Дадатковы спіс хрысціянскіх каштоўнасцяў для беларускага МУС

22856_original

Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі выступіла ў нечаканай для сябе ролі і заступілася за хрысціянскія каштоўнасці. Абараняць хрысціянскія каштоўнасці вельмі пахвальна, але ж не сэксам адзіным яны абмяжоўваюцца. Тым больш, што традыцыйныя хрысціянскія сямейныя каштоўнасці не прадугледжваюць таксама разводаў, абортаў, пазашлюбных адносінаў і шмат чаго іншага легалізаванага ў Беларусі і дэманструемага з самага верху беларускай вертыкалі.

Дый не роля міліцыі абараняць каштоўнасці, роля міліцыя – абараняць літару і дух закону. Тым не менш, калі ўжо міліцыя заступілася за хрысціянскія каштоўнасці, прапануем ім яшчэ набор таго, што можна было б паспрабаваць абараніць. Хадзіць далёка не будзем і абмяжуемся рахункам сумлення на падставе дзесяці запаведзяў.

Не май іншых багоў, апроч Мяне. Як у Беларусі сітуацыя з помнікамі “дзядулі” Леніну? Наколькі шмат ідалаў таму, хто памёр, але жывей за ўсіх жывых, па-ранейшаму стаяць у Беларусі? Ці не пара знайсці ім адпаведнае месца?

Не ўжывай імя Пана Бога дарэмна. Як часта прадстаўнікі міністэрства, іншыя дзяржаўныя служачыя, у тым ліку і прэзідэнт, парушаюць прысягу? У тым ліку дадзеную на Канстытуцыі? Ці, можа, пара пакласці канец клятвапарушэнням?

Памятай дзень святы святкаваць. Як там у нас у краіне з нядзеляй? Ці гэта сапраўды выходны дзень, як, напрыклад, у многіх краінах ЕС? Дый дадатковыя святы беларусам на Дзяды і другі дзень Вялікадня замест якіх-небудзь 7 лістапада былі б не лішнімі.

Шануй бацьку свайго й маці сваю. Як у ведамстве з мовай бацькоў, дзядоў, прадзедаў? Як з дзяржаўнай і нацыянальнай – беларускай мовай у цэлым у Беларусі? Ці па-ранейшаму ў лепшым выпадку, хто как хаціт, той так і гаварыт? А то і ўвогуле – ідзіце лесам са сваёй беларускай мовай?

Не забівай. Аборты – дзясяткі тысяч забітых беларусаў штогод. Смяротнае пакаранне – адзіная краіна на ўвесь еўрапейскі кантынент. Забітая памяць сотняў тысяч ахвяраў сталінскіх і іншых камуністычных рэпрэсій, нават звесткі пра якіх засакрэчаныя, а каты якіх шанаваныя на дзяржаўным узроўні. Замест адкрытых архіваў – форма НКУС на міністры ўнутраных спраў і помнікі Сталіну.

Не чужалож і не пажадай жонкі бліжняга твайго. Пра гэта ўжо пісалі вышэй. Паўтарацца не бачым сэнсу.

Не крадзі і не пажадай нічога, што належыць бліжняму твайму. На якім месцы Беларусь у свеце па ўзроўні карупцыі? А як быць са скрадзенымі выбарамі, якія, па сведчаннях шматлікіх назіральнікаў, фальсіфікуюцца ў Беларусі з году ў год? А як быць са скрадзенай свабодай на аб’яднанні і мірныя сходы, якая нават у Канстытуцыі запісаная, а на справе – чарговы пшык?

Не сведчы фальшыва супраць бліжняга твайго. Прабачце, але, калі меркаваць па сведчаннях шматлікіх палітычных актывістаў, унутраныя органы – гэта проста рассаднік ілжэсведчання. Аднарукія, якія пляскалі ў далоні. Міліцыянеры, якія чулі за некалькі кіламетраў, як нібыта брыдкасловілі затрыманыя. Людзі, якія нібыта былі на мітынгу, хоць у гэты час былі за мяжой. І гэта толькі самае знакамітае. А на падставе гэтага адпаведныя рашэнні прымаюць і суды.

Дык, можа, шаноўнае міністэрства зоймецца і іншымі хрысціянскімі каштоўнасцямі, калі ўжо стала на іх абарону? Працы, як бачыце, шмат.

Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info

maksim

Журналіст, галоўны рэдактар КРЫНІЦА.INFO

22 траўня 2018 | Блогі | Тэгі: ,



Блогі