Чаму не ўсе добрыя каталікі ўзрадаваліся Папскай “Радасці любові”?

428f130450f200fc22668ee7f2d34eefbc5f6c150016184

Чаму не ўсе добрыя каталікі ўзрадаваліся Папскай “Радасці любові”? Напэўна, касмічнае выпрабаванне для “паводле запаветаў верніка”, – адэкватна ставіцца да людзей, якія свядома жывуць грэшна, не абрынаючы на іх стрэлы ўяўнай пагарды. Інакш як растлумачыць, чаму Папская “Радасць любові”, якая пашырае дзвярныя праёмы касцёлаў для гэтых грэшных, не выклікае адназначнай радасці ў добрых каталікоў?

Ува многіх-многіх сённяшніх меладрамах абавязкова ёсць сцэна, дзе гераіня прыйшла да святара і праз сетачку канфесіянала спрабуе распавесці святару пра сваё жыццё. Зразумела, што яна з кімсці спіць, што яна ранімая і тонкая, што яна шмат гадоў не прыходзіла да святара … інакш гэта не была б меладрама. І, хутчэй за ўсё, у яе не атрымліваецца распавесці пра сваё жыццё, і яна сыходзіць незадаволенай, і ніхто не ўратаваў гераіню ад чаго-небудзь гэткага.

Хаця не, ў бэстсэлеры “Вялікія вочы” ўсё па-іншаму. Нічога, вядома, не атрымалася праз рашотачку, таму што святар не пачуў, не зразумеў, і сама яна апавядальніца ніякая, і пачала не з таго, і вось пайшла гераіня назад ў сваю пастку да мужа-садыста, а потым падтрапіліся егавісты, і навучылі не ілгаць, і не баяцца, і сталі побач, і падалі руку, і вярнула гераіня сабе годнасць і добрае імя … гэта я да таго, што не абавязкова чытаць у арыгінале ўсе 200 старонак Папскай Адгартацыі «Amoris Laetitia» ( “Радасць любові”), каб зразумець – што менавіта абурыла “стэрыльных вернікаў”. “Стэрыльныя вернікі” – гэта вернікі, у якіх усё добра. У іх не п’юць мужы, не наркаманяць дзеці, ім не трапіцца закахацца “налева”, нарадзіць ад першага сустрэчнага, завесці офісны раман, і, напэўна, яны не прапускаюць Нядзельнай Імшы.

Часам яны вельмі натхнёныя, прасветленыя, і іх прыходы ў госці ў цяжар, таму што з імі нельга пагаварыць пра тое, што “на самой справе”. Можна, вядома, пагаварыць пра Бога. Але ёсць інтраверты, якія амаль ніколі і ні з кім не хочуць гаварыць пра Бога, акрамя Яго самога, – калі гэта, вядома, не спрэчка аб тым, памёр Ён ці не, і ці трэба перагрызаць горла бліжняму, які моліцца не так і не у той вопратцы.

А часам злыя. Злыя настолькі, што ім усюды мроіцца блуд. То бок, не мроіцца, ён і на самай справе ёсць, але яны кажуць – “блуд” – з такой інтанацыяй Высокай Чысціні Веры, што зразумела, што Магдаліна ўжо не паднімецца і нікуды не пойдзе. Бо ў пясок яе затапталі так, што ў ім і задыхнулася.

На вельмі многіх палотнах сустрэча Магдаліны і Хрыста пасля Уваскрэсення напісаная так, што выглядае, быццам Ён ад яе адпрэчваецца бы ад чумной (думка не мая, але мне дужа даспадобы). Думаю, што руцэ мастака ментальна перадалося ў гэтых выпадках адчуванне Стэрыльных вернікаў. Неяк так здарылася за стагоддзі, што Чыстая вера спачатку стала Чысцінёй веры, а потым – Чыстымі вернікамі. І, думаю, Стэрыльныя вернікі сёння хрысціянства не выратуюць, таму што… таму што іх вельмі мала.

Нехта з еўрапейскіх маіх сяброў сказаў, што сярэдні паказчык на Нядзельнай Імшы ў турыстычным італьянскім горадзе – 6-8 чалавек “дзейнага” ўзросту і статусу, г.зн. сталых гламурных дыхтоўных мужчынаў і жанчын у схематычным узросце гадоў 30-40. Але Папская Адгартацыя напісаная ўсё ж не для іх, а для іх сяброў. Павінныя ж у іх быць сябры.

Напэўна, рэлігія сканчаецца, калі на яе вылучаецца нейкі асаблівы час. Не на паход на Імшу, а на нешта яшчэ. На моладзевую пілігрымку, на ўдзел у малітоўным руху, на сход валанцёраў… увогуле, на нешта, да чаго можна належаць не толькі на Імшы. Кола людзей. Ну а за межамі кола? І “у нас”, і “не ў нас” зусім знікла побытавая вера. Калі нікуды асабліва не ходзіш, ні ў чым такім не ўдзельнічаеш, але коратка молішся перад сумоўем, напрыклад, – ці калі пячэш бліны, ці нават калі мыеш машыну, – таму што больш няма калі. Прасцей кажучы, калі твае думкі зусім нічым і нікім не занятыя, аказваецца, што ў іх не пуста, таму што ў іх Бог.

