Божая бухгалтэрыя

banner

Той, хто дазволіў дакрануцца да сябе Любві Нябеснага Айца, падобны да чалавека, які атрымаў крылы. Яму хочацца лятаць, ён сам хоча расказваць пра сваё шчасце ўсяму свету.

Апостал Павел, з якім Езус увайшоў у асабістыя адносіны, таксама не мог не сведчыць пра Уваскрослага. І ён, не вагаючыся, даваў сведчанне сваёй веры ў розных абставінах, не зважаючы на іх.

“Мяне судзяць за надзею на ўваскрашэнне мёртвых” (Дз 23,6), — кажа на судзе перад фарысеямі і садукеямі. Даючы такое паказанне, Павел не думае, як захаваць сваё жыццё альбо выйсці з суда з найменшым пакараннем. Ён ведае, што ягоная справа сведчыць, а пра вынік суда паклапоціцца Той, хто уваскрос. А таму які б вырак не агучыла Высокая рада, для яго прысуд і так будзе выйгрышным.

Такая ёсць псіхалогія хрысціяніна, бо маючы надзею на ўваскрашэнне, жыццёвы баланс ніколі не выйдзе ў мінус. “Для мяне жыццё – гэта Хрыстос, і смерць – здабытак” (Флп. 1, 21), — пісаў Павел у пасланні да Філіпянаў. Гэта ёсць галоўны прынцып Божай бухгалтэрыі.

Безумоўна нам, практыкуючым, правілы бухгалтарскага ўліку, напісаныя венецыянскім манахам Пачолі, складана зразумець, як гэта выдаткі можна занесці на дэбетавы рахунак.

Але ж у тым бухуліку, які вядзецца на нябёсах па кожным з нас, ёсць іншыя правілы. Бо для тых, для каго жыццём ёсць Хрыстос, “крэдыт” будзе пазаставацца на нулі, бо для хрысціяніна нават смерць — найгоршая страта — заносіцца ў “дэбет» – даход.

Хрысціянства сапраўды навучае нас іншай ментальнасці, якая радыкальна адрозніваецца ад ментальнасці гэтага свету. Хрысціянін, карыстаючы з перамогі Хрыста, пакліканы падлічваць даходы, а не выдаткі.

І дбаючы пра павелічэнне актываў, мы не нервуемся і не ідзём скупляць латарэйныя білеты ў надзеі штосьці выйграць, але свята верым, што максімальны выйгрыш мы ўжо атрымалі і найлепшую інвестыцыю свайго жыцця мы ўжо зрабілі, паставіўшы на “бычы трэнд” і паверыўшы ў рост Хрыстовага Касцёла. І ў гэтай атмасферы спакойна робім сваю працу.

Ад нас жа, як вучыць Апостал, патрабуецца адно — сведчыць. Сумленна весці кантроль дэбету і крэдыту, і наогул не перажываць пра сальда, бо вынік залежыць ад Бога. А як будзе кантроль, то сальда непазбежна будзе ў плюсе.

Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info

Барок

Каталіцкі святар, пробашч у Расонах

18 траўня 2018 | Блогі | Тэгі: ,



Блогі