Дзень Рэспублікі – гэта Дзень Незалежнасці або залежнасці?

parad

Кожная краіна мае такі дзень, калі святкуецца тое, што аб’ядноўвае ўсю нацыю – гэта Дзень Незалежнасці, Дзень Рэспублікі.

У нас ужо які год такім днём ёсць 3 ліпеня. Дата прымеркаваная да дня вызвалення Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Што і казаць – падзея беспрэцэдэнтная! І нельга аніяк забыцца на яе. Фашызм – гэта трагедыя сусветнага маштабу. Толькі на Беларусі, як лічыцца, падчас вайны загінуў кожны чацвёрты. Жыццё чалавека ёсць абсалютнай каштоўнасцю, а таму і памяць пра тых, хто загінуў, павінна быць святой.

Тым не менш, памяць аб трагедыі Другой сусветнай вайны – гэта адна справа, а вось пафасная трактоўка гісторыі і пры гэтым фрагментарны да яе падыход і бяспамяцтва ў адносінах да няменшай трагедыі, крыніцай якой з’яўляўся камуністычны рэжым з Масквы – гэта ўжо зусім іншая справа.

Святкаванне Дня Незалежнасці і атаясамліванне яго выключна з перамогай над фашызмам асабіста мяне змушае яшчэ раз пераканацца ў сваіх думках: перамогу здабылі, а стан незалежнасці, на жаль, так яшчэ і не асягнулі.

З прыкрасцю, але трэба сказаць, што вызваленне ад фашызму не прынесла Беларусі свабоды. Немагчыма ж прамаўчаць пра палітычныя рэпрэсіі, галадамор, перасяленні… Гэтым з’явам спадарожнічалі сотні тысяч ахвяраў і несправядлівых смерцяў нашых суграмадзянаў.
Хтосьці скажа, але ж гэта іншая гісторыя. Іншая то іншая, але ж наша.

Святкуючы перамогу над фашызмам і не асудзіўшы злачынства камуністычнага рэжыму, мы пішам старонку гісторыі нашай краіны і абапіраемся на фальшывых сведчаннях. Як сказаў Папа Францішак: “усе дыктатуры пачыналіся так: з фальсіфікацыі інфармацыі, з пераходу камунікацыі ў рукі адной несумленнай асобы, несумленнага ўраду”(прамова 18 чэрвеня 2018).

А значыць, і сучасная старонка нашай гісторыі становіцца падобнай да мінулай, калі панаваў таталітарны рэжым, пры якім, як вядома, чалавек і ягонае жыццё не ўяўляла абсалютнай каштоўнасці. Чалавек – гэта нішто! Важна – парадак.

А таму і атрымоўваецца: маем вайсковыя парады, і калоны вайсковай тэхнікі дэманструюць сваю перавагу над усім, у тым ліку над спецтэхнікай МНС і хуткай дапамогі. Так адбывалася ўжо не раз, калі ў дарожным руху прыярытэт аддаваўся ваенным, а не службам надзвычайнай дапамогі. Доказам з’яўляюцца здымкі ў інтэрнэце, на якіх бачна, як апошнія, прапускаючы ваенную калону, стаяць з уключанымі мігалкамі, а значыць, спяшаюцца ратаваць канкрэтных людзей! Пытанне: яны паспелі? Што сталася з тымі людзьмі? У такой сітуацыі ім або вам патрэбныя гэтыя парады? Мне – не.

Хтосьці скажа, што я нагнятаю, перабольшваю. Добра, я магу прамаўчаць.

Дарэчы, я б наогул не задаваў аніякіх пытанняў, калі б іх не задавалі памерлыя, несправядліва загінуўшыя, а больш дакладна іх косці, якія ўздымаюцца з-пад зямлі. Ім, усё адно як быццам бы не ляжыцца пад зямлёй. Такое ўражанне, што ім абрыдла маўчанне жывых і яны хочуць задаць пытанні: адкуль столькі пафасу і фанабэрыстасці ў праўладных колах? Адкуль такая блізарукасць плебсу? Чаму адбываюцца парады на касцях? Чаму не хаваюць годна ахвяраў ХХ стагоддзя і так імпэтна хочуць справіць хаўтуры памяці народа?

Аб чым гэта я?

Я пра Хайсы што пад Віцебскам.

Там ляжаць косці несправядліва забітых людзей. Яны дагэтуль непахаваныя. Яны кожны год вылазяць з-пад зямлі. І нібы моўчкі шукаюць людзей, якія б ушанавалі іх памяць. Я хадзіў па Хайскім ўзлеску, сам браў у рукі раскіданы гумовы абутак, вытрэсваў з яго зямлю, а разам з ёй высыпаліся людскія косткі, бачыў чэрапы з адзінай дзюркай ў патыліцы.

Гэта ўсё Хайсы. Там ляжаць парэшткі тысяч чалавек, якія былі забітыя НКВД перад вайной. А колькі ж такіх магіл на Беларусі. Яны ёсць у кожным рэгіёне нашай краіны. Іх столькі шмат, што можна меркаваць: камуністычны рэжым сістэматычна вынішчаў наш народ. І немагчыма не задаць пытанне: ці гэта не быў генацыд супраць беларускага народу? Няхай на гэтае пытанне шукаюць адказ гісторыкі. Фактам ёсць, што ад Чырвонага рэжыму ў Беларусі загінула людзей не менш, чым ад фашыстаў падчас вайны. Фактам ёсць, што сістэматычна вынішчалася культура Беларусі. Нішчылася мова – душа народа. І ў пэўны момант знішчэнне Беларусі дайшло да такой мяжы, што сёння небеспадстаўна можа прагучаць пытанне: ці наогул існуе такі шанец на адраджэнне беларускай нацыі? На гэтае пытанне адкажа час.

