Папа Францішак у Казахстане: дэмакратыя — найбольш прыдатная форма грамадскага ладу

13 верасня пасля поўдня Папа Францішак прыляцеў у Казахстан, дзе возьме ўдзел у Сёмым кангрэсе лідараў сусветных і традыцыйных рэлігій.

2022-09-14-Pope-and-Tokayev

Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, пасля прывітання Апостальскім нунцыем у Казахстане арцыбіскупам Фрэнсісам Чулікатам Святы Айцец праехаў у прыёмную залу аэрапорта, дзе яго чакаў прэзідэнт Касым-Жамарт Такаеў, прадстаўнікі ўладаў, а таксама каталіцкія біскупы, якія служаць у гэтай краіны: арцыбіскуп Томаш Пэта з Астаны, старшыня Канферэнцыі Біскупаў Цэнтральнай Азіі біскуп Хасэ Луіс Мумб’ела С’ера з Алматы, а таксама айцец Васыль Гавэра, Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў у Казахстане і Цэнтральнай Азіі. Дзеці ў традыцыйных строях уручылі Пантыфіку кветкі. У VIP-зале аэрапорта Папа правёў кароткую размову з кіраўніком дзяржавы.

Потым Святы Айцец скіраваўся ў Прэзідэнцкі палац у Нур-Султане, каб нанесці візіт ветлівасці прэзідэнту, а потым звярнуцца да прадстаўнікоў уладаў, грамадзянскай супольнасці і дыпламатычнага корпуса ў канцэртнай зале «Казахстан». У скіраванай да іх прамове Папа Францішак падкрэсліў, што сёння свет мае тэрміновую патрэбу ў дыялогу, адзінстве і аднаўленні гармоніі.

Святы Айцец нагадаў словы свайго папярэдніка святога Яна Паўла ІІ, які казаў, што Казахстан з’яўляецца «зямлёй мучанікаў і вернікаў, зямлёй дэпартаваных і герояў, зямлёй мысляроў і мастакоў».

«Як не ўзгадаць, у прыватнасці, лагеры для зняволеных і масавыя дэпартацыі, прыгнёт столькіх народаў, сведкамі чаго сталі гарады і бязмежныя стэпы гэтых земляў?» — зазначыў Папа Францішак.

На яго думку, менавіта «памяць пра перажытыя пакуты і выпрабаванні з’яўляецца неабходным багажом, каб ісці насустрач будучыні, ставячы на першае месца годнасць чалавека, кожнага чалавека, і кожнай этнічнай, сацыяльнай і рэлігійнай групы».

Прывёўшы ў якасці прыкладу казахскі народны інструмент домбру, на якой іграюць, зашчыпваючы дзве струны, Святы Айцец дадаў, што «таксама і Казахстан характарызуе здольнасць рухацца наперад, ствараючы гармонію паміж „дзвюмя паралельнымі струнамі“: суровыя маразы зімой і спякотнае лета; традыцыя і прагрэс» <…>. Але, у першую чаргу, у гэтай краіне гучаць мелодыі двух душаў — азіяцкай і еўрапейскай», — заўважыў пастыр паўсюднага Касцёла.

Папа выступіў у падтрымку «разумнай свецкасці, якая прызнае каштоўную і незаменную ролю рэлігіі і супрацьстаіць экстрэмізму», «спрыяе развіццю пачуцця прыналежнасці да дзяржавы ў кожнага этнічнага, моўнага, культурнага і рэлігійнага кампанента».

Ён адзначыў, што «рэлігіям неабходна свабода слова, таму што яны адыгрываюць незаменную ролю ў пошуку Абсалюту і сведчанні аб Ім». Менавіта «рэлігійная свабода — лепшае асяроддзе для фармавання грамадзянскай супольнасці», — падкрэсліў Панітыфік.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі