Духоўнае аздараўленне: 10 парад, якія дапамагаюць выйсці са схаванай дэпрэсіі

исцеление душиДухоўнае аздараўленне я б прыраўняла да выхаду са схаванай духоўнай дэпрэсіі. Нядаўна я ўжо пісала пра тое, як я дайшла да падножжа аздараўлення, дзе мяне сустрэлі Вера і Давер.  Але мне ўсё ж такі хацелася падзяліцца тымі лекамі, якія мне прапісаў Бог на шляху майго ацалення. Пры кампаноўцы гэтых лек у адзін рэцэпт я атрымала дзесяць парад. А раптам камусьці дапаможа?

1. Скокнуць у нязведаннае

Пасля таго, як ты вырашыў мяняць сваё жыццё, табе прыйдзецца адразу адмовіцца ад уласных жаданняў, планаў і лагічных тлумачэнняў. Калі ты, заплюшчыўчы вочы, адрываеш другую нагу ад пагорка і робіш скачок у паветра, то нічога не зможаш пабачыць наперадзе. Там – невядомасць. А я ж прывыкла марыць і размалёўваць сваю будучыню ў чорны ці белы колер. Калі ж перад табой невядомасць, ты не можаш сказаць, што будзе з тваім жыццём нават праз гадзіну. Наперадзе нічога не бачна. Наперадзе – прорва. І ў яе трэба скокнуць, не ведаючы, што там хаваецца. Я ведала толькі адно: тое, што я старанна будавала напрацягу свайго жыцця, будзе зруйнавана. Я не ведала, як гэта будзе адбывацца. Інстынктыўна толькі адчула: “будзе балюча”.

Табе прыйдзецца адразу адмовіцца ад уласных жаданняў, планаў і лагічных тлумачэнняў

2. Перастаць баяцца болю

Як самы нармальны чалавек, я заўжды баялася болю. Ад тых рэдкіх людзей, якія набліжаліся да маёй існасці, я збягала, бо лічыла, што пасля душэўнага агалення абавязкова наступіць боль. Калі ўсё ж такі прыходзілі перыяды роспачы ў жыцці, я заглушала гэта ўсім, чым толькі магчыма.

Адзін з самых распаўсюджаных спосабаў заглушыць духоўныя пакуты – ісці да людзей і чакаць, пакуль яны выратуюць табе жыццё. Пры тым ты ніколі не зможаш да канца раскрыцца чалавеку, але чакаеш яго слоў як адзінага сродку збаўлення. Замест гэтага мы часта чуем у адказ нешта накшталт: “Як ты можаш сумаваць, ты ж з Госпадам!”, “Роспач – гэта вялікі грэх”, “У Бібліі сказана, каб мы заўжды радаваліся”, “Чаго табе не хапае ў жыцці? Паглядзі вакол. У некаторых няма дзе жыць, няма чаго есьці, а ты тут забіваешся праз нейкія свае праблемы, якія нараджаюцца і паміраюць у тваёй галаве” і г.д. Такія нібыта хрысціянскія суцяшэнні я б назвала псеўдахрысціянскімі. Людзі любяць вырываць кавалак з Пісання і тлумачыць яго на свой лад. У псальмах мы сустрэнем зусім іншую праўду, якая адкрываецца ў споведзі роспачнага сэрца.

Шчыра кажучы, мяне пачынае літаральна трэсці, калі чую паўсюль, што мы ПАВІННЫ радавацца жыццю і атрымліваць асалоду ад кожнай яго хвіліны. Калі сэрца параненае, то як радавацца? Канечне, можна схаваць свае перажыванні куды падалей і жыць з імі год, два ці дзесяць…Але выбух усё роўна будзе.

Я пачала крочыць па лесвіцы ацалення толькі тады, калі ў выніку адчыніла сваё сэрца для болю. Я пасябравала з ім, бо ён аказаўся адным з самых моцных паплечнікаў у барацьбе. Я перастала баяцца болю. І разам з тым даведалася пра дзве вельмі важныя рэчы, пра якія так любіў казаць апостал Павел – пра Суцяшэнне і Радасць. Боль рэзаў мяне вострым лязом, ён прымушаў мяне ўзгадваць тое, што я не хацела ўзгадваць, ён прапаноўваў мне адмаўляцца ад думак, якія раней прыносілі задавальненне і якія былі пасланыя мне не Богам. Боль неашчадна, жорстка, гвалтоўна адасабляў ад сэрца маё “Я”, якое прыводзіла да граху. Усё гэта было б падобна на нейкі садызм, калі б не адно “але”. Прыступка “боль” – самы важны ўрок, які даў мне Госпад. Калі Ён дае боль, то Ён дае і суцяшэнне. Толькі тады я пазнала Супакой, пра які казаў Хрыстос. Я пазнала не тую, эмацыйную радасць, якая даецца ў выглядзе натхнення, а нейкую іншую, унутраную, якую нельга адчуць ніводным рэцэптарам, але ты ведаеш, што яна ёсць. І табе хораша. І ты адчуваеш, як Дух Святы распальвае вогнішча ў тваім сэрцы з ужо састарэлага галля.

Я пачала ацаляцца, як  толькі  адчыніла сваё сэрца для болю

Працэс лекавання болем мы праходзілі ўсе. У дзяцінстве мы падалі і білі сабе каленкі. Памятаеце, як мы ўсе ў слязах, прыціскаючы рукамі ранкі, беглі дадому з воклічамі “Мама!”? Пасля матуля, абдымала, шкадавала і казала: ”Цішэй цішэй. Ну, дай я табе падую, не плач». Пасля яна ішла за зялёнкай ці ёдам, каб апрацаваць нам рану. Але мы баючыся болю яшчэ больш закрывалі рукамі збітыя калені. Ды дзеля таго, каб боль усё ж такі прайшоў, адкрывалі і давалі маці апрацаваць ранку, церпячы пры гэтым не вельмі прыемныя адчуванні.

Такім жа чынам лекуе і Госпад. Варта проста прыняць свой боль, палюбіць яго. Не хавацца і не хлусіць самому сабе, пераконваючы што “у мяне ўсё добра”. Калі б было так, вы не задумваліся пра сваё ацаленне. Боль ад Бога – гэта сапраўдны слодыч і гарантыя на аздараўленне. Усе схаваныя рэсурсы, усе свае кветкі, якія растуць глыбока ў душы, мы зможам выкарыстоўваць на служэнне, толькі калі ачысцімся. А ачысціцца можна толькі праз боль, які пасылае нам Госпад.

3. Упакорыцца і прыняць той факт, што ў Госпада на ўсё свой час

Ніхто з нас не ведае, колькі будуць цягнуцца нашыя пакуты. Мы ведаем толькі тое, што яны скончацца, саступіўшы месца іншым праблемам. Я не ведала, колькі будзе цягнуцца мой боль. Але я пачала дзякаваць за тое, што мой боль не вечны. І гэта важна ўсвядоміць. Калі вы ступілі на гэты шлях, Госпад ужо вас не пакіне і будзе грукацца да канца жыцця. Тут ужо шмат чаго залежыць ад нас. Бог дае ўсё патрэбнае для таго, каб мы крочылі па шляху ацалення. Але як хутка мы будзем засвойваць яго ўрокі? Як хутка мы будзем выконваць хатняе заданне? На ўсё свой час.

На момант вам можа падацца, што нічога не адбываецца ў вашым жыцці. Боль знік і ўсё нібыта ўстаканілася. Але варта памятаць, што нават калі вы спіце, Бог працуе над вашым сэрцам. А дрэва прынясе плады ў свой час. Варта проста памятаць пра гэта і пры яскравым святле, і пры начной цемры.

