Чарговае ігнараванне святарамі патрабуючых. Ці гэтага хоча Хрыстос?

Асвячэнне крыжа ў Курапатах 64

Калі цягнуўся ўкраінскі “Майдан”, пастары і святары шматканфесійнага Кіева былі разам з людзьмі на плошчы. Калі мінулымі тыднямі цярпелі Курапаты, адкрыта раздзяліць з людзьмі холад і роспач адвыжыўся толькі пастар царквы “Ян Прадвеснік”.

Мне прыводзяць контрааргумент, маўляў, шмат святароў абуральна выказалася наконт будоўлі ў Курапатах. “Трэба бараніць”, — усе як адзін казалі яны. І хлопцы баранілі. А святары і пастары маліліся і выказваліся ў сацыяльных сетках. Але ці гэтага хацеў Хрыстос?

Субота. Ранак. У Курапаты зайшоў адзін праваслаўны святар. Тое, што ён святар, мужчына не афішаваў. Яго маглі пазнаць, бадай, толькі тыя, хто калісьці хадзіў на службы ў яго прыход. Алесь Кіркевіч, хлопец, якому ў адну ноч разбілі галаву, пазнаў святара і падбег да яго з надзеяй: “Было б так добра, калі б вы прыйшлі і адслужылі тут… Магчыма, можна гэта неяк арганізаваць? Хлопцам гэта трэба… У нас бы падняўся дух”. Святар сарамліва апускае вочы. Кажа, маўляў, што за гэта адказвае іншы святар і “давайце не будзем яму перашкаджаць”. Сапраўды, зусім недалёка ад Курапатаў ёсць прыход. І мне ўжо пасля тлумачаць, маўляў, разумееш, у кожнага ж свая тэрыторыя і не па правілах гэта лезці сюды чужому святару… Не. Не разумею, бо з праваслаўных святароў так ніхто не прыйшоў у лагер, каб духоўна падтрымаць хлопцаў.

Бяру каментар у прэс-сакратара Праваслаўнай Царквы ў Беларусі. З болем пытаю: “Чаму вы не можаце правесці малебен у лагеры? Ім гэта трэба”. Чую адказ: “Малебны праводзяцца ва ўсталяваных для гэтага месцах, разумееце?” Не. Не разумею. Нічога не перашкодзіла прыйсці ва неўсталяванае месца пастару Антонію Бокуну і правесці малітву за Беларусь. Гэта было набажэнства для тых, хто суткамі на марозе бараніў святыню. Для тых, хто, магчыма, ужо зняверыўся. Для тых, хто, магчыма, ніколі не ўдзельнічаў у нечым падобным.

Мне кажуць: “Курапаты — гэта ж палітычная акцыя, разумееце?” Не. Не разумею. Для мяне, як і для ўсіх маіх знаёмых, у каго балела сэрца за Курапаты і хто ездзіў туды і яднаўся з духам тых, хто там стаяў, гэта быў проста крок сумлення: быць разам з церпячымі. Быць разам з дзясяткамі тысячаў пацярпелых там, у Курапатах, і быць разам з тымі, хто цярпеў там амаль два тыдні.

Але я здагадваюся, што мне б адказалі на прапанову прыехаць і падтрымаць малітоўна кожны з біскупаў нашай шматканфесійнай Беларусі. Праваслаўныя занадта знітаваныя з дзяржавай. У мяне складваецца такое адчуванне, што дзяржава і праваслаўныя крочаць нага ў нагу. Тады паўстае пытанне: “Ці гэта дзяржава ў нас настолькі жыве па Евангеллю ці РПЦ даўно ўжо наплявала на евангельскія прынцыпы?” Але не мне на яго адказваць. Я ведаю, што мне б адказалі каталікі, з улікам таго, што трэба адбіваць новыя землі пад касцёлы, навучальныя ўстановы і баяцца за польскіх ксяндзоў, якім у любым момант могуць адмовіць працягваць візы. Я разумею, што мне адказалі б грэка-каталікі, якія чамусьці ў вачах дзяржавы лічацца самымі недабранадзейнымі, хоць ніякай апазіцыйнай і падпольнай дзейнасці яны не вядуць. Я разумею, што мне адказалі б пратэстанты, якія наогул намагаюцца не ўнікаць у грамадскія справы Беларусі, заведама прыраўняўшы іх да палітыкі. Толькі ці гэтага хоча Хрыстос?

