Дэмаралізацыя

HezekiahsPrayer

Самае важнае ва ўмовах несправядлівасці – гэта не паддацца дэмаралізацыі.

Заняпад духу і потым дэпрэсія, адчай, думкі пра тое, што гэта невыносна – такога толькі і чакае адваротны бок, каб растаптаць, зламаць маральна, запалохаць.

Гэтага асабліва цяжка пазбегнуць, калі на баку абуральнай несправядлівасці яшчэ і моц.

У прынцыпе, калі падабаецца быць дэмаралізаваным, можна далей не чытаць.

ГІСТОРЫЯ ЦАРА ЭЗЭКІІ

У часы даўнія жыў цар Эзэкія. З пачатку царавання ён вырашыў кіраваць маральна, вярнуўся сам і вярнуў народ да ісціны, да маральных каштоўнасцяў. І так асмялеў, што перастаў плаціць даніну свайму суверэну-захопніку.

Суверэн не стаў чакаць, калі мяцежнік ўзмоцніцца. Неўзабаве вораг сілай вялізнай арміі ўзяў суседнія з царскім гарады. І калі аблажыў сталіцу, Эзэкія… адкупіўся, аддаўшы ворагу ўсё золата і срэбра, якое знайшоў. Нават садраў залатыя пласціны з унутранага ўбрання храма Бога, у якога верыў.

Цікава? Далей будзе круцей.

ВЕРАЛОМСТВА ЗАХОПНІКАЎ

Але захопнік апынуўся вераломным. Яму было мала золата і срэбра, ён вырашыў раздушыць Эзэкію маральна. Ён хацеў даведацца, а на што ж такое насамрэч спадзяецца смяльчак Эзэкія?

І паслаў трох сваіх ваеначальнікаў з велізарным войскам. І зноў сталіцу аблажылі.

Трое ваеначальнікаў ворага прыйшлі да брамы горада і сталі прылюдна абражаць цара Эзэкію, насуперак яго просьбе казалі на мове яго народа, так што было чуваць усім.

Пачалі высмейваць яго магчымых саюзнікаў. Потым сталі высмейваць духоўныя каштоўнасці Эзэкіі, абражаць Бога, у якога ён верыў. Тады ніхто з народа не паддаўся і не сказаў у адказ ні слова, бо цар так загадаў.

ЯНЫ ПРАЦЯГВАЛІ ЦІСНУЦЬ, А ЁН НЕ ЗДАВАЎСЯ

Але трое гадаў не жадалі ўтаймавацца, а кожны дзень прыходзілі і пачыналі ўсё спачатку: абражалі цара, яго магчымых саюзнікаў, яго духоўныя каштоўнасці, запалохвалі людзей, малявалі ім страшны фінал гібелі і спусташэння. Людзі трывалі, але ў горадзе запасы ежы і вады раставалі, пачаліся хваробы.

Што рабіў наш цар? Ён паступаў у адпаведнасці са сваімі духоўнымі каштоўнасцямі. Ён пераглядаў і пераглядаў свае перакананні, свае маральныя каштоўнасці, казаў і казаў Богу пра тое, што ён перажывае, што адчувае і як хоча паступіць маральна. І як яму шкада, што не можа адказаць ворагам, якія чыняць вераломства і несправядлівасць, абражаюць святыню, топчуць Ісціну.

І кожны раз, выслухаўшы ворагаў, сыходзіў у самотнасць з Богам.

І аднойчы Бог сказаў, што гэта вайна не цара, а Яго, Бога, і што Ён заступіцца за сталіцу царства. Так і выйшла. Цар-узурпатар ўсё ніяк не мог прыйсці з усім войскам і разабрацца з Эзэкіем. А потым і зусім захопніка забілі людзі з яго ж бліжэйшага атачэння.

ШТО ВАЖНЕЙ ЗА ТВОЙ ДУХ?

Няма нічога больш важнага тваіх духоўных каштоўнасцяў і перакананняў. Ім мерка – сумленне. Калі тваё сумленне спакойнае, а вораг хоча цябе дэмаралізаваць, глядзі ўнутр сябе, на свае перакананні. Ці ёсць там штосьці, чым ты не можаш паступіцца?

Я разумею, што не ўсе вераць у Бога. Але я веру. І я да яго звяртаюся, распавядаю, што са мной адбываецца і што я адчуваю. Калі не мая праўда, я прашу ў Бога прабачэння, я каюся, а калі сумленне спакойнае, я проста аддаю Яму вяршэнства у маім жыцці.

Ёсць розныя духоўныя практыкі. Калі ў цябе ёсць, выкарыстоўвай іх. Калі няма або проста цікава, паспрабуй рабіць як я.

НЕСПРАВЯДЛІВАСЦЬ – ГЭТА ВЫКЛІК БОГУ

Я веру, што любая абуральная несправядлівасць – гэта выклік самому Богу. І гэта ўжо Яго бітва.

Рабі, што павінен і будзь што будзе. Такая формула супрацоўніцтва з Богам. І Ён заўсёды прыходзіць на дапамогу.

Нават калі не мяняюцца бачныя абставіны, дык у сэрца чалавека прыходзіць мір і звышнатуральны спакой, прыходзіць духоўная моц.

Гэтая сіла дапамагала першым хрысціянам вытрымаць смерць ад кіпцюроў і зубоў звяроў, ад распяцця на крыжах і спалення жыўцом на арэне Калізея падчас імператарскіх шоу ў паганскім Рыме.

Гэтая моц дазволіла маім настаўнікам вытрымаць сталінскія лагеры і смерць блізкіх толькі за тое, што ў іх была Біблія і вера ў Бога. І дзе тая савецкая бязбожная ўлада?

І гэтая моц падняла Хрыста з мёртвых.

Тая ж моц гатовая дзейнічаць ў жыцці кожнага, хто прагне справядлівасці і хто хоча жыць па сумленні.

Не паддавайся, супрацьпастаў свае духоўныя каштоўнасці вераломнай дэмаралізацыі. Усё праходзіць, пройдзе і гэта. Перадай сябрам: Час пераменаў блізка.

Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info

Shyrvel

журналіст, эксгалоўны рэдактар партала KRYNICA, бацька 6 дзяцей, евангельскі хрысціянін

08 жніўня 2018 | Блогі | Тэгі:



Блогі