У саборы Юравіцкага манастыра пасля 15-гадовай рэстаўрацыі прайшло першае богаслужэнне

В Юровічах

У Тураўскай епархіі 12-13 верасня праійшлі ўрачыстасці ў гонар адной з галоўных святынь Палескага краю — абраза Прасвятой Багародзіцы «Юравіцкая-Міласэрная».

12 верасня прайшоў штогадовы Крыжовы ход з кафедральнага сабора святога Арханёла Міхаіла ў Мазыры ў Юравіцкі Раство-Багародзічны мужчынскі манастыр.

13 верасня ў Юравіцкай абіцелі адбылося ўрачыстае богаслужэнне. Першую Боскую літургію пасля 15-гадовай рэстаўрацыі ў саборы Нараджэння Прасвятой Багародзіцы Юравіцкага Раства-Багародзічнага мужчынскага манастыра ўзначаліў епіскап Тураўскі і Мазырскі Леанід.

Гісторыя манастыра цесна звязана з абразом Божай Маці «Юравіцкай-Міласэрнай». Па паданні, манаху, які спыніўся на адпачынак у Юравічах падчас вандроўкі з місіянерскай дзейнасцю, з’явілася Багародзіца і загадала пакінуць у мястэчку абраз, які ён вазіў з сабой. Так тут спачатку быў узведзены драўляны, а пасля мураваны храм.

Храм у гонар Раства Прасвятой Багародзіцы — адзін з найбуйнейшых у Гомельскай вобласці — быў пабудаваны ў 1746 годзе. Пры манастыры дзейнічалі школа, бібліятэка, працаваў школьны тэатр. У 1930-я гады манастыр быў зачынены. У 1950 годзе будынкі манастырскага комплексу перадалі дзіцячаму дому для далейшага пераабсталявання ў жылыя памяшканні. Да 1960-х гадоў будынак храма застаўся некранутым. У 1960-1970-я гады ХХ стагоддзя сцены храма былі часткова разабраны мясцовымі жыхарамі для будаўніцтва дапаможных памяшканняў. У 1980-я гады на тэрыторыі манастыра размяшчалася бальніца, якую ў 1989 годзе зачынілі. Рэстаўрацыя манастырскага комплекса пачалася ў 2007 годзе. У нашы дні комплекс манастыра ўключаны ў «Залатое кальцо Гомельшчыны».

Счарнелы ад часу старажытны абраз Маці Божай Юравіцкай, якая больш за 350 гадоў была нябеснай заступніцай усяго Мазырскага Палесся, выпадкова быў здабыты ў Юравічах, у склепе разбуранага ў гады кіравання Хрушчова манастыра. 13 верасня 2006 года, пасля экспертных і рэстаўрацыйных работ, ікона крыжовым ходам з Мазыра была дастаўлена ў Юравіцкі Раство-Багародзіцкі манастыр, нагадвае  сайт БПЦ.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі