Да выхаду ў свет працы Германа Бідэра пра Антона Луцкевіча

97AEE907-E23E-45CB-8E0C-4574BFD9AE99_w1023_r1_s

Публікуючы ў студзені і лютым 1991 года нарысы з жыцця Антона Луцкевіча, я звярнуў увагу чытачоў, што ў Бібліятэцы Акадэміі навук Літвы ляжыць рукапіс ягонай працы “Беларуская граматыка”. Гэта рукапіс паводле лекцый, якія Луцкевіч чытаў на беларускіх настаўніцкіх курсах у 1915–1916 гг. у Вільні.

Хоць я выпусціў тры кнігі твораў Луцкевіча, змяшчаць у якой-кольвек з іх гэтую працу я не адважыўся хоць бы з тае прычыны, што не маю належных ведаў у мовазнаўстве. А працу трэба ж не толькі апублікаваць (гэта не праблема, гэта работа механічная), але і забяспечыць каментарамі.

Было спадзяванне, што за вывучэнне мовазнаўчай спадчыны Луцкевіча возьмуцца нашы лінгвісты. Якое ж было маё расчараванне, калі ў энцыклапедыі “Беларуская мова”, што выйшла ў 1994 г. у Менску, я не ўбачыў нават маленечкі артыкульчык пра Луцкевіча. А потым з’явіўся двухтомнік, прысвечаны беларускім мовазнаўцам. І зноў я не знайшоў хоць бы маленечкі артыкульчык пра Луцкевіча. Але аднаго разу Сяргей Запрудскі, з якім я нярэдка сустракаюся ў Нацыянальнай бібліятэцы, сказаў мне, што нямецкі мовазнаўца Карл Гутшміт (Karl Gutschmidt) прысвяціў граматыцы Луцкевіча асобны артыкул. Гэты артыкул – “Хто напісаў першую граматыку беларускай літаратурнай мовы?” – мой зямляк прафесар Мікалай Прыгодзіч апублікаваў ў 2010 г. у кнізе “Беларуская мова ў працах замежных лінгвістаў”.

Вось так (хто напісаў першую граматыку беларускай літаратурнай мовы?) сфармуляваў пытанне прафесар універсітэта імя Гумбальта ў Берліне Карл Гутшміт. І ў такой пастаноўцы пытання прачытваецца адказ: першую граматыку нашай мовы напісаў не Браніслаў Тарашкевіч, як гэта было прынята лічыць. Тарашкевіч першы АПУБЛІКАВАЎ граматыку. І не без падтрымкі Луцкевіча.

Антон Луцкевіч анансаваў выхад Тарашкевічавай граматыкі ў сваім артыкуле “Рэформа правапісу” (Гоман. 1918. 10 верасня). У тым артыкуле ён пісаў: “Разумеючы, якую вагу мае аднароднасць правапісу ў беларускіх выданнях, мы з гэтага нумару ўводзім у “Гомане” сістэму п. Тарашкевіча і прызываем усіх выдаўцоў і працаўнікоў на літаратурнай ніве дзяржацца гэтага ж правапісу”.

Цікавы факт, праўда? Аўтар першай беларускай граматыкі саступае першынство свайму малодшаму таварышу. Ці не з тае прычыны, што гэта браты Луцкевічы націснулі на юнага Тараса (мянушка Тарашкевіча), каб той ішоў вучыцца на гісторыка-філалагічны факультэт? Таму і націскалі на яго, што спадзяваліся: скончыўшы ўніверсітэт, Тарашкевіч напіша так жаданую граматыку роднае мовы.

А пакуль Тарас вучыўся, пакуль лініяй фронту быў адарваны ад роднае Вільні, пісаць граматыку ўзяўся Антон Луцкевіч. Бо ў гэтым была вострая патрэба. У 1915-м у заходнія паветы Беларусі прыйшлі немцы і прызналі роўныя правы беларускай мовы. І дазволілі беларускае школьніцтва. Трэба было рыхтаваць настаўнікаў для працы ў гэтых школах. А граматыкі не было. І людзей, якія б мелі адмысловую падрыхтоўку, – таксама. Вось і ўзяўся складаць граматыку беларускай мовы чалавек, які вывучаў ва ўніверсітэце матэматыку і юрыспрудэнцыю. Падзякуем класічным гімназіям, якія давалі грунтоўную філалагічную падрыхтоўку: старажытнагрэцкая, лацінская, стараславянская, расейская, нямецкая і французская мовы. Вучылі так, што выпускнік гімназіі добра пачуваўся і ў Берліне, і ў Парыжы. Веды, набытыя Луцкевічам у гімназіі і шляхам самаадукацыі, дапамаглі яму.

Ведаючы, што Луцкевічава граматыка была першая, я хацеў пачытаць, што пра яе думаюць адмыслоўцы. Ці мае яна хоць якое, хоць гістарычнае значэнне? Голас прафесара Гутшміта ўжо прагучаў. І ўсё? Не ўсё. Цяпер я ведаю, што яшчэ ў чэрвені 2007 прафесар Гутшміт на славістычнай канферэнцыі ў Ольдэнбургскім універсітэце сустрэў доктара Германа Бідэра (Hermann Bieder), прафесара Зальцбургскага ўніверсітэта (Аўстрыя), і прапанаваў яму разам выдаць граматыку Луцкевіча ў форме каментаванага выдання. На жаль, доктар Гутшміт у 2012 годзе памёр, і супольна пачатую працу прафесар Бідэр працягваў адзін.

