50 год пасля Шасцідзённай вайны

Soldiers_Western_Wall_1967

Чым гэтая вайна запомнілася мне?

Вайну 1948 г., калі Ізраіль адстаяў права на жыццё, я з вядомых прычын не памятаў, а ў савецкіх кніжках пра тое, як ізраільцяне перамаглі сваіх агрэсіўных суседзяў, прачытаць было нельга. Вайну 1956 г. (аперацыя «Кадэш»), як і Венгерскае нацыянальнае паўстанне, якое адбывалася ў тыя самыя дні, я памятаў кепска (мне было 8 год). Толькі дзве рэчы ўрэзаліся ў памяць: як людзі у нас у Заходняй кінуліся купляць запалкі, мыла і газу і як людзі спадзяваліся, што прыйдуць амерыканцы і… (Гэтыя спадзяванні паўтарыліся і ў 1962-м, падчас Карыбскага крызісу.)

Як і я, мае равеснікі пра адну вайну нічога не ведалі, а пра другую ведалі мала. У прыватнасці, не афішавалася, што Штаты «здалі» Вялікабрытанію, Францыю ды Ізраіль. Нацыяналізацыя Суэцкага канала падносілася як перамога антыімперыялістычных сіл, а спыненне вайны — як поспех савецкай дыпламатыі…

Мабыць, і з тае прычыны, што Штаты і СССР змусілі Ізраіль адступіць, мае равеснікі лічылі, што жыды (слова было звыйчайнае, бытавое) не ўмеюць ваяваць. А яшчэ быў і няяўны, падступны антысемітызм афіцыйных колаў. Даводзілася чуць, што жыды страляюць з-за вугла з вінтовак з крывымі рулямі. Такая вось сатыра ўзводзілася ў той час на ізраільцянаў і на ўсіх патомкаў Якава-Ізраіля. І дарма я — чалавек кніжны — спрабаваў аспрэчыць гэтыя сцвярджэнні, спасылаючыся на тое, што больш за сто габрэяў былі Героямі Савецкага Саюза, а некаторыя і двойчы.

Шасцідзённая вайна змусіла «сатырыкаў» прыкусіць языкі. Пра крывыя рулі ўжо ніхто не згадваў. Канчаткова спыніліся размовы пра труслівасць жыдоў адразу пасля вайны Суднага дня (1973). Я дык, напрыклад, быў злы на амерыканцаў, што не далі Арыэлю Шарону і ягоным танкістам дайсці да Каіра і ўзняць над горадам сцяг перамогі. Змог бы Арыэль. І змаглі б ягоныя салдаты. Але, з другога боку, навошта ім патрэбен быў той Егіпет? Лішняя нагрузка на бюджэт, на грамадзян Ізраіля. Гэта пазней я зразумеў, што эвакуацыя войска — таксама складаная і дарагая аперацыя.

Што ізраільцяне, жыды ўяўляюць сілу, якую Савецкаму Саюзу нельга адолець, можна было зразумець па той шалёнай антысеміцкай кампаніі, якая пад выглядам барацьбы з сіянізмам пачалася ў СССР у дні Шасцідзённай вайны і працягвалася да «перабудовы». На гэты раз я не мог зразумець, што кепскага ў жаданні жыдоў ехаць у Ізраіль. «Ехалі ж тутэйшыя палякі і проста католікі ў Польскую Народную Рэспубліку, агітавала ж савецкая ўлада нашых эмігрантаў вяртацца ў БССР… Чаму яўрэям нельга ехаць у Ізраіль?» — спытаўся я ў аднаго функцыянера. «Ты задаеш надта шмат пытанняў», — быў адказ.

Праз 50 гадоў пасля Шасцідзённай вайны ўжо ніхто не задае тыя пытанні, якія задаваў я, малады і цікаўны.

Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info

сідарэвіч

Беларускі гісторык, палітолаг, філосаф. Адзін з ініцыятараў адраджэння сацыял-дэмакратычнага руху на Беларусі. Старшыня БСДП у 2010-2011 гадах.




Блогі