“Беспрацоўе” і “Жабрацтва” – новыя назвы гарэлкі

12277У Беларусі ёсць розныя групы людзей, якія імкнуцца весці барацьбу з алкагалізмам. Адны праводзяць прафілактычныя размовы з падлеткамі, другія – з дарослымі, якія шмат ужываюць спіртных напояў, а немалая частка насельніцтва стараецца як мага больш выпіць і віна, і гарэлкі, каб іншым менш засталося.

Да такіх дзеянняў іх падштурхоўваюць гандляры і вытворцы гэтай атруты. Па звестках БелаПАН, у Беларусі з’явілася больш рэкламы, якая падштурхоўвае пакупнікоў набываць алкагольныя напоі.

Міністэрствам гандлю ў мінулым месяцы праводзілася праверка аб’ектаў гандлю і грамадскага харчавання Беларусі. У 130 з іх выяўлены парушэнні.

Першы намеснік міністра гандлю Артур Карповіч адзначае, што часцей стала з’яўляцца рэклама алкагольных напояў і піва, якая стымулюе да набыцця гэтай прадукцыі. Такія парушэнні сустракаюцца як у невялікіх крамах, так і ў аб’ектах буйных гандлёвых сетак.

Вінаватым службовым асобам пагражаюць штрафы да 100 базавых велічынь, перадае БелаПАН.

Але ж у Беларусі ёсць нямала грамадскіх арганізацый і партый, якія праводзяць розныя мерапрыемствы, каб краіна саступіла першынство ў свеце па колькасці ўжывання алкаголю на душу насельніцтва. Напрыклад, па ўсёй краіне сябры і прыхільнікі партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя збіраюць подпісы пад зваротамі ў Міністэрствы гандлю, аховы здароўя і адукцыі, Палату прадстаўнікоў і Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь, каб праз змяненне заканадаўства падштурхнуць грамадзян весці цвярозы лад жыцця.

Некаторыя пытаюць: навошта гэта ім? Усе дарослыя людзі самі павінны вырашаць піць ім або не.

Адказ просты: сапраўдны беларус не можа быць абыякавым да гора і болю іншых людзей. Алкагалізм – гэта цяжкая хвароба таго, хто п’е, і вялікае гора для сям’і алкаголіка.

А яшчэ, сапраўдны беларус не можа дадумацца да таго, каб у назвах гэтага брыдкага пойла прысутнічала назва нашай краіны ці гістарычных месцаў дзяржавы.

Прапаную такія назвы на этыкетках гарэлкі: “Забойца”, “Белая гарачка”, “Шлях да турмы”, “Труна на парозе”, “Дзеці – вон з хаты!”, “Беспрацоўе”, “Жабрацтва”, “Хутка памінкі”.

Калі ласка, прадоўжыце спіс самі і дашліце на электронную скрыню vitebskby68@mail.ru. Вашы прапановы дашлем ў Міністэрства гандлю.

Алёна Шабуня

 

Артыкулы рубрыкі “Меркаванне” могуць не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі Крыніца.INFO. Даслаць сваё меркаванне можна на slovaby@gmail.com.

Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info

shabunja

Журналіст, грамадская актывістка

10 верасня 2014 | Блогі | Тэгі:



Блогі