Аб мудрасці для прыгожых

Dore_Solomon_ProverbsКожны чалавек унікальны, бо кожнага з нас Бог стварыў адметным. Хтосьці — прыгожы, а хтосьці — разумны. Аднак, Слова Божае пераконвае ў тым, што “прыгожы» не можа мець прэтэнзіі да Бога, што яму дастаўся не той дар, які б ён хацеў атрымаць, бо разумным можа быць кожны. Безумоўна, не ўсе маюць аднолькавыя шанцы ў гэтым свеце на атрыманне добрай адукацыі і на асабістае інтэлектуальнае развіццё, але ўсе маюць аднолькавыя шанцы напоўніцца мудрасцю Божай.

Кніга Прыпавесцяў Саламона тлумачыць: “Мудрасць збудавала дом свой і вычасала сем калонаў яго, забіла тое, што было на зарэз, змяшала віно сваё і стол падрыхтавала. Выслала служанак сваіх і кліча з вяршынь узвышшаў горада: Хто просты, няхай прыйдзе сюды” (Прып 9,1-4).

Згодна з логікай прыпавесці, Мудрасць сама прапаноўвае напоўніцца яе дарамі тым, каму іх не стае, яе нават не трэба прасіць. Каб набрацца дароў Мудрасці, чалавек не мусіць мець якія-кольвечы сродкі, але ж дастаткова, што будзе мець сваё жаданне атрымаць і прыслухацца да яе парад. “Неразумнаму яна сказала: Хадзіце, ешце хлеб мой, піце віно, якое змяшала. Адкіньце глупства і будзеце жыць, хадзіце шляхам розуму” (Прып 9, 5-6).

Інакш кажучы, неразумны не таму неразумны, што яго Бог такім стварыў, але таму, што ён сам не хоча адкінуць свае глупства і стаць на шлях розуму.

А значыць, быць “разумным” ці “прыгожым» у гэтым свеце — гэта, у нейкай ступені, выбар кожнага з нас.

У залежнасці ад таго, як будзем паступаць, такімі мы і будзем. “Глядзіце дакладна, браты, як паступаеце, не як неразумныя, а як мудрыя” (Эф 5,15). Так кажа Апостал Павел, і калі б было наадварот, ці казаў бы Павел аб сваёй перасцярозе?

Сапраўды, што ж гэта за мудрасць была б, калі б яна дазваляла чалавеку паступаць неразумна? А паступаючы мудра, чалавек і становіцца мудрым. І гэта не ёсць перакручванне слоў. Апостал Павел дадае: “…Не будзьце ж неразважнымі, але пазнавайце, што ёсць воляй Пана” (Эф 5,16).

Той, хто жыве і паступае згодна з воляй Усявышняга, той і ёсць мудрым. А воля Ўсявышняга, каб мы напаўняліся Хрыстом. Няма мудрасці большай чым прыслухацца да слоў Хрыста, які кажа: “Хто есць Маё цела і п’е Маю кроў, мае жыццё вечнае, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень”(Ян 6,54).

Вось вам і мудрасць, якая надае сэнс людской экзістэнцыі. А як зямное жыццё чалавека будзе мець сапраўдны сэнс, то шчасце непазбежна дадасца.

Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info

61819164_2295799904079742_659389346654191616_n

Каталіцкі святар, пробашч у Расонах

19 жніўня 2018 | Блогі | Тэгі:



Блогі