных асоб, пачынаючы з 2014 года. Гэтыя шэсць месяцаў прынеслі 13 тысяч мірных ахвяр сярод украінцаў, а гарады, такія, як Марыупаль, былі разбураныя ўшчэнт. На дадзены момант каля 14 мільёнаў чалавек — амаль трэць усяго насельніцтва Украіны — былі вымушаныя пакінуць свой дом. Больш за тое, налічваецца вялікая колькасць паведамленняў аб зверствах, якія могуць быць кваліфікаваны як ваенныя злачынствы і злачынствы супраць чалавечнасці, у тым ліку, пра сексуальны і гендарны гвалт, а таксама пра значны рост уразлівасці перад гандлем людзьмі. Акрамя таго, мы вельмі занепакоеныя рызыкамі катастрафічных наступстваў у выніку нанясення шкоды Запарожскай АЭС у выніку ваенных дзеянняў у яе наваколлях, а таксама забеспячэннем бяспекі на месцы Чарнобыльскай катастрофы 1986 года», — гаворыцца ў заяве.

«Асамблея рашуча пацвярджае пазіцыю, выказаную Цэнтральным камітэтам, і асуджае гэтую незаконную вайну, якая не мае апраўдання. Як хрысціяне з розных частак свету, мы зноў заклікаем да неадкладнага спынення агню, каб спыніць смерці і разбурэнні, а таксама да дыялогу і перамоў для забеспячэння ўстойлівага міру. Прысутнасць прадстаўнікоў цэркваў з Украіны і рознанацыянальнай дэлегацыі Рускай Праваслаўнай Царквы, а таксама дэлегатаў і ўдзельнікаў цэркваў-чальцоў СРЦ і экуменічных партнёраў з іншых краін Еўропы і ўсіх рэгіёнаў свету стала практычнай магчымасцю для гэтай сустрэчы», — пераклала тэкст заявы ў сваім акаўнце ў  Facebook удзельніца Асамблеі, беларуская багаслоў Наталля Васілевіч.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі