Бог, як і мы, ў плоці, у скрусе, пакуце

Нараджэнне ХрыстоваІгумен Нікан (Вараб’ёў) у адной з гутарак сказаў, што мы павінны пастарацца «сустрэць Раство Хрыстова не цялесна, не уборкай жылля, не пірагамі і закускамі, а духам і ісцінай». У цяперашні час сэнс свята сапраўды часам губляецца за звыклымі словамі «калядныя канікулы», «калядныя зніжкі», «калядныя падарункі» і г.д. Слова «Каляды» гучыць, а акцэнты расстаўленыя зусім на іншым. І да Божага Нараджэння гэтыя «калядныя» сімвалы зусім не маюць дачынення або вельмі апасродкаванае. А ці варта над гэтым ламаць галаву, калі на калядныя вакацыі мы накуплялі па калядных зніжках усялякага рознага сабе, ды яшчэ і калядныя падарункі падорым блізкім і дарагім? Але задумацца варта, калі мы яшчэ называем сябе хрысціянамі, калі за гэтым імем для нас стаіць нешта большае, чым проста прыналежнасць да адной з сусветных рэлігій, калі Евангелле для нас – Слова Божае, якое навучае жыць у Хрысце.
Раство Хрыстова, ўцелаўленне, адкрывае нам “вялікую набожнасці тайну”. Раскрываецца зусім недасягальная розуму таямніца пра Бога і пра чалавека. «Але толькі Бог мог адкрыцца чалавеку, якім Ён адкрыўся ў Растве Хрыстовым: Бог стаў адным з нас. Але не ў славе, а ў немачы; бездапаможным і бяздольным; прыступным і як быццам пераможаным; пагарджаным усімі, хто верыць толькі ў сілу і ў зямную веліч. У гэтую  ноч, калі Бог стаў чалавекам, калі Сам Жывы Бог жыў целам сярод нас на зямлі, Ён далучыўся да самай цяжкай чалавечай бяздольнасці» – кажа мітрапаліт Антоній Суражскі. Для чаго ж? Бог прыходзіць выратаваць нас ад жаху нашага жыцця, якое ёсць грэх. А грэх – гэта жыццё без Бога, жыццё па-за Богам. Хрыстос прыходзіць вярнуць нам сапраўднае жыццё. Ён верыць у кожнага з нас, знявечаных грахом, верыць у нашым падзенні і адступленні. Ён прыходзіць спагнаць з нас і здабыць, каб вярнуць нас на Неба. І перад кожным з нас, як і тады, у старажытнай Палестыне стаіць выбар: прыняць Ісуса Хрыста як Бога і кожнае Яго слова як ісціну ці не прыняць, або прыняць выбарачна тую частку, якая нам зручная, і ў залежнасці ад гэтага будаваць сваё жыццё.
Але ў Хрысце нам з’яўляецца не толькі Бог з Яго любоўю, пакорай, з Яго верай у нас. Хрыстос паказвае нам, наколькі вялікі чалавек, што Бог становіцца адным з нас. «Чалавек такі вялікі, што Бог можа стаць Чалавекам і чалавек застаецца сабой». «Калі для чалавека здзейсніў гэту справу Гасподзь, – кажа ігумен Нікан, – то трэба прызнаць, што чалавек уяўляе нейкую асаблівую каштоўнасць, бо дзеля нікчэмнай, не вартай рэчы не было б прынята такога сродку выратавання». Ці задумваемся мы пра гэта? І ці не пра гэта мы павінны асабліва паразважаць ў калядныя дні, калі мы істоты разумныя? Кожны, хто шукае сэнс жыцця, напэўна, павінен падумаць, што Хрыстос прыходзіць на зямлю і дзеля яго. І нельга ў мітусні распродажаў, гасцей і падарункаў прабегчы міма гэтай цэнтральнай сусветнй падзеі. Гэтую таямніцу пра Бога і чалавека неабходна пастарацца асягнуць і розумам і сэрцам, зноў і зноў абдумаць. А, усвядоміўшы, пастарацца пачаць шлях барацьбы з грахом, таму што наш Бог вытрымаў барацьбу з сатаной, грахом і смерцю, і прытым пераможна. «Бо з намі Бог», – спяваем мы ў храмах ў гэтыя святыя дні. Няма нічога больш зразумелага ў свеце, чым ісціна, што няма выратавання гэтаму свету, калі ў яго не прыйдзе Бог. І для нас, людзей, няма ні лекаў, ні выратавання, калі Бог не будзе з намі. Але – з намі Бог! І пры тым не як ідэя або выдатная мара, але з намі, як і мы. Як казаў свяціцель Мікалай Сербскі: «З душой, як і мы; ў плоці, як і мы; у скрусе і пакуце, як і мы; і, нарэшце, у тым, што нас больш за ўсё адрознівае ад Бога, – у смерці, як і мы».
Цяпер свет зноў бушуе, як і тады, калі святло Віфліемскай зоркі абвясьціла пра ўвасабленне Бога. Ёсць і цяпер тыя, хто гатовы быў бы забіць Дзіця і сцерці Яго Імя з твару зямлі. Яшчэ больш тых, хто Яго проста не заўважае. Але Хрыстос стаіць перад кожным сэрцам. Ён стаіць сярод нас, заклікаючы да Неба. Бог сярод нас … Але ці будзе Ён са мной у гэта свята і на працягу ўсяго жыцця – залежыць ад майго выбару. «Хрыстос нараджаецца – слаўце!»

Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info

Протоиерей Сергий Рябой

Клірык Свята-Варварынскага прыходу горада Пінска, аўтар і вядучы відэа праграмы “Свет праваслаўя” па асновах хрысціянскай культуры.

06 студзеня 2015 | Блогі | Тэгі:



Блогі