Ці прыедзе Папа ў Беларусь?

Belarus-Minsk-House_of_Government_and_Vladimir_Lenin_Monument-1

Папа наведаў краіны Балтыі. У спатканнях з вернікамі ў Літве і Латвіі прыняло больш за тры тысячы чалавек з Беларусі. Радасць сустрэчы з Папам у Каўнасе і Аглоне перажыў і я.

Прымаючы ўдзел у сёлетнім візіце Святога Айца, які адбываўся з нагоды 100-годдзя незалежнасці балтыйскіх краін, я ўзгадваў візіт Яна Паўла ІІ, ён быў 25 год таму назад. Тады 9 верасня 1993 года, молячыся ў Аглоне на перадсаборнай плошчы, разам з трымастамі тысяч вернікаў я перажываў эйфарыю. Быў свята перакананы, што вось-вось Папа прыедзе на Беларусь. Ён ўмацуе наш Касцёл, і нашая краіна далучыцца да міжнароднай супольнасці, а мы будзем будаваць сваю будучыню на фундаментах грамадскіх каштоўнасцяў: праўды і свабоды, любві і справядлівасці — акурат так, як заахвочвае сацыяльнае навучанне Касцёла.

Мінула 25 год, я ізноў разам з вернікамі з Беларусі апынуўся на тым самым пляцу, аднак, у адрознені ад таго першага разу, эйфарыі больш ужо не было, а толькі халоднае аналітычнае мысленне ў маёй галаве шукала адказу на пытанне: “ці прыедзе Папа ў Беларусь? А калі так, то калі?»

І ўвесь час лавіў сябе на думцы, што я малюся, каб Папа прыехаў як хутчэй, а зараз дзякую Богу, што ён не прыехаў дагэтуль. У прынцыпе гэта і ёсць мой адказ на вышэй агучанае пытанне.

Адказ паўжартоўны, але я свядомы таго, што кожны жарт у сабе мае толькі частку жарту, рэшта ж ёсць праўдай.

Канешне, радасць спаткання з пантыфікам хацелася б перажыць і на сваёй Бацькаўшчыне. У гэтым візіце можна было б убачыць, што Папа дацэньвае партыкулярны Касцёл Беларусі, прызнае ягоную самадзельнасць і самастойнасць, якая ўласцівая мясцовым Касцёлам паасобных краінаў. Папа ў Беларусі быў бы доказам таксама таго, што Ватыкан як дзяржава прызнае дзяржаўнасць Беларусі і тое, што нашая краіна ёсць паўнавартаснай, здольнай праводзіць незалежную і самастойную палітыку. А таму цяжка пераацаніць каштоўнасць папскага візіту, як у плане рэлігійным, так і агульнапалітычным.

Але медаль мае два бакі. А таму з іншага боку, як уяўлю сабе, што Папа заўтра прыедзе ў Беларусь, то выразна бачу наступную карціну. Папа вітаецца з Прэзідэнтам краіны, які дагэтуль не можа забяспечыць выкананне канстытуцыі, якая дакладна гарантуе права на свабоду веравызнання і неўмяшальніцтва дзяржавы ва ўнутраныя справы Касцёла, а яскравым таму доказам ёсць існаванне ў Беларусі апарата упаўнаважанага па справах рэлігіі. Гэта “савецкая” інстытуцыя захавалася ў нас яшчэ да гэтага часу, і, пачынаючы з савецкіх часоў, праз яе дзяржава ўмешваецца ў кампетэнцыі біскупаў, якія самі павінны вырашаць, хто і на якіх умовах мае права здзейсняць рэлігійную дзейнасць у рэлігійных арганізацыях. І пакуль ёсць той “апарат”, наогул паўстае пытанне, ці магчымы прыезд Папы? Ці Святы Айцец атрымае ўзгадненне на рэлігійную дзейнасць у нашай краіне?

Другая прычына, якая, як вясной недарэчны паслязімовы зледзянеўшы сумёт снегу, ляжыць на шляху прыезду Папы, ёсць нашая вернасць чырвоным ідэалам.

Калі Папа прыехаў у Вільню, ён ушанаваў памяць ахвяраў, дзякуючы якім здабывалася свабода і незалежнасць Літвы. Канешне, наведаў і памятнае месца генацыду яўрэяў, тым самым ушаноўваючы усіх ахвяраў фашыстоўскага рэжыму, але ж наведаў і помнік свабоды ў Вільнюсе і музей таталітарнага рэжыму, які размешчаны ў былым будынку КГБ. Падкрэсліваючы непрымальнасць будавання будучыні на асновах таталітарных рэжымаў.

