Дзеля гонару Імя Свайго

никадзим

«Як Ізраіль зьняславіў Бога сярод народаў, і як Бог вырашыў выправіць сітуацыю»

Ян 3:14-22

Каб зразумець гэты тэкст, нам трэба разглядаць яго ў больш шырокім кантэксце. Бо гэтыя словы Ісуса з’яўляюцца адказам на пытанне Нікадзіма аб «нараджэнні звыш». Гэта адна гісторыя.

Такім чынам, Нікадзім пытаецца: «як і што такое нараджэнне звыш»? Ісус адказвае, што гэта нараджэнне ад вады і Духа. І Нікадзім павінен быў бы ведаць гэта, з’яўляючыся настаўнікам Бібліі.

І сапраўды, ён павінен быў гэта ведаць, бо Ісус спасылаецца на 36 главу Езэкііля. Яна і з’яўляецца ключавой, для разумення разгляданага намі тэксту.

Ез. 36:25-27 І акраплю вас чыстаю вадою, — і вы ачысьціцеся ад усіх пахібаў вашых, і ад усіх ідалаў вашых ачышчу вас. І дам вам сэрца новае і дух новы дам вам; і вазьму з плоці вашай сэрца каменнае і дам вам сэрца плацяное. Укладу ўсярэдзіну вас дух Мой і зраблю так, што вы хадзіцьмеце ў запаведзях Маіх і пастановы Мае будзеце захоўваць і выконваць.

Тут Бог кажа, што верне Ізраіль у сваю зямлю з палону, ад народаў, куды Ён іх рассеяў. Усё гэта трэба разглядаць у кантэксце таго Запавету, які Бог Заключыў з Абрагамам, а затым з Майсеем.

Бог сказаў, што нашчадкі (насенне) Абрагама прынясуць дабраславенне народам.

Пачатак выканання гэтага абяцання адбываецца ў Выхадзе і Майсеевым Запавеце. Ізраіль павінен хадзіць у Законе Божым, жыць свята, каб навакольныя іх язычнікі бачылі ў іх прыклад. І жывучы свята, яны павінны несці святло Божай праўды народам, звярнуць іх да Бога.

Аднак Ізраіль жыве ў граху, пераймаючы ўсе мярзоты і грахі язычнікаў. Гэта становіцца прычынай выгнання іх з зямлі (спачатку паўночнае Царства — Асірыйскі палон, затым Вавілонскае паланенне Юдэі). Бог рассеяў Ізраіль сярод народаў (запаветны праклён), каб яны, усвядоміўшы віну, пакаяліся. Але, Бог кажа, яны і там зганьбілі Яго імя, жывучы ў граху.

І вось Бог кажа, што выправіць сітуацыю. Прычым зробіць гэта Сам дзеля сябе Самога. Ён верне іх у іх зямлю і ачысціць ад граху. Ён кажа: «ачышчу вас вадою» — вобраз адмывання бруду, адмыю вас ад граху. І ўвяду Свой Дух у вас, чым зраблю вашыя сэрцы паслухмянымі праўдзе. У следства чаго, вы будзеце паслухмяныя маім запаветам.

Цяпер, трымаючы ўсё гэта ў памяці, вернемся ў Евангелле Яна. Ізраіль вернуты ў іх зямлю, але поўнага вяртання так і не адбылося. Габрэі ўсё яшчэ працягваюць жыць сярод народаў у рассеянні. Царства не адноўлена, і габрэі жывуць у чаканні Месіі, які зробіць канчатковае аднаўленне. Яны чакаюць Валадарства Божага.

Таму Ісус кажа Нікадзіму: «ты чакаеш Валадарства Божага, але ўвайсці ў яго не ўсё змогуць, а толькі тыя, хто стане Іншым чалавекам, народзіцца звыш. І ты Нікадзім павінен ведаць, што я маю на ўвазе, бо Езэкііль пра гэта сказаў. А што сказаў Езэкііль?

Сам Бог адновіць Царства

Сам Бог збярэ сабе падданых у Царства

Гэтыя падданыя будуць ачышчаны ад граху.

Цяпер глядзіце ў тэкст. Нікадзім пытаецца: «А як можна нарадзіцца звыш?» На што Ісус адказвае: «вецер вее дзе сам пажадае, ты накшталт чуеш яго шум, але не ведаеш, адкуль ён прыходзіць і куды сыходзіць». Іншымі словамі, гэта не ў чалавечых. Сам Бог робіць гэта.

Але што менавіта робіць Бог сам? Ачышчае ад граху. Згодна з Езэкіілем, Сам Бог будзе абмываць ад граху і ўсяляць свой Дух у сэрца, каб тыя станавіліся паслухмяныя Закону.

І працягваючы тлумачыць, як Бог будзе вырашаць праблему граху, Ісус спасылаецца на гісторыю Майсея. Калі Ізраіль у пустыні пачаў грашыць, іх спасцігла пакаранне. Але Бог явіў сваю ласку там. Погляд веры на вісячага на «крыжы» змея даваў выратаванне ад пакарання за грэх. І тут Ісус кажа, што падобным чынам Сын чалавечы будзе узнесены на крыж, каб на ім загладзіць віну тых, каго Бог Сам збярэ ў свой Валадарства.

Выратаванне — ўваходжанне ў Валадарства, і жыццё вечнае, гэта тое, што робіць Сам Бог. Ён адраджае нас і ачышчае ад граху. Што мы можам зрабіць, каб нарадзіцца звыш? Нічога! Гэта тое, што зробіць Сам Бог! Чаму так? Дзеля свайго імя, каб слава ўся належала Яму. Як не ад нас залежала смерць Хрыста як выкуп за грэх, але Ён Сам адкупіў наш грэх, так і Дух свой Ён ўкладвае ў сэрцы Сам, робячы нашыя сэрцы схільнымі да праведнасці.

Тады што рабіць нам? Нічога не рабіць? Мы можам пачаць апраўдваць сябе, сваё нявер’е гэтым. Але мы будзем тысячу разоў не правы. Мы ж ведаем зараз, Хто крыніца нараджэння ад вады і Духа. Калі мы жадаем жыць вечна ў Царстве Бога, мы павінны перастаць разважаць, як адбываецца нараджэнне звыш, мы павінны пачаць верыць. Падобна Ізраілю ў пустыні падняць свой позірк на крыж Хрыста. І кожны веруючы ў Мяне, кажа Ісус, будзе мець жыццё вечнае.

Хочаш жыць вечна, вер у Хрыста. Не дастае веры, але ты хочаш жыць вечна? Прасі ў Бога памножыць тваю веру.

Хай будзе слава Богу ва ўсім!

Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info

удальёёў

Сяржук Удальёў. Пастар Эвангелічнай рэфармацкай царквы (Мінска-Магілёўская дыяцэзія), прэзбітэрыя святога Ансэльма, CREC. Магістр багаслоўя. Нарадзіўся 5 ліпеня 1976 года.

19 сакавіка 2018 | Блогі | Тэгі: ,



Блогі