Варта памятаць, што нават калі вы спіце, Бог працуе над вашым сэрцам

4. Сустракацца з Ім штохвілінна

Для мяне гэта было складана. Калі ты хворы, то камунікуеш з Госпадам праз шкло. Ты нібыта Яго бачыш, нібыта чуеш, але не можаш да Яго дакрануцца. Колькі ж разоў я спрабавала зруйнаваць гэтае шкло! Але толькі на гэтым этапе я зразумела, што без доўгай і крапатлівай працы над сабой гэта зрабіць немагчыма.

Калі мы заключылі своеасаблівы кантракт з Богам, дзе Ён паабяцаў мне ацаленне, я зразумела, што калі не выканаю гэты пункт, далей рухацца бессэнсоўна. І я стала імкнуцца да Яго. Я перастала растварацца ў іншых рэчах і людзях свету. Цяпер я дакладна хацела растварыца толькі ў Ім.

Але калі вы думаеце, што ў мяне адразу гэта атрымалася, то вы памыляецеся. Я прагнула абстрагавацца ад свайго “Я”, каб дакрануцца да Яго. Але ў мяне не атрымлівалася. І я спрабавала зноў і зноў, пакуль па кроплях гэтае шкло не стала знікаць.

Калі ты хворы, то камунікуеш з Госпадам праз шкло

Калі гэта атрымалася, то мае перажыванні і праблемы сталі падавацца неіснымі. У маім сэрцы з’явіўся новы куток, які носіць назву “куток для Бога”. Калі я выходзіла “у людзі”, то адчувала салодкае нецярпенне – хутчэй хацелся застацца адной, каб пабыць разам з Ім, каб расказаць пра тое, што здарылася, пра тое, да чаго я дайшла і што мяне хвалюе зараз. Звонку гэта можна назваць адзінотай. Што ж, калі такі мой стан носіць назву “самота”, то гэта самы прыемны стан у жыцці.

5. На пэўны момант пакінуць мітусню

Калі вы адчулі сваю адзіноту, варта накіраваць яе ўнутр. Для мяне такая практыка была ўпершыню. Звычайна я намагалася распавесці камусьці пра свой боль ці заглушыць пачуццё адзіноты. Але гэта толькі допінг. Хутка “доза” зноўку стане патрэбнай.

Я зразумела, што менавіта зараз мне трэба пабыць толькі з Богам. І Госпад падтрымаў маё рашэнне – ён даў мне цэлых тры тыдні без сацыяльнай адказнасці, шчыльнай сяброўскай камунікацыі, актыўнай грамадскай дзейнасці. І гэта былі самыя цудоўныя тыдні ў маім жыцці. Бо кожны новы дзень Бог давай зранку мне заданні – адкрываў пэўную хібу і прапаноўваў разважаць над ёй. Мне было хораша з Ім. Некаторыя казалі мне, што я паступаю няправільна і што варта заўжды знаходзіца ў сваім атачэнні і супольнасці. Але я ўсё жыццё шукала тых, каму можна распавядаць пра свае праблемы. І вось зараз, калі я перастала залежаць ад людзей як ад сродку вырашэння сваіх праблем, я стала шчаслівай.

Натуральна, што сябры сваімі парадамі жадаюць зрабіць як лепш. Але менаівта зараз прыйшоў час жыць па духу, а не па парадах кніжных і чалавечых.

Калі я перастала залежаць ад людзей як ад сродку вырашэння сваіх праблем, я стала шчаслівай

6. Слухаць сваё сэрца

У такія перыяды не трэба нічога вырашаць – варта проста дазволіць сабе сядзець у цішыні і слухаць. На гэтым духоўным уроку я бачыла, як руйнавалася маё жыццё. Я бачыла, як руйнаваўся мой дом, на сцяну якога я патраціла столькі высілкаў! І яна зруйнавалася. Вокны разбіліся ўшчэнт. І за ўсім гэтым я павінна была проста назіраць!

