Аднаполым парам у спорце быць?

Аднаполае фігурнае катаннеПамятаю, у самым глыбокім дзяцінстве любіў глядзець фігурнае катанне. У падтрымках, кульбітах і акрабатычных труках разумеў не шмат. Цікава было проста з-за таго, каму якую адзнаку паставяць. Тады яшчэ, здаецца, ставілі ад кожнага суддзі па дзве адзнакі: за тэхніку і за артыстызм да 6.0 ўключна. Часта гледачы і каментатары абураліся несправядлівасцю і перадузятасьцю ацэнак суддзяў, якія прадстаўлялі тую ці іншую краіну. У нейкі момант, здаецца, сістэму ацэньвання цалкам памянялі. Уключыўшы сёння спаборніцтвы па фігурным катанні не ўбачыў звыклых 6.0 і суддзяў. Ацэнкі набягаюць неяк аўтаматычна ўжо ў самім працэсе катання пары. А звыклыя 6.0 перавандравалі ў відовішчныя праграмы тыпу “Зоркі на лёдзе”, дзе суб’ектыўнасць суддзяў квітнее ва ўсёй красе. І гэта становіцца нават пэўнай фішкай дадзеных праграм. Зрэшты, зараз пост не пра ўсё гэта.

Чаму да гэтага часу няма аднаполых танцавальных пар на афіцыйных спаборніцтвах?

Ўспрыманне фігурнага катання за гады памянялася. У сістэме ацэньвання перастаў разбірацца зусім – проста лянота, шчыра кажучы. Цяпер больш звяртаю ўвагу на эмоцыі пары, на іх узаемадзеянне адзін з адным, трошкі на тэхнічныя элементы, у меру свайго разумення. І самае галоўнае, што катаюцца і ўзаемадзейнічаюць на лёдзе менавіта дзве розныя сутнасці – мужчынская і жаночая. Адна больш цвёрдая і магутная, другая больш лёгкая, далікатная, падатная – у самым прамым сэнсе слова, бо дзяўчыну можна падкінуць, зрабіць эфектную падтрымку, паказаць запал і пяшчоту ў танцы. І тут жа спаймаў сябе на думцы – калі ўвесь свет так занепакоены праблемай роўнасці мужчын і жанчын, чаму да гэтага часу няма аднаполых танцавальных пар на афіцыйных спаборніцтвах? Для мяне, як хрысціяніна і чалавека з традыцыйнымі жыццёвымі ўстаноўкамі ў пытаннях полу, адказ відавочны – у такім спорце і мастацтве ўвесь яго галоўны сэнс проста згубіўся б. Так, магчыма, калі на лёдзе будуць два мужчыны – можна будзе зрабіць больш тэхнічна складаныя прыёмы (хоць таксама не відавочна). Але відовішчнасць, эмацыйны пасыл будзе зусім іншым, больш бедным.

Трошкі пагугліўшы, знайшоў, што такія аднаполыя спаборніцтвы праводзяцца, прычым рэгулярна і даволі даўно. Першыя Гей-гульні былі арганізаваны ў 1982 годзе ў Сан-Францыска і сабралі 1350 удзельнікаў. З кожным годам колькасць спартсменаў, якія прымалі ўдзел у спаборніцтвах, расло і на апошняй Гей-Алімпіядзе склала 12000. Дзякуй Богу такія гульні не знаходзяць падтрымкі ў Алімпійскага камітэта. Магчыма, гэта справа толькі часу. Але хочацца верыць, што традыцыйныя віды, дзе спалучаюцца мужнасць і жаноцкасць мы ўсё ж такі будзем працягваць глядзець і атрымліваць асалоду ад іх.

Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info

kuksachev

Тэолаг-рэлігіязнаўца, муж, бацька двух сыноў

02 лютага 2015 | Блогі | Тэгі:



Блогі