Чаму, Госпадзе, мы тут адны?
Не ведаю, з чаго пачаць: з самага балючага ці з чарговых разважанняў пра важнасць Курапатаў… Напэўна, усё ж з самага балючага. І на ім і скончу.
Вечар, неверагодны заход сонца бачны праз дрэвы, крыжы. Апошнія промні падаюць на новы мемарыял на Галгофе ў Курапатах. І гэты новы мемарыял нядрэнны. Вецер шапаціць у верхавінах дрэў, гайдае іх і нахіляе, але яны зноў выпрамляюцца. Мне хочацца верыць, што гэта Бог, але я не пра гэта.
Цяпер, калі ехаць па менскай кальцавой, мала што можа нагадаць пра тое, што ў гэтым невялічкім лесе пад каранямі высачэнных соснаў і елак ляжаць дзясяткі тысяч чалавек. Раней не было плота, не было брамы, але ўздоўж дарог стаялі крыжы. І нават не з’язджаючы з трасы, можна было зразумець, што гэта месца нечым вылучаецца. Цяпер адзін танюткі крыж на пачатку лесу і такі ж не заўважны на фоне дрэваў крыж напрыканцы. Пралятаючы на хуткасці, іх нельга заўважыць. Так зручней для людзей, якія так і не прызналі гэты лес месцам смутку ўсёй беларускай нацыі.
Я стаю на Галгофе і гляджу на тых 30-40 чалавек, якія прыйшлі сёння на малітву. Сёння нядзеля. Вербная нядзеля ў каталікоў і пратэстантаў. А яшчэ наступіў дачны сезон. Святое для нас. Больш святое за крыжы, за мёртвых. Я стаю і не магу стрымаць слёзаў, бо тут, у Курапатах, за тыдзень было знішчана каля сотні крыжоў. Крыжоў, якія былі пастаўленыя за кошт людзей. Адзін вельмі разумны чыноўнік (не буду яго піярыць) заявіў, што гэтыя крыжы не маюць дачынення да Курапатаў. Але ўся справа ў тым, што гэта дзяржава не мае ніякага дачынення да Курапатаў. Гэта не яна ставіла тут крыжы і не ёй іх зносіць. Але ўсе мы ведаем як гэта ўсё робіцца. Як кажуць: «Ну вы жа самі ўсё прыкрасна панімаіця».
Разумеем? Не, я не разумею. Я не разумею, як можна зносіць крыжы. Як можна зносіць чужыя крыжы. Як можна маўчаць. Як можна баяцца за сябе і сваю сям’ю і з гэтай прычыны нікуды не выходзіць, каб адстаяць свае ж правы. Як можна абурацца на сваіх старонках у сацсетках і не падняцца, і не пайсці туды, каб выказаць сваё абурэнне прысутнасцю. Я не разумею, як можна ехаць на дачу і лічыць гэта адгаворкай. Я не разумею, як можна ісці ў царкву, касцёл і не ісці ў Курапаты. Але гэта маё ўласнае неразуменне. У іншых яно адрозніваецца.
Але яшчэ мая праблема заключаецца ў тым, што я адначасова разумею, як можна не ехаць у Курапаты. Як можна баяцца за сям’ю. Як можна ехаць на дачу. Як можна ісці ў царкву толькі, каб свяціць вербы. Альбо наогул абмежавацца ад гэтай інфармацыі. Я разумею. Я наогул шмат што разумею. Галавой. Але не сэрцам. А сэрца баліць і сціскаецца за тое, што замест таго, каб праводзіць вялікі Крыжовы шлях там, дзе ён рэальна патрэбны на чале з кіраўніцтвам цэркваў, гэтае самае кіраўніцтва напісала абураны ліст, а то не зрабіла нават і гэтага. Не прыехала на месца знявагі крыжоў.
І вось стаю я і плачу. Думала, не буду. Думала, што штосьці зламалася ўва мне, але, не – стаю і плачу. І боль за тое, што тут павінны стаяць тысячы, а стаіць 30 чалавек. І я адчуваю сябе самотнай. І мне крыўдна.
Галавой я разумею, што мы нічога не можам зрабіць. Галавой я разумею, што недальнабачна з пункту гледжання кіраўніцтва цэркваў так нарывацца. Але сэрцам… Сэрцам я плачу і пытаюся: «Чаму, Госпадзе, мы тут адны?». Але ў адказ толькі вецер гайдае дрэвы. І, можа быць, калісьці ўскалыхне сэрцы тысяч беларусаў, але не сёння.
Калі не мы, дык хто? За нас ніхто нічога не зробіць. І не павінен. Ёсць такія часы і такія рэчы, калі альбо мы самі, альбо нехта іншы зробяць так, як будзе зручна яму. Пабудуюць кабак, знясуць крыжы і будуць сцвярджаць, што гэтыя дзясяткі тысяч самі вінаваты.
А вы фарбуйце яйкі, саджайце бульбу, пішыце ў сацсеткі, бойцеся за свае сем’і, магчыма, нават абурайцеся і маліцеся. Нічога ўжо не выратуе гэты народ. Так памірае надзея. Гэты тэкст не для таго, каб папракнуць, але для таго, каб абудзіць, але, напэўна, вы занадта соладка спіце.
Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info

Надзея Гацак
Нарадзілася 26 снежня 1986 года. Фотажурналіст, супрацоўнічала з Telegraf.by, БелаПАН, UDF.by, фотакарэспандэнт Krynica.info. Замужам, трое дзяцей. Каталічка.
Падобныя навіны
Апошнія навіны
- У Ізраілі знайшлі надпіс пра Хрыста, якому каля 1500 гадоў 23.01.2021 14:34
- “Казка пра Белага анёла, Зорку і цёмную краіну, якая робіцца светлай”. Казка ад Паўла Севярынца 15.01.2021 17:31
- Арцыбіскуп Кандрусевіч выказаў спачуванні ў сувязі са смерцю Мітрапаліта Філарэта 13.01.2021 10:28
- Памёр мітрапаліт Філарэт, Ганаровы Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі 12.01.2021 14:32
- Віншаванне архіепіскапа Арцемія з нагоды свята Хрыстовага нараджэння 07.01.2021 10:53
- У Чырвоным касцёле вернікі розных канфесій маліліся за Беларусь (фотарэпартаж)
- “Мы не пакаяліся ў злачынствах камунізму”. Фотарэпартаж з “Ланцуга пакаяння” ў Мінску
- Пад Віцебскам ушанавалі ахвяр камуністычных рэпрэсій (фотарэпартаж)
- Патрыярх Кірыл на асвячэнні Храма-помніка ў Мінску: Раптам паўстаў вораг і мірны дух знік (фотарэпартаж)
- Латвія. Рыга. Папа (фотарэпартаж)
- Сустрэча з Папам Рымскім у Літве вачыма беларусаў (фотарэпартаж)
- Юбілейная «Камяніца» сабрала людзей пад Мінскам (фотарэпартаж)
- Біскуп Віцебскі: Мастацтва не дазваляе чалавеку стацца звыклым да прыгажосці наваколля (фотарэпартаж)
- «Школа нараджэння» прайшла ў Навагрудку (фотарэпартаж)