Чалавеку

boy at christmas holding a candle

Убачыла душу тваю,
Надтрэснутую,
Зламаную дзесьці пасярэдзіне.
Я зірнула ў твае вочы:
І не сум, і нават не страх у іх,
А адчай, да якога ўжо прывык.

Ты сабраў рэшту лепшага,
Выставіў наказ,
І сам сабе не верыў.
І нешта ў табе паволі памірала,
Але яшчэ прагнула жыць.

І промень надзеі
Ўжо не ўратаваў бы,
Але ты марыў пра сонечнае святло,
Пра тое, што лівень дабра і праўды
Ўпадзе на плечы.

І я сказала табе:
“Даруй ім,
Усяму гэтаму хлусліваму свету,
Тым, хто не спраўдзіў тваіх надзей,
Хто напляваў у душу,
Хто міма прайшоў,
І стоячы побач, быў глухі”.

Ты сказаў:
“Я ўжо нічога не магу,
І з’ехаць не магу, і застацца не магу.
І піць не хачу,
І цвярозым быць агідна.
Я і сам сабе дараваць не магу.
А іх папросту ненавіджу”.

Да размовы падключыўся Бог.
Ён сказаў:
“Сын Мой, ці не ведаеш ты,
Што Я з табой,
Што Я трымаю цябе за правую руку,
Я прымаю цябе такім, як ёсць”.

І рэхам падтрымала Неба:
“Без даравання ў Царства Божае
Не ўвайсці.
Даруй ім, бо не ведаюць, што робяць…
Калі даруеш, даруецца і табе”.

Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info

Nina

Журналіст, паэт.
Самая нелюбімая фраза: “А давай ты напішаш пра мяне артыкул”.
Самая шануемая цытата: “Вялікія воды не могуць патушыць любові, і рэкі не зальюць яе. Калі б хто даваў усе багацці дома свайго за любоў, ён быў бы адрынуты з пагардай” (Песні Песняў 8:7).

09 кастрычніка 2015 | Блогі |



Блогі