Дні пакаяння

Здымак Antoni Bokun

Усё, што адбываецца ў Беларусі ў апошнія дні сьведчыць пра тое, што Госпад дзейнічае ў нашай краіне. І калі Госпад наведвае зямлю, Ён нярэдка зьвяртаецца да тых ці іншых падзеяў у мінулым. Так Ісус Хрыстос памёр і ўваскрос на Пасху, а Дух Сьвяты зыйшоў на апосталаў у дзень Пяцідзясятніцы. Гэтаксама цяпер на 100-годдзе “цуду над Віслай” адбыўся “цуд над Сьвіслаччу”, калі сотні тыяч беларусаў выйшлі на вуліцы, каб сказаць сваё “не” гвалту і беззаконьню. І ўсе далейшыя падзеі адбываюцца ў час 40-дзённага юдэйскага посту перад Днём адкупленьня (Ём-Кіпур), які ў гэтым годзе прыпадае на 28 верасьня, на 50-ы дзень пратэстаў, пасьля 7-га нядзельнага маршу па вуліцах беларускіх гарадоў.
Ём-Кіпур яшчэ называюць Судным днём, і 10 дзён паміж Рош-ха-Шана і Ём-Кіпур юдэі называюць Дзесяцьцю днямі пакаяньня, часам, калі яшчэ ня позна прымірыцца з Богам, Які выносіць Свой прысуд над кожным чалавекам.
Бог наведвае Беларусь, і гэта значыць, Ён прыйшоў, каб правесьці Свой суд.

У Эвангельлі мы чытаем:
Суд жа такі, што Сьвятло прыйшло ў сьвет, але людзі палюбілі цемру больш за сьвятло, бо ўчынкі іх былі злыя.
Бо кожны, хто робіць благое, ненавідзіць сьвятло і не ідзе да сьвятла, каб не былі дакараныя ўчынкі ягоныя.
А хто чы́ніць праўду, ідзе да сьвятла, каб відочнымі былі ўчынкі ягоныя, бо яны ў Богу ўчынены.
(Эвангельле паводле Яна 3:19-21).

Зараз ёсьць час для кожнага беларуса, а асабліва для нас, якія прагнуць праўды, справядлівасьці, правасудзьдзя, прымірыцца з Богам, зьвярнуцца да Яго. Цяпер Дабро і Зло вельмі выразна бачныя. І калі ты прагнеш перамогі дабра, няма іншага шляху, як зьвярнуцца да Таго, Хто ёсьць Дабром, Праўдай, Справядлівасьцю, да Вялікага Судзьдзі, Які судзіць сьвет паводле праўды і справядлівасьці.

Божа вялікі і міласьцівы! Я прызнаю, што я грэшнік і саграшыў супраць Цябе і супраць людзей, што мае ўчынкі заслугоўваюць пакараньня, што я часта не раблю тое добрае, што хачу, а тое злое, якога не хачу, раблю. Але я прыходжу да Цябе, Бог вялікі і міласьцівы, у імя Твайго Сына Ісуса Хрыста і прашу — прабач мяне, Божа! Я раскайваюся ў грахах і хачу жыць праведным жыцьцём. Зьмяні мяне, зьмяні маё сэрца, дай мне сілы не адступаць ад Цябе, не адступаць ад Праўды.
Госпад вялікі! Я прашу Цябе, збаў нашу краіну, Беларусь. Вызвалі нас ад зла, і вядзі нас да сьвятла.
У імя Ісуса Хрыста, Твайго Сына, Які памёр на крыжы за мой грэх, за грэх Беларусі, за грэх сьвету, але ўваскрос і жывы, і заступаецца за нас, прашу Цябе. Амэн.

Антоні Бокун

Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info

bokun

Пастар Царквы Ян Прадвесьнік

22 верасня 2020 | Блогі |



Блогі