Дух Хрыста як сведчанне выратавання

homepage-quad-basicneeds

У тым пазналі мы любоў, што Ён паклаў за нас душу Сваю: і мы павінны пакладаць душы свае за братоў. Дзеткі мае! Будзем любіць ня словам ці языком, але дзелам і праўдаю! I гэтак пазнаем, што мы ад праўды, і супакоім перад Ім сэрцы нашыя. Бо, калі сэрца нас асуджае і дык тым балей Бог, бо Бог большы за сэрца нашае і ведае ўсё. I хто захоўвае запаведзі Яго, той прабывае ў Ім, і Ён у тым. А што ён прабывае ў нас, даведваемся па Духу, Якога Ён нам даў.

1 Яна 3:16, 18-20, 24

Часам хрысціяніна асільваюць сумневы. «Ці выратаваны я?» — задаецца ён пытаннем. Адкуль прыходзяць такія сумненні? Ад асуджэння сэрца. Наша сэрца асуджае нас за нашы нейкія правіны. Дык як жа нам супакоіць нашы сэрцы? Дзе ці ў чым знайсці супакой для іх?

  1. Дрэнны дарадца.

Сэрца ці сумленне — дрэнны дарадца. Яно можа асуджаць нас, часцяком справядліва, але часам асуджаць за тое, што не з’яўляецца грахом. Успомнім, што напісана пра ідалаахвярнае. Апостал піша, што ідал «ў свеце нішто», а таму можна есці ідалаахвярнае мяса… але сумленне нямоглага чалавека асуджае яго за гэта. Наша сумленне працуе з нашымі перакананнямі. Калі мы лічым нешта грахоўным, нават калі яно не такое, то зрабі мы не па перакананні, наша сумленне будзе нас асуджаць.

Чытаем: «Бо, калі сэрца нас асуджае і дык тым балей Бог, бо Бог большы за сэрца нашае і ведае ўсё» (1 Яна 3:20).

Так, менавіта так гучыць гэты тэкст, ці дакладней сэнс дадзенага тэксту. Наша сэрца можа нас асуджаць, але яно не Бог, які ведае ўсё. Таму што наша сэрца — гэта мы, яно ведае не болей таго, што ведаем мы. І толькі Бог сапраўды ведае тых, хто Яго.

Але ёсць і іншы бок у пачуццяў нашага сэрца. «Калі наша сэрца не асуджае нас, мы маем адвагу звяртацца ў малітве да Бога. Але сэрца чалавека сапсавана. Ёсць людзі, хто робіць грэх, але не адчувае асуджэння сумлення. Паглядзіце на тэкст, што там напісана: «калі сэрца нашае не асуджае, дык…», але не гэта падстава адказу Божага на нашы малітвы, а «таму што запаведзі Яго выконваем і робім заўгоднае Яму».

  1. Добры дарадца.

Калі сэрца — дрэнны дарадца, дык дзе шукаць добрае сведчанне? Як супакоіць сваё сэрца і даведацца, што мы належым Богу? Чытаем: «па тым даведаемся, што мы ад праўды…» Калі любім адно аднаго.

І другі тэкст — гэта верш 24. Так даведаемся, што мы ў Богу, а Ён у нас, па самаіснага ў нас Духу Хрыста. Што гэта значыць?

Дух Хрыста — гэта дух любові. З гэтага пачынаўся разгляданы намі тэкст. Мы спазналі любоў у тым, што Хрыстос паклаў за нас жыццё. Чуеце? Вось яна, мерка любові! Любоў у тым, што Ён паклаў жыццё за нас. І калі мы любім адно аднаго, дык павінны класці свае жыцці адно за аднаго. Калі мы любім адно аднаго, дык у нас жыве Дух Хрыста — Дух любові.

Няправільна вызначаць знаходжанне ў Нас Духа Хрыстовага іншым чынам. У тэксце ёсць адзін цікавы момант. Ян піша: «будзем любіць ня словам альбо языком». У грэчаскім слова «язык» — гэта не орган цела, а «глоса» — гэта слова азначае хутчэй «мова». Апосталы ў дзень Пяцідзясятніцы загаварылі іншымі «глосамі». І апостал Павел ў пасланні Карынцянам кажа нешта падобнае: «калі я гавару мовамі чалавечымі і анёльскімі, а любові ня маю, дык я медзь звонкая».

Ёсць толькі адзін спосаб даведацца, ці знаходзіцца ўва мне Дух любові — гэта маё жаданне любіць бліжняга, любіць практычна, выяўляючы клопат аб жывучым у нястачы.

Хрыстос палюбіў нас, Ён памёр за нашыя грахі, і ўклаў свой Дух у тых, хто належыць Яму. Калі мы сумняваемся ў нашай прыналежнасці Яму, дык Ян раіць нам праяўляць гэты Дух у клопаце аб блізкім. Такім чынам, мы супакоім нашыя сэрцы перад Ім.

А Яму, Хто палюбіў нас, хай будзе слава на вякі!

Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info

удальёёў

Сяржук Удальёў. Пастар Эвангелічнай рэфармацкай царквы (Мінска-Магілёўская дыяцэзія), прэзбітэрыя святога Ансэльма, CREC. Магістр багаслоўя. Нарадзіўся 5 ліпеня 1976 года.

02 траўня 2018 | Блогі | Тэгі:



Блогі