Сёлета гэтая праца – два тамы на 934 старонкі – выйшла ў Ольдэнбургу ў серыі “Studia Slavica Oldenburgensia”.

Публікацыі лекцыяў А. Луцкевіча папярэднічае прадмова доктара Бідэра. Потым ён дае біяграфію Луцкевіча з наступнымі раздзеламі: “Сям’я” (пра бацьку, маці, братоў, сясцёр, вучобу), “Палітыка” (Луцкевіч жа ці не ў першы чарод быў палітыкам), “Культура” (Луцкевіч жа быў і дзеячом беларускай культуры, творцам культурных каштоўнасцяў) і “Луцкевіч у сучаснасці”.

Далей пададзена выбраная бібліяграфія філалагічных, гістарычных і публіцыстычных працаў Луцкевіча. Пасля гэтага доктар Бідэр знаёміць чытачоў з рукапісам Луцкевіча, адзначаючы яго просты каліграфічны почырк, і з прынцыпамі публікацыі.

Сам тэкст працы Луцкевіча займае ў 1-м томе старонкі 47–100. Пасля яго ідзе тлумачэнне мовазнаўчых тэрмінаў, якія сустракаюцца ў працы Луцкевіча. Аднак доктар Бідэр тлумачыць не толькі тэрміналогію ў “Граматыцы” Луцкевіча. Ён тлумачыць таксама мовазнаўчую тэрміналогію Луцкевіча і ў яго кнізе “Выбраныя творы. Праблемы культуры, літаратуры і мастацтва” (Менск, 2006).

Другая частка 1-га тома – гэта каментар да “Граматыкі” Луцкевіча. У ім такія раздзелы: арфаграфія, фанетыка, акцэнтуацыя, марфалогія, словаўтварэнне, стылістыка, тэрміналогія.

2-і том працы доктара Бідэра пачынаецца з раздзела “Каментар да беларускай літаратурнай мовы”. Гаворка тут і пра мову нашаніўскага перыяду, і пра графічныя сістэмы, і арфаграфію ХІХ ст., і пра арфаграфію нашаніўскай пары, і пра лексіку, і пра стылі (белетрыстычны, публіцыстычны, канцылярскі, навуковы). Потым у гэтым раздзеле разглядаецца, што рабілі ў галіне граматыкі нашай мовы Павел Шпілеўскі, Яўхім Карскі, Карусь Каганец, Антон Луцкевіч, Рудольф Абіхт, Браніслаў Тарашкевіч, Язэп Лёсік ды іншыя. Надаецца ўвага і лексікаграфіі 1840–1930 гг., працам Паўла Шпілеўскага, Івана Насовіча, Язэпа Ціхінскага, Міколы Байкова, Сцяпана Некрашэвіча, Яна Станкевіча.

Другі раздзел у 2-м томе працы прафесара Бідэра мае загаловак “Каментар да моўнай палітыкі і моўнай сітуацыі ў Беларусі (1795–1939)”. Гэта той час, які папярэднічаў Антону Луцкевічу і ў якім Антон Луцкевіч жыў і працаваў (як вядома, у 1939-м бальшавікі вырвалі яго з нармальнага жыцця і пазбавілі магчымасці працаваць).

Такі павярхоўны агляд працы доктара Германа Бідэра, якая выйшла сёлета ў Ольдэнбургу. Першае ўражанне такое, што напісана яна грунтоўна (па-нямецку кажучы, gründlich).

Рукі беларускіх лінгвістаў да сціплага рукапісу Антона Луцкевіча не дайшлі. Аўстрыйскі ж вучоны не толькі ўзяў той рукапіс у рукі, не толькі надрукаваў яго, але і прааналізаваў, і супаставіў працу Луцкевіча з працамі іншых аўтараў граматык, разгледзеў яе ў гістарычным кантэксце. І цяпер 2 тамы прафесара Бідэра становяцца ў шэраг тых працаў з беларусазнаўства, беларускага мовазнаўства і луцкевічазнаўства, якія нельга будзе не ўлічваць наступным пакаленням даследчыкаў. Добра было б, калі б гэтую працу пераклалі на беларускую мову.

29 чэрвеня 2-томнік доктара Бідэра будзе прадстаўлены навукоўцам і зацікаўленай публіцы ў бібліятэцы імя Якуба Коласа Акадэміі навук. Пачнецца прэзентацыя а 15-й гадзіне.

Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info

сідарэвіч

Беларускі гісторык, палітолаг, філосаф. Адзін з ініцыятараў адраджэння сацыял-дэмакратычнага руху на Беларусі. Старшыня БСДП у 2010-2011 гадах.

29 чэрвеня 2017 | Блогі | Тэгі: ,



Блогі