Давядзецца гартаць Энгельса, Пляханава, Каўцкага, Бярдзяева, Луцкевіча, Кагарліцкага

vladimir-lenin_-crowd_-communism-171818-pic668-668x444-51481

Давядзецца першы тыдзень прысвяціць паўтарэнню пройдзенага — чытанню позніх працаў Энгельса, пісаных у 1917 і пасля 1917 працаў Пляханава, Каўцкага, Бярдзяева, Луцкевіча, а таксама каранага за марксізм у СССР Барыса Кагарліцкага. Усе марксісты. Кандовыя.

А ўсё дзеля таго, каб падрыхтавацца да круглага стала, прысвечанага 100-годдзю бальшавіцкага перавароту. Стол 8 лістапада ладзяць камуністы з Партыі «Справядлівы свет». Паклікалі і мяне.

Ага, і Льва Давыдавіча пагартаць трэба. Тут такая штука. Бальшавіцкія аўтары пісалі, што да канца 2-й пяцігодкі (1937!) у CCCР будзе бяскласавае грамадства. Маркс варочаецца ў дамавіне: бяскласавае грамадства і дзяржава. Але так пісалі марксісты-ленінцы. І тут таварыш Леў Давыдавіч піша кнігу «Преданная революция. Что такое СССР и куда он идет?» (1936) і паказвае, што ў СССР узнік новы клас — партыйна-савецкая бюракратыя, уласнік і распарадчык асноўных сродкаў вытворчасці. Той новы клас, пра які югаслаўскі марксіст Мілан Джылас пазней напісаў адмысловую кнігу.

І Тоні Кліф мне патрэбен. Для таго, каб паказаць яго пераемнасць з Леніным. Як вядома, пад канец жыцця Ільіч назваў створаны бальшавікамі эканамічны лад дзяржаўным капіталізмам. А таварыш Кліф напісаў у канцы 1940-х адмысловую працу «Дзяржаўны капіталізм у Расіі» (як вядома, Расія ў той час выступала пад псеўданімам СССР) і лічбамі даказаў, што Ільіч меў рацыю.

Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info

сідарэвіч

Беларускі гісторык, палітолаг, філосаф. Адзін з ініцыятараў адраджэння сацыял-дэмакратычнага руху на Беларусі. Старшыня БСДП у 2010-2011 гадах.

02 лістапада 2017 | Блогі | Тэгі: ,



Блогі