Натуральна, што нават зараз я, часам, не вытрымліваю і вяртаюся да свайго напаўзруйнаванага дому, пачынаючы адбудоўваюць сцены. Смешна, але ў мяне такое адчуванне, нібыта я ўсёй моцай стрымліваю гэтае руйнаванне. Толькі маё сэрца спакойна б’ецца, нібыта кажа: “Усё ідзе як трэба”. І гэтае перакананне плыве праз маё змаганне чырвонай ніткай. Дзесьці далёка-далёка ўнутры ты чуеш голас, які кажа, што трэба дазволіць дому зруйнавацца поўнасцю, якім бы вострым лязом боль не ўпіваўся б у сэрца. Цяжка ісці за голасам, які ты пачуў аднойчы і які не ўпісваецца ні ў адну лагічную схему. Але Бог нелагічны. І тут трэба верыць Яму да канца.

Нябачнае заўжды з’яўляецца глыбейшым за абставіны

Пасля, калі я рабіла ўсё па парадах гэтага голасу, перастаўшы чэрпаць эмоцыі і ад іншых людзей, Госпад прамовіў праз маю блізкую сяброўку. Яна раптам сказала: “Проста жыві па духу, разумееш? З тваёй душой і з тваімі запытамі цябе наўпрост можа ніхто не зразумець. А ты чапляешся за людзей, за разуменні і толькі растрачваешся”. Для мяне гэта быў адказ. Бог узнагародзіў мяне за тое, што я слухала сваё сэрца, якое казала ўсё наперакор абставінам. Тое, што нябачна, заўжды з’яўляецца глыбейшым за абставіны. І як важна чуць гэты голас, як важна верыць яму, як важна крочыць за ім! Але гэты голас будуць намагацца заглушыць безліч спакусаў, якія, як сцервятнікі, раптам на вас наляцяць.

7. Ура! Спакусы! Значыць, я ўсё раблю правільна!

Пасля майго трывалага рашэння вырвацца з дрыгвы, безліч гнёздаў з нябоскіх думак з’явіліся ў маёй галаве. А на гэтых гнёздах сталі жыць птушкі, якія наперабой напявалі мне салодкія песні пра тое, як усё можа добра абярнуцца, калі я збочу са шляху. Маўляў, зараз мне балюча, а вось там, у мінулым, было ж так соладка… Я ведала, што гэта спакуслівыя думкі. А спакусы пачынаюць падавацца асабліва моцнымі, калі ваша барацьба падыходзіць да канца.

Я была даведзена да краху. Памятаю, як у нядзелю я, зусім абяссіленная, пайшла на набажэнства. Пайшла з мэтай атрымаць адказ, што мне рабіць. Адказ я не атрымала. Але на шляху дадому я ясна зразумела, што злы проста хоча забраць мяне ў рукі менаівта праз думкі. Ува мне прачнуўся сарказм і я прамовіла да злога: “У мяне ёсць Бог. А ты мяне рэальна задраў”. Як толькі я сказала гэта, без кроплі хлусні, па маім жываце нібыта прайшоўся нож у гарызантальным накірунку. Па ўсім целе пранёсся такі боль, што мае калені падкасіліся. Наўпрост ён вельмі недавольны, калі мы пачынаем змагацца моцай і словам Божым.

Спакусы пачынаюць падавацца асабліва моцнымі, калі ваша барацьба падыходзіць да канца

Натуральна, што спакусы будуць заўжды, асабліва, калі чалавек імкнецца да свабоды. Але Бог даў сваю мудрасць – адрозніваць спакуслівыя думкі ад проста думак і змагацца з імі. Таму спакусы сталі для мяне пацверджаннем таго, што я іду правільным шляхам.