Напэўна, нездарова, што настолькі папулярныя сёння ўсемагчымыя фарматы баўлення часу для каталіцкай моладзі, – таму што моладзь потым вырастае і фармат адпадае, а навыкаў побытавой веры – г.зн. жыць няправільна і ўсё ж такі жыць з Богам – ніхто ў такіх супольнасцях не вучыць. Жыць вучаць правільна. Нехта жыве, а нехта вырастае. І з Бога таксама.

Думаю, у большасці людзей захавалася загнанае глыбока ўнутр трапяткое стаўленне да веры і да культуры веры, інакш не было б такой колькасці людзей, што абыходзяць царкву за вярсту. Можна выбраць “чысціню веры”, – ці можна выбраць свае няправільнае бязладнае жыццё, і неяк так уладкаваны чалавек, што выбірае свае няправільнае бязладнае жыццё, засвоіўшы моцна, што ў ягоным такім вось жыцці Бог не адбываецца. А Папа запэўнівае, і піша пра гэта 200 старонак, што вельмі нават адбываецца. І нават абавязвае святароў данесці да ведама тых, хто “проста-жыве”, што – вельмі нават адбываецца. І аб’яўляе, што развядзёнкі, нядбайныя хатнія гаспадыні і падскокваючыя офісныя залыселыя хлопчыкі з жывоцікамі, мала падобныя да Стэрыльных вернікаў, таксама могуць прыйсці назад у касцёл. Ці нават нікуды не ісці для пачатку, а проста паклікаць. Бога.

Здзіўляе нерадаснасць Стэрыльных вернікаў з таго факта, што да іх Бога можа прыйсьці хтосці яшчэ. Хтосці, хто не знаходзіць задавальнення ў малітоўных сустрэчах дам-дабрачынніц, а ўзгадвае пра Бога, выпраўляючыся на спатканне або ў лунапарк. Проста ўзгадвае і ўсміхаецца ад таго, што ведае – Бог ёсць.

…Лаючыся сёння ў сетках з цёткай, узрушанай тым фактам, што, магчыма, з якога-небудзь перапуду які-небудзь неспрактыкаваны святар дазволіць камунію развядёнцы, не адважылася яе спытаць – ці мае зносіны яна, на працы, напрыклад, з няверуючымі людзьмі, з разведзенымі , з секулярамі, з дыджэямі гендэра… Напэўна, так. Зразумела, што так. Адна бо справа жыццё, іншая – Царква. Царква – гэта запаведнік, у якім не месца ўсім усякім. Царква моцна адрозніваецца ад жыцця – кажуць добрыя вернікі. Царква – гэта як бы панацэя ад звычайнага жыцця, – кажуць зусім добрыя вернікі. А неда-вернікі, якія развучыліся хадзіць у царкву, моцна засвоіўшы, што ім там не месца, магчыма, – часам улоўліваюць Бога ў павеве ветрыку над кухоннай плітой і дакладна ведаюць, што калі-небудзь яны ў царкву абавязкова сходзяць. Але потым.

Напэўна, ад Адгартацыі Папы было б больш карысці, калі б ватыканскія кур’еры распіхалі па паштовых скрынях усяго свету кароткі рэферат у двух старонках, пакінуўшы самае галоўнае – вы не там, вы тут, і лавачка ваша ў касцёле ў поўным парадку і нікім не занятая. Нікім. І гэта нездарова, што яна пустая, таму трэба прыйсці і заняць, – як мага хутчэй. І гэта будзе не балюча і не сорамна. Што да статыстыкі невысокага паказчыка вернікаў у краінах, цалкам розных па менталітэце, – дапускаю, што для многіх адказ напрошваецца па прынцыпе “не хаджу, значыць, не веру”.

Многія людзі на самай справе хацелі б атрымаць дар веры ўсё ж больш, чым новую саколку. І, у выпадку рэальнага прыходу ў касцёл людзей, якія раней старанна гэтага пазбягалі, – у касцёл, не да камуніі, – дапускаю паступальны ўплыў зайздрасці: калі нехта ідзе да камуніі, дык чаму не прывесці і свае справы ў норму настолькі, каб таксама пайсці? Бо колькасць “сужыцеляў”, якія маюць за плячыма яшчэ і цяжар сакрамэнтальнага шлюбу, не настолькі ўжо і вызначальная.

 

Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info

210 (1)

Аўтар krynica.info, каталічка, перакладчык, маці двух дзяцей.

10 красавіка 2016 | Блогі | Тэгі: , ,



Блогі