На гэта мне зноўку кажуць: “Вы не разумееце…”. Так, я сапраўды не разумею, як можа Касцёл зачыняць свае дзверы тады, калі адчыненыя дзверы могуць быць найбольш патрэбныя патрабуючым. Я не разумею таго, калі грамадскім і палітычным дзеячам часам лепш не з’яўляцца ў храмах, каб царкоўныя іерархі не адчувалі сябе няёмка. Не разумею, бо, паводле айцоў Царквы, біскуп мусіць быць адкрытым на ўсіх. На ўсіх — гэта азначае на бедных і багатых, на інтэлігентаў і працоўных, на ўладу і на апазіцыю. А атрымліваецца так, што людзі, якія шмат робяць для беларусаў і для Царквы ў тым ліку, самі прызнаюцца, што публічнага вітання з іерархамі часта можаш не дачакацца. Толькі ці гэтага хоча Хрыстос?

Усё Святое Пісанне прасякнута заклікам “Не бойцеся!”. Толькі дзейнасць нашых многіх іерархаў прасякнута апраўданнем “Мы баімся”. Ніколі не забуду, як мы з яшчэ адной журналісткай намагаліся разабрацца ў судовай справе, дзе хлопец быў асуджаны на дзесяць гадоў па паказаннях пяцідзясятніцкага пастара, які выдаў на судзе таямніцу споведзі. А ў размовах з намі ён прызнаўся, што таямніцу споведзі ён не выдаваў, бо не было ніякай споведзі, бо яму проста трэба было нешта сказаць. “Гэта ж Органы, вы разумееце? Да мяне ж прыходзілі Органы!”… Не, не разумею. На запіс размовы пастыр згоды не даў. Доказаў ніякіх не было. І мы пашлі шукаць справядлівасці ў біскупа. Бо адзіная магчымасць вызваліць невінаватага хлопца з калоніі — прызнанне пастара ў тым, што ён схлусіў на судзе і што не было ніякай споведзі, як ён нам і сказаў. Біскуп выслухаў нашыя палымяныя заявы і спакойна адказаў: “Я ведаю гэтую гісторыю. Разумееце, пастар проста спужаўся… Думаю, што Госпад разбярэцца ў гэтым. Ну а наогул, гэты пастар — мой добры сябра, я нават яго вянчаў”. Тут царква нават дапамагла Органам злавіць небяспечнага злачынцу. Толькі ці гэтага хоча Хрыстос?

У Курапатах хлопцы больш за тыдзень змагаліся за праўду, а значыць — за Хрыста. За імі, нібыта за цыркачамі, з экранаў камп’ютараў і тэлефонаў назіралі святары, а пасля абаранялі іх у сацыяльных сетках. А можна было б зрабіць вахту дзяжурстваў, аб’яднацца, нарэшце, святарамі розных канфесій, дамовіцца паміж сабой, хто калі моліцца і спавядае. Але ж у нас жа можна маліцца толькі ва ўсталяваных месцах… Толькі Бог паўсюль. А пра гэта, напэўна, часта забываюць.

А ў галовах тых, хто змагаўся за Хрыста, паўставалі розныя пытанні. І на некаторыя з іх, магчыма, яны так і не знайшлі адказ. Вашай падтрымкі, пастыры, патрабавалі мясцовыя жыхары, для якіх толькі зараз стала адкрывацца праўда. Вашага слова патрабавалі тыя сотні беларусаў, якія заязджалі ў Курапаты. Вашага слова, святары, патрабавалі і працоўныя, якія яшчэ не сустрэліся з праўдай. Гэта былі важныя дні для ўсіх нас. Яны былі змрочныя, часам, безнадзейныя і крывавыя. І вас не было побач з церпячымі. Ці гэтага хацеў Хрыстос? Абсурдна думаць, што калі б Ён жыў у наш час, то Ён не прыйшоў бы ў Курапаты і не маліўся б з патрабуючымі.

Мы проста баімся быць хрысціянамі. Бо сапраўднае хрысціянства — гэта браць свой крыж і ісці за Хрыстом. А за Хрыстом далёка хадзіць не трэба. Мы можам пабачыць Яго ў вачах знявераных і патрабуючых, калі толькі не зачыняем перад імі дзверы, не кідаем слухаўкі і не адпісваемся ад іх каментарамі.

Богу няважна, колькі ў нас будзе прыгожых касцёлаў і цэркваў. Яму важна, каб мы спаўнялі Яго Волю. А Яго Воля — служыць Яму, а не камусьці яшчэ. Бо немагчыма служыць двум гаспадарам: Богу і мамоне.

Так давайце, нарэшце, прымем той факт, што шлях хрысціяніна — гэта шлях пакутніка. І перастанем бегаць ад гэтай праўду. Давайце, нарэшце, смела пачнем выконваць тое, да чаго пакліканыя — змагацца за праўду, вызнаваць Хрыста і быць побач з патрабуючымі. Бо гэтага якраз і хоча Хрыстос.

Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info

vika_11

грэка-каталічка, журналістка, старшыня Супольнасці хрысціянскіх журналістаў і блогераў, магістар філалогіі




Блогі