Будзьце мудрымі, не шкадуйце алею

10

У каго з нас не ўзнікала ўнутранага пратэсту і жадання “праматаць” прыпавесць аб дзесяцёх паннах: пяці неразумных і пяці мудрых? Ці хто з нас не завісаў на пытанні –  чаму пяць мудрых не падзяліліся і патрапілі на баль да жаніха, і нават  і Жаніх цалкам застаўся задаволены іх рынкава-індывідуалістычным падыходам “каб ня сталася недахопу і ў нас і ў вас, ідзеце лепей да прадаўцоў і купіце сабе” (Мц. 25: 9). Каго ў Аўторак Вялікай сядміцы не ўзрушвалі і не жахалі словы: “Сапраўды кажу вам: не ведаю вас” (Мц. 25:12).

Але “глядзіце, не жахайцеся, бо павіннае ўсё тое быць, але гэта яшчэ не канец”  (Мц. 24: 6). Не жахайцеся, гэта яшчэ не канец.

Прыпавесць аб дзесяці паннах Хрыстос распавядае ў серыі эсхаталагічных апавяданняў, адказваючы на ​​пытанне вучняў: “скажы нам, калі гэта будзе? І якая прыкмета Твайго прыйсця і сканчэньня веку?” (Мц. 24: 3). Гэтая серыя змешчаная ў 24 і 25 раздзелы Евангелля ад Мацвея, і паказваецца пасля таго, як “выйшаўшы, Ісус ішоў ад храма і прыступілі вучні Ягоныя, каб паказаць Яму будынкі храма. А Ісус сказаў ім: ці бачыце ўсё гэта? Праўду кажу вам: не застанецца тут каменя на камені; усё будзе разбуранае” (Мц. 24: 1). Каменя на камені не застанецца ад храма і ад рэлігіі, у якой кожны “сам за сябе”, ад рэлігіі “бясплоднай смакоўніцы”, ад рэлігіі крывадушнасці, рэлігіі фарысэяў, супраць якой Хрыстос скіроўвае палымяную выкрывальную прамову ў 23 раздзеле, рэлігіі “што сцэжвае камара, а вярблюда паглынае”, рэлігіі “афарбаваных трунаў”, рэлігіі без суда, літасці і веры.

Яе месца павінна заняць вера, у якой “адзін за ўсіх, і ўсе за аднога”, у якой увесь закон сцвярджаецца дзьвума запаведзямі: “палюбі Госпада Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёй душою тваёю, і ўсім разуменьнем тваім” і “палюбі блізкага твайго, як самога сябе” (Мц. 22: 39-40).

Якую карціну канца малюе сваім вучням Хрыстос? “Астуджэнне любові”, “нянавісць адно да аднога” і “здрада адзін адному” (Мц. 24:10, 13). Карціну, у якой “два на полі: адзін возьмецца, а другі пакіне; дзьве будуць малоць у жорнах: адна возьмецца, а другая пакіне” (Мц. 24: 40-41), у якой адзін, бы Ной, ратуецца ў каўчэзе, іншых ж змывае з аблічча зямлі нібыта патопам (Мц. 24: 37-38). Карціну, у якой пяць мудрых паннаў кажуць “не” на просьбу падзяліцца алеем, і неразумныя панны застаюцца па-за шлюбным балем. Але не жахайцеся, гэта яшчэ не канец.

У канцы Хрыстос распавядае апошнюю прыпавесць, у якой дае крытэр падзелу на першых і другіх. Прыпавесць пра Апошні Суд, пра авечак і казлішчаў (Мф.25: 31-46).

Тыя першыя, якія бачылі патрэбу іншых – і накармілі, і напаілі, і апранулі, і наведалі ў вязніцы або ў бальніцы. Яны не выконвалі запаведзь Божую. Яны не чакалі Жаніха. Яны наогул не думалі ў кантэксце таго, як атрымаць выратаванне, увайсці ў шлюбны палац, пусціць свае пяць талентаў у ход, каб атрымаць узнагароду ад гаспадара. Яны проста рэагавалі на патрэбу “малых гэтых”.

