Бо я люблю Цябе

15128744_703425479822358_949005334_n-1

Чарговая размова з Табой – гэта вялікая мука. Бо Тваё маўчанне і адсутнасць пужаюць мяне. А калісьці зразумелыя рэчы разлятаюцца на пазл, які я ніяк не магу сабраць. Але я ўсё адно буду працягваць грукаць, хоць Ты і не адчыняеш. Бо я люблю Цябе.

Я ўсё адно буду працягваць несці адказнасць за тых, каго Ты мне даручыў, нават калі яны з асалодай прабіваюць маё сэрца дзідай і плююць у след. Але Ты чамусьці  давяраеш мне апеку над імі. Напэўна, таму, што я люблю Цябе.

Я ўсё адно буду працягваць верыць Твайму Слову, хоць Ты і не спяшаешся выконваць абяцанае. Праз гэта я буду ўпадаць у роспач, падаць і наракаць. Але я не буду пераставаць верыць Табе. Бо я люблю Цябе.

Ты забраў у мяне ўсё тое, што некалі даў. Цяпер я як сляпое кацяня, якое ніяк не можа знайсці выйсце з лабірынту. Але я буду служыць Табе нават без зброі, але са спадзяваннем, што Ты дасі мне аднойчы Свае Вочы… Бо я люблю Цябе.

Я не магу патлумачыць тыя з’явы, якія зараз адбываюцца ў маім жыцці. Я дзіка крычу ад болю і крыўды, бо Ты дазваляеш злому валадарыць нада мной. І я хачу скаціцца да дна, бо, думаю, што Табе ўсё адно, інакш бы Ты не пакідаў мяне. Зрэшты, мне надакучыла ў соты раз падаць і ў такі ж раз падымацца. І хаця б раз я хачу, зламанай, ляжаць у брудзе і назіраць за тым, як увесь жыццёвы боль праходзіць міма мяне. Але я ведаю, што заўтра Тваё суцяшэнне суцішыць хвалю маіх глупых эмоцый. І я зноўку буду павольна падымацца, бо інакш не магу, бо я люблю Цябе.

Церне раніць мае стопы да крыві. Але я ўсё адно буду працягваць ісці за Табой. І зноўку ўвесь час я буду хацець скінуць Твой Крыж, перапыніць хаду і заблукаць дзесьці ў невядомых мясцінах. Але ведаю, што пасля скітанняў я ўсё адно вярнуся. Бо я люблю Цябе.

Мая душа – нібыта  поле, па якім едуць танкі, калі я іду насуперак Тваёй Волі. І як бы мне ні было цяжка, я прымаю Твой незразумелы мне план на ўласнае жыццё. Бо я люблю Цябе.

Зараз Ты бязлітасна выпрабоўваеш мяне. Ты забраў усялякае пачуццё любові да бліжняга, а колькасць ахвярных справаў павялічыў. У глыбіні душы я ведаю, што толькі так Ты зможаш пашырыць межы майго сэрца. Толькі калі я нічога не адчуваю, але раблю, маё сэрца становіцца шырэйшым. І толькі Ты ведаеш, як мне патрэбны натхненне, запал і адчуванні. І толькі Ты, Які ўсё гэта забраў, разумееш, як цяжка столькі часу ісці па пустыні, у якой нідзе не бачна аазісу.

Але я люблю Цябе. І гэта ўжо не адчуванне, але веданне, якое дае мне сілы пасярод цемры застацца вернай Табе. І з усіх сілаў я буду намагацца застацца вернай Табе да канца. Бо я люблю Цябе.

Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info

vika_11

грэка-каталічка, журналістка, старшыня Супольнасці хрысціянскіх журналістаў і блогераў, магістар філалогіі

17 лістапада 2016 | Блогі | Тэгі: ,



Блогі