Цалебныя лекі Хрыста, або як я адважылася прыйсці на прыём да Збаўцы

страданиеМы ўсе, што прыйшлі да Хрыста ў свядомым узросце, пакаштаваўшы самых разнастайных прысмакаў у свеце, — хворыя. Мы апранулі белыя кашулі, прыйшоўшы да Царквы, у якой сустрэлі здаровы хрысціянскі асяродак. У незабыўнай Боскай эйфарыі, якая можа цягнуцца як месяц, так і пяць гадоў, мы забыліся на свайго ветхага чалавека. Але, убачыўшы Хрыста, стары чалавек нікуды не сышоў. Ён стаў нябачным, на пэўны момант, у тых праменнях сонца, якія ішлі ад Бога. Мы пачынаем яго заўважаць толькі пад час спакус, што раптам нас апаноўваюць. Атрымліваецца, мы спакушаемся сваім родным ветхім чалавекам, бо Бог не спакушае, як сказана ў Пісанні.

Мы ўсе параненыя, глыбока параненыя. Цікава, што ў Хрысце я сустрэла нашмат болей параненых людзей, чым у свеце. Прынамсі, гэты факт не з’яўляецца дзіўным. Дзякуючы спакусам і выпрабаванням, вернікі ведаюць свае раны. Ведаюць і бачаць. Хтосьці з іх бачыць вынік прайгранай у чарговы раз бойкі з самім сабой. Хтосьці бачыць нават корань праблемы. Але нават калі ты нацягваеш маску Святасці на кавалак прыгожа завёрнутага ў фальгу смецця, які даўно пасяліўся ў душы, аднойчы ўсё роўна адчуеш яго засмярдзелы пах.

Што мы робім пасля таго, як адчулі гэты прыкры пах, які сыходзіць з нашага нутра? Звычайна кажам :”Я больш не…”. Я больш не буду паліць, я больш не буду піць, я больш не буду прывязвацца да рэчай свету, я больш не буду аддаваць сэрца чалавеку, я больш не буду спакушаць іншых, я больш не…. Альбо кажам: ”я адракаюся…” Адракаюся ад сваёй эмацыйнасці, прагі да захопленасці, сваіх залежнасцяў…. Але атрымліваецца, што мы адракаемся не ад чагосьці, а ад саміх сябе. Хіба можна адрачыся ад саміх сябе? Не. Сябе можна толькі прыняць і змяніць.

Як бы пра гэта не было цяжка казаць, але я стаю ў адным шэрагу з такімі хворымі. Не магу сказаць, што я пакаштавала цяжкіх грахоў, пакуль жыла ў свеце і са светам, але Бог даў мне ненармальную для гэтага свету эмацыйнасць і чуллівасць. З аднога боку, гэта дар, які Госпад, натуральна, можа выкарыстаць на карысць. Але злы таксама не спіць. Ён, знайшоўшы адчыненыя дзверы, павольна стаў гаспадарыць у пакойчыку маёй душы. А я прынялася жыць у сваім эмацыйным свеце ілюзій. І, натуральна, часам не магла кантраляваць свае эмоцыі, якія на момант прыводзілі мяне да падножжа грахоў. Я маю на ўвазе такую эмацыйнасць, ад якой часам зносіць дах, калі на момант перстаеш бачыць Бога. І гэты момант якраз і з’ўялецца для цябе ўсім – адкрыццём, што ў табе ўсё яшчэ жыве хвароба, і прычынай непрымання прычасця, пакуль не адчуеш сябе прабачаным. Пасля прыходзіла цвярозасць і я адракалася ад сваёй эмацыйнасці. Тады асабліва і не слухала святара, які казаў мне, што адракацца ад сваёй эмацыйнасці як ад часткі сябе – гэта не выйсце. Я проста паабаяцала Госпаду, што больш так не буду. Адрачэнне адбывалася ў глыбокім пакаянні і малітве, дзе адчувалася прыстунасць Божая. Менавіта яна і падалася мне знакам на ацалаенне.

Шмат хто з вернікаў, як і я раней, проста даюць нейкія абяцанні Богу. І Бог, натуральна, пасылае выпрабаванні. Людзі думаюць, што Госпад такім чынам правярае іх на вытрываласць, моц жадання быць верным Яму і на моц сілы волі ўнутры. І вернікі б’юцца да апошняга, каб не здрадзіць Богу. Найчасцей, усё ж такі яны праігрываюць і даюць абяцанні Творцу яшчэ больш жорсткія, тым самым наказваючы сябе за праяўленую слабасць. Толькі нядаўна, пасля краху маіх зламаных абяцанняў, Бог даў мне зразумець, што выпрабаванні, якія Ён пасылае, служаць не дзеля таго, каб мы ўзмацнілі Слова дадзенае Яму, а наадварот, каб перасталі нарэшце яго выконваць.