8. Перастаць жыць у ілюзіях

Думкі з’яўляюцца, бадай, адной з самых небяспечных відаў зброі супраць нас, якія вядуць да ілюзій. Для ХЛОПЦАЎ жыць у ілюзіях азначае жыць мінулым. У некаторых з іх жыццё прыпынілася на пэўным этапе, а тое, што зараз адбываецца з імі, — гэта толькі прастрацыя. Ты нібыта жывеш, функцыянуеш, робіш сваю працу, але будучыні для цябе няма, бо ў тваім жыцці існуюць тыя людзі, тыя эмоцыі, да якіх ты калісьці прывязаўя, так і не сумеўшы ад іх адчапіцца. “Тады я быў шчаслівы”, – часта паўтараеш ты. Але ці было гэтае шчасце сапраўдным? Калі крыніцай эмоцый былі нейкія справы, чалавек, хай нават і самы блізкі, а не Бог, то што гэта? І хто трымае цябе ў гэтым стане па сёння? Ці Бог? А можа быць нехта іншы хоча, каб ты працягваў жыць у сваіх ілюзіях, паглыбляючыся ўсё болей у дрыгву? Балюча адрывацца ад думак, калі яны сталі ладам жыцця. Натуральна, калі ты пакаштаваў моцныя эмоцыі, калі цябе хістала з аднога боку ў іншы, складана прымусіць сябе адчуваць нешта падобнае яшчэ раз. Але для Бога няма нічога немажлівага. І гэта толькі наш выбар – працягваць далей жыць у прастрацыі або пачаць з гэтым нешта рабіць.

У ДЗЯЎЧАТ думкі дзейнічаюць крыху інакш. Яны накіраваныя не на мінулае, а, наадварот, на будучыню. Я кажу пра мары, планы і ўяўленні. Калі ты, намарыўшыся ўшчэнт, нарэшце прыпыняешся, то са здзіўленнем усведамляеш, што тваё жыццё і рэальнае жыццё – гэта дзве розныя рэчы. А жыць, шчыра кажучы, намнога прыемней у ілюзіях.

Не хочацца адмаўляцца ад адзінага, падаецца, салодкага ў жыцці. Складана адмовіцца ад сваёй плоці. Складана адмовіцца ад салодкіх думак ці ўспамінаў. Яшчэ чаго! Ты ж чакаеш цэлы дзень, каб нарэшце па дарозе дадому застацца сам на сам са сваімі думкамі. Вырвацца з кола ілюзій — для мяне гэта, бадай, самы складаны этап у духоўным аздараўленні. Але варта ўсвядоміць: ілюзіі руйнуюць нашую душу, нашае жыццё. А самае галоўнае – яны руйнуюць нашыя адносіны з Богам.

Сама я не магу пабароць свае думкі, бо яны мацнейшыя за мяне. Бо тую пустэчу, якая ўтварылася, пасля доўгай працы над сабой, трэба чымсьці запаўніць. І я запаўняю ілюзіямі. Але ўсе мы добра разумеем, што гэта не выйсце.

Бог даў табе ўсю неабходную зброю і заклікае да змагання

Адзінае выйсце – адкрыцца Богу. Так, Бог ёсць тое, што больш салодкае за Цябе самога на дадзеным этапе. Але я хачу дайсці да канца ў сваім ацаленні. Таму дай мне, Божа,  моцы для змагання. І Ён штодзённа дае гэтую моц. Ён штодзённа дае мудрасць адрозніваць думкі. Ён штодзённа дае падпітку ў выглядзе свайго Слова. Ён дае мне ўсё, нібыта кажучы пры гэтым: “Я даў табе ўсю неабходную зброю. Змагайся!”.

9. Прымайце цукеркі!

Напрацягу ўсяго навучання Бог дае цукеркі. Ніколі ў жыцці я не мела такога духоўнага насычэння, як падчас майго аздараўлення. Невядома адкуль я адкрыла для сябе цудоўных аўтараў, кнігі якіх я раскрываю і разумею, — гэта як для мяне напісана. Першы раз у жыцці менавіта ў гэты перыяд я трапіла на святарскія рэкалекцыі і паслухала багаслоўскую навуку. І тэма якраз была для мяне. Менавіта ў гэты перыяд Бог даў мне магчымасць павандраваць і адпачыць, не патраціўшы пры гэтым фактычна ні капейкі.

Вучыцеся заўважаць цукеркі, бо нават у цемры фальга ад іх адлюстроўвае святло.

