Ці паедзе дзяржаўны сакратар у Горадзен?

гроднаНа сайце catholic.by з’явілася паведамленне, што ў перыяд з 12 па 15 сакавіка з візітам у Беларусі будзе Дзяржаўны сакратар Яго Святасці Папы Рымскага кардынал П’етро Паралін.

Гэта другі візіт ватыканскай “персоны №2” у Беларусь. У чэрвені 2008 года Беларусь наведаў тагачасны Дзяржаўны сакратар кардынал Тарчызіё Бэртонэ.

Візіт кардынала Бэртонэ запомніўся перш-наперш менскім грэка-каталікам. Парафіяльны дом на вуліцы Арджанікідзэ, 6 быў адным з першых аб’ектаў, якія наведаў Дзяржаўны сакратар Ватыкана. Тут яго чакалі і грэка-каталіцкія вернікі ды святары, і рыма-каталіцкія біскупы Беларусі.

Прыезд Тарчызіё Бэртонэ на вуліцу Арджанікідзэ даў грэка-каталікам Мінска і ўсёй Беларусі магчымасць уздыхнуць з палёгкай. Бо тут Яго Эмінэнцыю чакалі і прадстаўнікі ўладаў г. Мінска і сталічнага Заводскага раёна. Яны, прадстаўнікі ўладаў і самі ўлады, доўга не згаджаліся “легалізаваць” дом №6 у якасці царкоўнага аб’екта. Калі ж стала вядома, што ў Беларусь прыедзе “правая рука” Папы і што “правая рука” мае намер пазнаёміцца з жыццём не толькі рыма-каталікоў, але і ўніятаў, улады мусілі заварушыцца, каб прадэманстраваць свету сваю  знакамітую верацярпімасць. Усе дакументы на “легалізацыю” Грэка-каталіцкага цэнтру былі хуценька аформленыя і ўручаныя каму трэба.

Кожны, хто прыйдзе ў капліцу на вуліцы Арджанікідзэ, можа ўбачыць, што візіт кардынала Тарчызіё Бэртонэ у ёй увекавечаны. Грэка-каталікі з удзячнасцю ўспамінаюць Дзяржаўнага сакратара Яго Святасці.

Напярэдадні візіту ў Беларусь  кардынала П’етро Параліна я пытаюся: ці не паедзе часам Яго Эмінэнцыя ў Горадзен і ці не завітае там у грэка-каталіцкую парафію Маці Божай Фацімскай? Бо надта ж шчэмяць горадзенскія ўлады тамтэйшых грэка-каталікоў. Так запалохалі, што яны нават пажаліцца на тыя ўлады баяцца. Варта было мне змясціць артыкул, у якім я збольшага расказаў пра злыбеды горадзенскіх уніятаў, на адным з сайтаў (http://forb.by/node/503), як у рэдакцыю прыйшла слёзная просьба:  выкіньце з артыкула ўсё, што датычыцца нас, бо… Можна толькі здагадвацца, якіх новых караў чакаюць бедныя горадзенскія каталікі грэцкага абраду за артыкул чалавека, які жыве ў Менску.

Візіт кардынала П’етро Параліна ў горадзенскую грэка-каталіцкую парафію, думаю, накіраваў бы імпэт тамтэйшых чыноўнікаў у іншым напрамку. Пра тое сведчыць візіт у чэрвені 2008 года кардынала Тарчызіё Бэртонэ у парафію Святога Язэпа ў Менску.

Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info

сідарэвіч

Беларускі гісторык, палітолаг, філосаф. Адзін з ініцыятараў адраджэння сацыял-дэмакратычнага руху на Беларусі. Старшыня БСДП у 2010-2011 гадах.

03 сакавіка 2015 | Блогі | Тэгі: ,



Блогі