Абяцаючы стрымліваць сябе ад граху, мы ставім унутры СВАЕ бар’еры і змагаемся СВАЁЙ моцай. Мы самі сабе чагосьці панаабяцалі, самі выконваем, самі сябе наказваем. Усё робім САМІ. Калі змаганне з нашым ветхім чалавекам грунтуецца толькі на сіле волі, то яно пацерпіць крах. Калі мы ў нашых змаганнях абапіраемся толькі на ўласную сілу волі, тады навошта нам Збаўца?

Даючы абяцанне Богу “больш не…”, я проста змагалася сама з сабой у самоце. І зрэшты зразумела, што мае эмоцыі, мае залежнасці, мае грахоўныя схільнасці мацнейшыя за Бога, які жыве ўва мне. А калі я сама змагалася з усім, то пра якога Бога ў гэтай сітуацыі можа ісці гаворка? Немагчыма жыць шчасліва, калі ты штосьці моцна ў сабе заглушаеш. Яно рана ці поўна прарвецца наружу. І ў мяне “яно” вылезла наноў. Тады я вырашыла пакінуць усё так як ёсць, “бо Бог мяне такую стварыў”. Але адзін добры знаёмы на гэта мне адказаў наступным чынам: “Так што, па-твойму, Госпад і п’яніцу таксама стварыў п’яніцай?”. І я задумалася. А мой духоўны кіраўнік дадаў: “Тое, што не будзем кантраляваць мы, будзе кантраляваць нас. Рабі нешта са сваёй эмацыйнасцю. Дакладней, хай з ёй нешта зробіць Бог”.

Я добра разумела, што праз гэтую чалавечую хібу, я шмат памылялася. А наступствы памылак — раны ў маім нутры. Зрэшты, колькі можна хаваць хваробу ад Бога, людзей і сябе? Хворыя не могуць паўнавартнасна служыць. Мне было прыкра ад самой сябе, калі нарэшце прыйшло гэтае разуменне. Але я прыняла рашэнне, што менавіта зараз з хваробай трэба нешта рабіць. Бо з гадамі дрыгва толькі зацягвае, а мох становіцца ўсё бліжэй і бліжэй да тваёй шыі, сціскаючы яе з кожным сантыметрам усё мацней. І самае прыкрае, што з гадамі ты толькі ўсё больш прывязваешся да засасвання і ўсё менш намагаешся вырвацца. Таму я пачала ўпарта прасіць у Бога аздараўлення.

Якое ж яно, ацаленне? Як да яго падступіць? Ці трэба мне нешта рабіць? Ці за мяне ўсё зробіць Збаўца? Альбо гэта толькі мая барацьба? Менавіта такія пытанні круціліся ў маёй галаве.

Каб адказаць на іх, я пачала аналізаваць сябе. Я даставала з глыбіні сэрца свае шмтлікія хібы, якія супярэчаць паняццю “хрысціянка”, кожную балючую кропку, з якой вынікалі яшчэ больш балючыя кропкі. Усё гэта я давярала Хрысту, але нічога НЕ АДЧУВАЛА. Я падымалася з кален з яшчэ большым цяжарам, незадаволенасцю самой сабой і роспачам: ”Як я змагу гэта ўсё пабароць?”. І мае думкі сталі расці як снежны ком. Іх прыпыніў Бог, які пракрычаў мне:” Хопіць зрэшты капацца ў сабе!” Тут я зусім перастала нешта разумець. Маёй крыўдзе не было канца: я штохвілінна набліжаюся да Яго, малюся, прашу аздараўлення, думюа, што раблю не так, а Ён мне такое кажа… Але раптам я пачула пытанне, якое нажом утыркнулася ў маё сэрца: “Ці верыш ты, што Я цябе хутка ацалю?” .

І ўсе мае прычытанні, непаразуменні, капанні, пакуты павіслі цяжарм дзесьці у паветры. Я маўчала. Я не верыла ў гэта.

