Бог не прамаўляе да рабоў

1018316866

Бог прамаўляе да сваіх дзяцей, іх хоча рабіць шчаслівымі і свабоднымі.

Слова Божае, якое скіравана да народу абранага ў кнізе Другазаконня і агучанае Майсеем, ясна дае зразумець: Бог хоча ашчаслівіць чалавека тут і цяпер. Хоча, каб чалавек жыў у краіне, вобраз якой кожны няхай сабе і па-рознаму ўяўляе, але асабістае шчасце, пра якое мроіцца, ёсць тым, што прыводзіць усе ўяўленні да адной роўніцы.

І нашыя мроі пра краіну шчасця не пазастануцца выключна толькі мроямі, але ж ажыццявяцца і стануцца рэальнасцю, калі з свайго боку мы выканаем умову, пастаўленую Богам, – будзем жыць па закону, аўтарам якога ёсць сам Бог.

“Цяпер, Ізраэль, слухай пастановы і законы, якія я вучу вас выконваць, каб жылі вы, і ўвайшлі, і атрымалі ў спадчыну зямлю, якую дае вам Пан, Бог айцоў вашых” (Дрг 4, 1-2), — кажа Майсей, безапеляцыйна сцвярджаючы, што паслухмянасць Богу ёсць абавязковай умовай атрымання ў спадчыну “абяцанай зямлі».

Аднак ясны рэцэпт на асягненне шчасця няпросты да выканання ў зямным жыцці.

Чалавеку перашкаджае ягоны досвед, які праяўляецца ў баласце прызвычанняў і натоптаных сцежак. Людская традыцыя, якая, як меч над галавой, вісіць над малавернымі ў выглядзе пытання: “а што скажуць людзі?” Гучыць яно акурат тады, калі трэба выхіліцца, выйсці з натоўпу і праявіць сябе як чалавека, у якога прыярытэтным арыентырым на раздарожжы маральнага выбару ёсць выкананне Закону Бога.

Калі ж прыярытэты іншыя, то якія б адносіны чалавек з Богам не выбудоўваў, ён раней ці пазней, але непазбежна ў свой адрас пачуе словы: “вы пакінулі запаведзь Божую, а трымаецеся чалавечай традыцыі” (Мк 7,8). Імі Хрыстос падсумаваў прывязанасць Ізраіля да знешняй формы рэлігійнасці, якая праяўлялася ў рытуальных ачышчэннях і прывяла да зняволенасці.

А Бог, дзякуючы рэлігіі, хацеў вызваліць Ізраіль з рабства. Дзякуючы Сваім прыказанням, хацеў залажыць незнішчальныя фундаменты агульнага ўтульнага дома, які павінен быў выбудоўвацца ўсім народам ў выглядзе дзяржавы для кожнага з ізраэльцаў.

Таму захапляецца Майсей веліччу свайго народа і дзейнасцю Бога, кажучы: “Ці ж ёсць іншы вялікі народ, які б меў такія справядлівыя пастановы і законы, як ўвесь Закон гэты, што я сёння даю вам?” (Дрг 4,8).

Бог выбудоўваў з Ізраілем унікальныя і трывалыя адносіны, такія ж адносіны Ён жадае мець і з сучасным чалавекам.

Аднак, і надалей у гэтым суіснаванні Бога і чалавека няма месца для нявернасці і фальшывасці.

Бог не талеруе фальшывай рэлігійнасці, прадстаўнікамі якой былі фарысеі, і Бог не згаджаецца на існаванне іншых аўтарытэтаў чалавека, апрача Яго самога, бо Ён Бог і няма іншага.

І так, як у часы Старога Запавету, Богу не даспадобы былі ідалы, так сёння, думаю, Бог ніколі не ўспрыме імкненні чалавека знайсці прыхільнасць у вачах тых ці іншых ідэолагаў. Як у часы Ісуса Навіна перад Ізраілем стаяла пытанне: “Калі вам здаецца кепскім служыць Пану, то зрабіце сёння выбар, каму хочаце служыць: ці багам, якім служылі продкі вашыя, будучы на другім баку Ракі; ці багам амарэяў, на зямлі якіх жывяце” (Нав 24,15-17). Так, сёння хрысціянін не можа думаць, што на ўсялякі выпадак прыярытэтным ёсць дагадзіць ідэолагам, бо за імі стаіць моц дзяржаўнай улады.

Зрэшты, калі чалавек ідзе на такую, няхай сабе, можа, і малую здраду, а нават калі сціскае фігу ў кішэні, але пры гэтым, прымаючы рашэнні, азіраецца на такіх вось звершнікаў ідэалогій, ці не з’яўляецца ён яшчэ сам нявольнікам сваіх страхаў ці зямных інтарэсаў?

А Бог не прамаўляе да рабоў.

Бог дазваляе толькі таму ўвайсці ў “зямлю абяцаную», хто паверыў і даверыўся Яму і жыве па Ягоных Законах.

Малюся, каб мы як народ пачалі жыць па Законе Бога, каб і пра наш народ кожны мог сказаць: “гэты народ мудры і разумны, ён вялікі народ” (Дрг 4,6).

Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info

Барок

Каталіцкі святар, пробашч у Расонах

03 верасня 2018 | Блогі | Тэгі:



Блогі