Падчас духоўнага ацалення Бог дае небывалае духоўнае насычэнне

10. Памятайце пра свой дом

Гэтую параду Бог даў мне, калі я чытала кнігу Генры Нувена “Унутраны голас любові”. Гэтая парада заўжды ўратоўвае мяне, калі я пачынаю вяртацца да сваіх ілюзій, мінулага ці наўпроса зноўку пачынаю растварацца ў эмоцыях.

Заўжды вяртайцеся дадому. Памыліліся, прыпыніліся, збочылі — гэта не бяда. Я навучылася вельмі важнай рэчы – не баяцца памыляцца. Памыляцца можна нават у служэнні, бо служэнне – гэта наш духоўны рост.

Усе мы часта адступаем ад таго шляху, па якім нас вядзе Бог. Адступаем, бо слабыя, бо не можам да канца адмовіцца ад сваёй плоці, бо мы людзі. І варта прыняць гэтую пазіцыю. Зараз я нават палюбіла свае слабасці, бо яны прымушаюць мяне крочыць далей. І Госпад даў нам і моц, і слабасці для славы Сваёй.

Часта я наступаю на адны і тыя ж граблі. Але ж я вучуся. І з кожнай маёй памылкай мне сустракаюцца граблі ўсё меней і меней вострыя. І я ведаю, што хутка наогул я прайду міма іх. І менавіта тады праслаўлю Бога за тое, што немач абярнуў у моц. Мне наогул падаецца, што ў працэсе навучання і аздараўлення не існуе саграшэнняў. Ёсць толькі слабасці і памылкі, якія мы робім. Але калі на іх паглядзець поглядам пакоры, лёгка зразумець, што яны дапамагаюць нам у тым, каб падняцца на духоўны Эверэст.

У такія часы Госпад асабліва любіць мілаваць. Ён любіць дарыць сваю прысутнасць і суцяшэнне. І ваша задача трымацца гэтага суцяшэння, калі вы крочыце па цемры. Не трэба баяцца ночы і сумневаў. У такія моманты варта проста ўзгадаць, а што Бог казаў мне перад цемрай? Трамайцеся Яго голасу. Ён і прывядзе вас дадому.

Калі памыляецеся, лепш вяртайцеся дадому. Прынамсі, гэта лепш, чым адбываць самавызначаны тэрмін за кратамі. Памятайце, што цяпер у вас ёсць новы дом. Мажліва, у ім пакуль няма сцен. А самае крыўднае — вы не бачыце плёну сваёй будоўлі. І ад гэтага так хочацца вярнуцца ў свой такі родны стары дом…

З кожнай маёй памылкай мне сустракаюцца граблі ўсё меней і меней вострыя

Тут варта паплакаць, звярнуцца да Бога, перарэзаць у сваім нутры путы прастрацыі і працягнуць будоўлю новага дома, які абавязкова хутка пабачыце. Так, на жаль іншыя не змогуць яго ўгледзець, але яны змогуць пабачыць вашыя вочы, у якіх ён будзе адлюстраваны. Яны змогуць памацаць вашыя рукі, якія захаваюць цеплыню каміна вашага новага дома. Яны змогуць адчуць вашае гарачае сэрца, якое будзе падтрымліваць іх у нядолі. Яны запытаюць “Як жа ты паправіўся?”. Адказам будзе вашая ўсмешка, якая і раскажа пра ваш новы дом.

Па-мойму, нават дзеля гэтага і варта жыць. І варта будаваць. І варта пакутаваць. І варта падаць. І варта ламацца. І варта памыляцца.

Калі мы даем Госпаду будаваць наш дом, рэжучы без наркозу ўсе нашыя косткі і аддзяляючы ад іх мяса, можам з упэўненасцю сказаць, што станем моцныя, як цэгла. І самае галоўнае — зможам паўнавартасна служыць і дапамагаць іншым.

Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info

vika_11

грэка-каталічка, журналістка, старшыня Супольнасці хрысціянскіх журналістаў і блогераў, магістар філалогіі

23 верасня 2015 | Блогі |



Блогі