Ва ўсіх маіх намаганнях аздаравіцца я толькі шукала выйсця: як падыйсці правільна да Бога з гэтым пытаннем, як лепш пабудаваць сітуацыю для размовы з Ім, якія струны душы даць крануць Богу, якаб Ён іх ацаліў… За ўсімі сваімі гіпердухоўнымі і гіпермудрымі разважаннямі, крыкамі аб дапамозе я забыла пра самае галоўнае: Госпаду гэта нічога не патрэбна. Яму трэба толькі адно – Вера. Я не ведаю, адкуль ў маім сэрцы ўзяліся дадатковыя рэсурсы, але з неверагодным рвеннем я стала прасіць у Госпада моцнай і непакалібімай Веры. Хутка мне стала ўсё адно на абставіны. Па сутнасці, я перастала бачыць сваё гора. Я бачыла толькі дарогу і дзверы, ручку якіх пасля доўгіх ваганняў я ўсё ж такі павярнула. Пакой, у які я зайшла, апынуўся кабінетам доктара. Лекарам быў Хрыстос.

Зараз я ведаю дакладна, што ўнутранае аздараўленне – гэта не канкрэтны момант ( я заўсёды чакала шчалчку на целесным узроўні ), а доўгі, балючы, але неверагодна цікавы працэс. Балючы, бо Госпад адкрывае твае хібы. Цікавы, бо пачынаеш бачыць сябе з іншага боку. Бог кожнаму прапісвае індывідуальныя лекі, але толькі пасля таго, як вы сходзіце да Ягона прыём, а дакладней, калі вы сапраўды паверыце, што сумесная кансультацыя прынясе вам аздараўленне.

Вынікам доўгай і балючай працы стала прыняццё Хрыста і вызнаванне Яго маім Збаўцам. Пасля выхаду з кабінета, у маёй руцэ была моцна сціснута паперка з прапісанымі лекамі. Шчыра кажучы, я нават не чытаю іх назвы – я проста іх прымаю. На смак гэтыя лекі абсалютна розныя: ёсць такія горкія, што хочацца выплюнуць, ёсць салёныя як слёзы, а ёсць нават крыху салодкія. Прымаць іх не задумваючыся і не зважаючы на тое, які ў іх смак, – гэта ёсць Давер. Упершыню за сваё жыццё я навучылася па-сапраднаму Яму давяраць, бо ўсе мае намаганні вырвацца з кола пайшлі прахам. Кожны дзень Бог адкрывае, што мне трэба рабіць. Цікава, што толькі зараз, пішучы гэта, я разумею ў поўнай ступені, што нарэшце я даведалася, што значыць давяраць. Я адчуваю гэты елей, які смазвае мае раны і давяраю Яму, бо ў нас дамова: “Ацалі мяне зараз, Айцец, як бы складана мне не прыйшлося”. Ён абяцаў аздаравіць і абнавіць усіх нас. І ў мяне няма падстаў, каб Яму не давяраць.

Я думаю, што ў хуткасці мне будзе пра што яшчэ напісаць на гэтую тэму. Прынамсі, хочацца падзяліцца ўсё ж такі тымі лекамі, якія прапісаны ў маім рэцэпце аздараўлення. А пакуль я толькі нядаўна адкрыла гэтыя цудадзейныя баначкі і стала прымаць таблеткі, але ўжо атрымліваю неверагдную ўнутраную Радасць. Яна дапамагае змагацца з нападкамі злога, які так і прасочваецца да маіх хворых канечнасцяў. Дзіўна, але неадкуль ў мяне з’явіліся моц і азарт. Аказваецца, для таго, каб пачаць шлях аздараўлення, варта было проста паверыць і даверыцца. Такія простыя ў тэорыі і складаныя на практыцы рэчы мне адкрыліся толькі тады, калі я нарэшце перастала змагацца сама са сваімі недасканаласцямі.

Варта памятаць, што момнатавага цуду не будзе. Цуд адбываецца штохвілінна, толькі мы гэтага не пабачым і не адчуем. Мы можам толькі паверыць у гэта. Цуд — гэта нашыя адносіны з Хрыстом. І менавіта да гэтага цуду мы павінны бегчы, руйнуючы і пакідаючы на гэты момант спаткання ўвесь боль у Яго рукі. Калі Госпад валадарыць у сэрцы, Ён здымае ўсе вяроўкі, якія сціснулі нашае нутро. Зараз я адчуваю, як па чарзе, адна за адной, яны падаюць і знікаюць. Адчуваю не на эмацыйным узроўні, але на нейкім унутраным, нябачным. А галоўнае — я веру, што Хрыстос здыме іх з мяне ўсе да адной. Веру, бо па веры маёй мне і будзе дадзена.

Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info

vika_11

грэка-каталічка, журналістка, старшыня Супольнасці хрысціянскіх журналістаў і блогераў, магістар філалогіі

19 жніўня 2015 | Блогі | Тэгі: , ,



Блогі