Бескампрамісная Беларусь

ТкачукКампраміс – метад вырашэння канфлікту, супольнае рашэнне бакоў. Калісьці кардынал Ратцынгер, а сёння папа на пенсіі Бэнэдыкт XVI, пісаў у адной са сваіх кніг аб палітыцы: “У палітычных справах не безкампраміснасць, але кампраміс з’яўляецца сапраўднай маральнасцю”. У Беларусі ж, падаецца, няма ні аднаго, ні другога. У нас ёсць нешта кшталту згодніцтва. Усе проста пагадзіліся на пэўны стан рэчаў “абы ні было вайны”, але існуюць пытанні, на якія нашае грамадства павінна будзе адказаць. Пытанні кшталту выбару шляху развіцця гаспадаркі, палітычнай мадэлі, геапалітычнага кірунку і г.д.

Сёлета ў сакавіку-красавіку BISS праводзіў сацыялагічнае даследаванне, якое паказала, што 75,6% беларусаў лічаць рэформы ў той ці іншай мера неабходнымі. Аднак цярпець негатыўныя наступствы рэформаў адназначна гатовыя толькі 15,3% грамадзян, а “хутчэй гатовыя” – 35,8%. Што ж датычыцца матывацыі, дык дзеля дабрабыту сваіх дзяцей 53,7% людзей гатовыя цярпець бліжэйшыя 5-7 гадоў, аднак 47,8% рэспандэнтаў разлічваюць на высокі ўзровень жыцця для сябе таксама.

Як бачым, вынікі апытання ясна паказваюць, што наша грамадства як бы адмахваецца ад вырашэння гэтых самых агульнаграмадскіх праблемаў. Ёсць, напэўна, толькі адзін кампраміс – не шукаць капрамісу і заставіць усё так, як ёсць. Напрыклад, вайна ва Украіне паказвае, што беларусы не выпрацавалі агульнага бачання гэтага пытання. Палітычныя рашэнні нагадваюць штосьці кшталту “мы радуемся з тымі, хто радуецца, плачам з тымі, хто плача” (Рым, 12, 14). Ды толькі гэта не тое, пра што нам кажа Біблія. Мы проста выкарыстоўваем, як сказаў намеснік міністра сельскай гаспадаркі і прамысловасці Леанід Марыніч, “наш Кландайк”. Вось і ўся маральнасць і кампраміс.

Перад хрысціянамі і, асаблівым чынам, маімі дарагімі каталікамі стаіць задача, якую паставіў калісьці св.Яна Павел ІІ: “патрабаваць ад сябе нават тады, калі іншыя гэтага не патрабуюць”. А таму Касцёлу дый усім хрысціянам разам узятым варта падымаць пытанні, якія ніхто не хоча падымаць. Бо кампраміс не мусіць цалкам задаволіць усіх, але „накіраваць грамадства ў добрым супольным кірунку” (энцыкліка Evangelium Vitae).

 

Арцём Ткачук

 

Артыкулы рубрыкі “Меркаванне” могуць не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі Крыніца.INFO. Даслаць сваё меркаванне можна на slovaby@gmail.com.

Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info

08 жніўня 2014 | Блогі | Тэгі:



Блогі