Чаму мяне не хвалюе, калі паляць крыжы

На Купалле ў Гомелі на афіцыйным мерапрыемствы быў дэманстратыўна спалены крыж. Я не ведаю, што мелі на ўвазе арганізатары, але гэта выглядала як сымбаль перамогі паганства над хрысціянствам. Гэтае дзеянне не выклікала ў мяне вялікіх эмоцый. Мяне нават гэта трошкі развесяліла, бо я ўзгадаў словы аднаго п’янага паганца, які прызнаўся ў сваёй нелюбові да пратэстантаў выразам «яны паляць нашыя капішчы». Камічнасць сітуацыі заключаецца ў тым, што гэта сапраўды так. Каб у нас было шмат капішчаў і шмат вернікаў, то гэтыя культавыя месцы палыхалі б як запалкі.

Куды дзелася татальнае захапленне паганствам у нашай інтэлегенцыі? Усё абмежавалася выхадам часопіса Архэ і выступам аднаго гісторыка, які абвінаваціў хрысціянства ва ўтварэнні нацызму і сталінізму. Варта сказаць, што мода на паганства прайшла. Чаму?

Адказ просты. Паганства не мае інтэлектуальнай моцы. Калі спалены хрысціянскі крыж, то ён будзе адноўлены, бо ёсць людзі, якія дасканала ведаюць, што ён азначае, які ў ім сэнс. Духоўны сэнс паганскіх сімвалаў – гэта культ Карго. Нешта ў свой час мела свой вынік, а пасля стала часткай рэлігійнай традыцыі. Там няма ніякай глыбіні. Паганскі рытуал гэта імітацыя не больш за тое. Таму варта сказаць, што хрышчэнне, напрыклад, нашых зямель прайшло адносна мірна, бо не было нікога, хто мог бы патлумачыць народу чаму старыя рэлігійныя практыкі важны. Хутчэй за ўсё самі славяне забыліся на іх сутнасць і сэнс.

Можна задацца пытаннем а як жа вялікая антычная інтэлектуальная традыцыя, якая сфармавалася ў старажытнай Грэцыі? Справа ў тым, што вялікая філасофская традыцыя Грэцыі сфармавалася не дзякуючы паганству, а насуперак яму. На якія пытанні мусіла адказаць антычная думка? Па сутнасці справай тагачасных філосафаў стала знайсці першааснову, інтэлектуальны фундамент ва ўмовах рэлігійнага хаосу антычнага свету. Грэцкая думка паступова ішла да разумення адзінага Бога і прыйшла да яго ў асобе Сакрата. Сімптаматычна, што менавіта яго і пакаралі смерцю за «бязбожжа» неадукаваныя афіняне. Абвінавачванні высоўваліся і супраць Арыстоцеля. Закончылася антычная філасофія ў часы, калі грэкі знайшлі адзінага Бога.

67448321_2357797127600407_4991828578749382656_n

Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info

25 ліпеня 2019 | Блогі | Тэгі: , ,



Блогі