Тыя другія, для якіх прыход “Жаніха, што прыйдзе апоўначы” (Мц. 25: 6) –– павінен быць як мінімум “як маланка бліскае з усходу і відна бывае аж да захаду, так будзе прыйсце” (Мц. 24:26). Хрыстос жа папярэджвае: “Калі хто скажа вам: вось, тут Хрыстос, ці там, – не верце. Бо паўстануць ілжэхрысты ды ілжэпрарокі, і дадуць азнакі і цуды, каб увесці ў зман, калі магчыма, і выбраных. Вось, Я наперад сказаў вам. Такім чынам, калі скажуць вам: «вось, Ён у пустэльні», – ня выходзьце; «вось, Ён у патаемных пакоях», – не верце” (Мц. 24: 23-26), “сцеражыцеся, каб хто не звёў вас , бо многія прыйдуць пад імем Маім, і будуць казаць: «Я Хрыстос», і многіх спакусяць ” (Мц. 24: 4-5). Чаканне Хрыста са спецэфектамі, з цудамі і азнакамі – часам перашкаджае бачыць сапраўднага Хрыста “тут і цяпер”, у штодзённай руціне, у тым, хто жыве ў нястачы.

У гэтай апошняй перад сваімі пакутамі прыпавесці ён кажа пра тое, як менавіта доўгачаканы Жаніх прыходзіць да кожнага з нас, кожны дзень – галодным, прагнучым, падарожным, голым, хворым або спакутаваным у вязніцы. Жаніх можа прыйсці да нас і неразумнай сяброўкай, якая забылася на запас алею і просіць падзяліцца. І тады Хрыстос кажа: “Сапраўды кажу вам: як што вы не зрабілі гэтага аднаму з гэтых меншых, дык не зрабілі Мне”.

Ілля прарок, той, узяты на Неба жывым (4 Цар. 02:11), той, хто гаварыў са Хрыстом на гары Перамянення “пра зыход Ягоны, які яму належала здзейсніць у Ерусаліме” (Лк. 09:31), той Ілля, які “ужо прыйшоў, і не пазналі яго” (Мц. 17: 11-12), чыё імя, як думалі, усклікаў Хрыстос на Крыжы (Мк. 15: 35-36), той Ілля можа распавесці сваю гісторыю пра алеі.

Калі ён прыйшоў у Сарапэту Сідонскую і звярнуўся да беднай удавы, каб тая накарміла яго, удава не паслала яго “пайсці лепей да прадаўцоў і купіць сабе”. І хоць у яе была “толькі жменя мукі ў кадушцы і крыху алею ў збанку”, роўна столькі, каб “прыгатаваць гэта для сябе і для сына”, з’есці гэта і памерці (3 Цар. 17:12), яна адгукнулася на просьбу Іллі, і перш, чым сабе і сыну, зрабіла праснак яму. І тады, мука ў кадушцы больш не кончылася, і алею ў збанку не меншала (3 Цар. 17:16). А калі адзіны сын ўдавы захварэў так, што “не засталося ў яго дыхання”, Ілля з выклікам звярнуўся да Бога, “і пачуў Гасподзь голас Іллі, і вярнулася душа хлопчыка гэтага ў яго, і ён ажыў” (3 Цар. 17:22) .

Майце запасы алею. Не шкадуйце алею іншым. Дзяліцеся алеем з іншымі. Гэта адзіны чын зрабіць так, каб алей у збанку не скончыўся, каб любоў не знясілілася, гэта адзіны чын паслужыць Хрысту ўжо тут і цяпер.

Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info

vasilevich

Праваслаўны публіцыст, тэолаг

04 красавіка 2018 | Блогі | Тэгі: ,



Блогі