У нас жа, дык напэўна б, адвезлі Папу ў Хатынь, і яно добра і хай сабе, але пры гэтым можна фантазіраваць далей і ўяўляць, як павялі б Святога Айца ускладаць кветкі ля помніка Леніну, бо пакуль гэтыя помнікі не ёсць выключна музейнымі экспанатамі, іх можна лічыць сімвалам Беларусі, бо іх ёсць найбольш у Беларусі, агулам каля чатырохсот. Наўрадці, Папу адвезлі б у Курапаты, ну калі толькі перакусіць

Потым, напэўна б, пунктам праграмы была б сустрэча з праваслаўным мітрапалітам, які палохаў Еўропу “чарнобыльскім кранікам”, вызнаваў сваю веру ў “іншага бога” і бараніў духоўныя скрэпы, перасцярагаючы грамадства ад скрайнасцяў, што сёння можам высмеяць рускага цара, а заўтра на самага Леніна падымем руку (інтэрв’ю да фільму “Матыльда”).

А без такога спаткання немагчымы візіт, бо у нас галоўнай прычынай, як кажуць, ёсць тое, што Беларусь — гэта “кананічная тэрыторыя” РПЦ МП, што па меркаваннях іншых, гэта зусім не так. Як вынікае з недаўняга інтэрв’ю (партал credo.ru) славутага багаслова і праваслаўнага іерарха Канстанцінопальскага Патрыярхату арцыбіскуба Тэльміскага Іёва, Беларусь можа і ёсць тэрыторыя кананічная, але ж зусім не Маскоўскага патрыярхату, а Канстантынопальскага. Як кажуць, а цар то несапраўдны!

Асабіста ж на маю думку, гэта ўсё вельмі ўмоўна з той “кананічнай тэрыторыяй», бо калі ў Беларусі ёсць 1,5 мільёна католікаў, то павінна знайсціся і такая тэрыторыя, дзе католікі маглі б сустрэцца са сваім пастырам, незалежна ад таго, падабаецца тое камусьці, ці не.

Ну і напрыканцы, даў бы Бог, адбылося б спатканне з вернікамі, на якое б сабралася, напэўна, не менш за 100 або нават і 200 тысяч вернікаў з усёй Беларусі, і тут бы зноў праявіла б сябе МУС, які б у святле апошніх заяўленняў пра арганізацыю еўрапейскіх гульняў, што маюць адбыцца ў Мінску, можна прагназаваць, запрасіў б не толькі замежных паліцэйскіх з Расеі, але ж, можа, нават і іх войскі. Так, на ўсялякі выпадак, каб мець упэўненасць, што энтузіязм і эйфарыя свабодалюбівых католікаў будзе пад кантролем стабільнай дзяржаўнай сістэмы. І тады, да прыкладу, усе тыя нараканні на працу міліцыі на такіх фэстах як будслаўскі, здадуцца кветачкамі і лёгкай прэлюдыяй перад яблычкамі і сапраўдным канцэртам. А пра гэта нават думаць не хочацца.

Вось гэта і ёсць тыя прычыны, якія, як халодны душ, пазбаўляюць ад эйфарыі і, вяртаючы да зямных рэалій, дазваляюць рабіць выснову: дык, можа, і добра, што Папа дагэтуль не прыязджаў, а то Папа прыедзе і паедзе, а нам далей жыць і хадзіць нашымі “ўлюбёнымі” савецкімі вуліцамі.

Аднак гэта ўсё непакоіць, калі заставацца на ўзроўні лагічнага людскога мыслення.

Я ж чалавек веруючы, і веру, што там, дзе чалавек бачыць адну сцяну, Бог здольны адчыніць дзверы. А таму надзеі не губляю і малюся, каб Папа прыехаў!

Бог здольны прастаўляць усё на сваё месца. І пунктам выхаду, лічу, ёсць словы Хрыста: “Пазнайце праўду і праўда вас вызваліць» (Ян 8,32). З чагосьці пачынаць трэба. Беларусі трэба раскрыць усе тайны архіваў: палітычных злачынстваў, пераследу іншадумства, гераічнага супраціву тых, хто не ішоў на супрацоўніцтва са злачыннай уладай і пазаставаўся верным свайму сумленню нават коштам уласнага жыцця.

Гэта будзе першы крок да агульнабеларускага пакаяння і пасля паяднання дзяцей тых, чые продкі пісалі даносы, здраджвалі, забівалі, і тых хто станавіўся ахвярай. Без гэтага не будзе нас, нашай краіны, нашай будучыні, і не відаць нам Папы.

Прыклад суседзяў вучыць, што іншага шляху няма.

Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info

61819164_2295799904079742_659389346654191616_n

Каталіцкі святар, пробашч у Расонах

25 верасня 2018 | Блогі | Тэгі: , ,



Блогі