Я не веру ў Дзень Незалежнасці, які святкуецца з нагоды перамогі аднаго злачыннага рэжыму над другім. Такая перамога не дае ані незалежнасці, ані свабоды. І мы сёння маем небяспеку стаць закладнікамі памылковай ідэалогіі і яе нявольнікамі.

Я веру ў Хрыста, які кажа: “пазнайце праўду і праўда вызваліць вас” (Ян 8,32).

А таму, калі хочам сапраўднага вызвалення, свабоды і незалежнасці, можа, варта перастаць блефаваць, ладзячы вайсковыя парады. Хопіць крывадушнічаць праз ушанаванне ахвяраў фашызму і ўпартае незаўважанне ахвяраў камунізму, якія ляжаць побач, а часцяком у тых самых магілах. Давайце пазнаем гістарычную праўды і адкрыем усе архівы. Давайце рассакрэцім тыя злачынствы, доказы якіх яшчэ сёння захоўваюцца ў тэчках з грыфам “сакрэтна”.

Тут няма памылкі. Калі б я памыляўся, і не было складу злачынства ў гістарычных дзеях таго часу, то і не ўтойваліся б так упарта і архівы другой сусветнай вайны, якія засакрэчаныя ў Расіі да 2040 года, а архівы НКВД да 2050 года. Каб было чым ганарыцца і не было б чаму саромецца чэкістам за мінулае, то і адкрылі б архівы КДБ у Беларусі. Калі няма злачынства, то чаго хаваць?

Аднак, праўдай ёсць, што несправядлівым рэжымам ёсць што хаваць. Пераконвае нас у гэтым вопыт іншых краінаў, напрыклад, Літвы Украіны. У іх рассакрэцілі архівы і гісторыкі сёння раскрываюць злачынствы супраць народу.

Сёння ў нашым грамадстве нарастае супрацьстаянне. Мы беларусы, дзеці катаў і дзеці ахвяраў, на ўзроўні падсвядомасці адчуваем паміж сабою прорву. І калі мы розныя, хочам мірна жыць ў адной краіне, то павінны задумацца над тым, што зрабіць, каб паяднацца і прымірыцца паміж сабою і са сваёй гісторыяй.

Такога прымірэння, безумоўна, немагчыма ўявіць без яскравых і непахісных маральных арыенціраў у грамадстве. Гэту місію павінны выканаць рэлігійныя арганізацыі.

Аднак гэта будзе магчымым, калі ў Беларусі будзе дадзена сапраўдная свабода сумлення і веравызнання. А пакуль даводзіцца толькі гаварыць пра свабоду рэлігіі, а не жыць ёю. Ці ж магчыма ў краіне, дзе ёсць свабода рэлігіі, уявіць такую сітуацыю, калі дзяржаўны чыноўнік на пытанне, чаму ён не дазваляе працаваць тым ці іншым святарам з-за мяжы, адказвае: “а гэта маё права“… Вось і ўся свабода, гэта свавольства чыноўніка, але ж не свабода рэлігіі.

Разумею, каб дзяржава дала свабоду рэлігійную, Цэрквы павінны захацець яе ўзяць. Зноў, як сведчаць архіўныя дакументы з Украіны, занадта ж блізка былі паміж сабою структуры КДБ і РПЦ, даходзіла, што план дзейнасці Цэрквам, сінодам, біскупам пісала Лубянка, а пра здраду Касцёла Каталіцкага гаварыць не прыходзіцца з той простай прычыны, што не было біскупаў у той час, а з духавенства выжылі адзінкі.

У такой сітуацыі пакуль РПЦ не прызнаецца ў памылках і сваёй нявернасці Хрысту, што праяўлялася ў супрацоўніцтве паасобных біскупаў і святароў з КДБ, і не пакаецца ў гэтым, няма мовы, каб РПЦ адыграла такую ролю маральнага арыенціру.

РКЦ – яе роля змінімінізаваная дзяржавай. А поля дзейнасці зведзеная да гета. Можна адчытаць пасыл дзяржавы РКЦ: маеце свае касцёлы, то і маліцеся ў іх і нават не спрабуйце са сваім Евангеллем выйсці па-за межы, якія праходзяць па лініі сценаў вашых храмаў.

Красамоўным доказам ёсць перадача крыжа з могілак Благаўшчына касцёлу св.Роха ў Мінску. Крыж быў пастаўлены на могілках у гонар памяці кс Гадлеўскага, пробашча Чырвонага касцёла, які быў забіты падчас вайны. І ў гэтым годзе раптоўна крыжы пачалі перашкаджаць камусьці. Крыжы знікаюць у Трасцянцы, у Курапатах крыжы арыштоўваюць, бо ім, як аказваецца, няма месца ў “свабодным і незалежным” грамадстве. Што гэта, як не гета хрысціянства?

Нам усім патрэбна пакаянне, а не вайсковыя парады.

Трэба адкрыць архівы, каб пазнаць гістарычную праўду, пазнаць злачынствы. Трэба акрэсліць зло, яго межы, каб можна было ў ім пакаяцца.

І пакаяўшыся ў злачынствах мінулага, мы, нашчадкі катаў і ахвяраў, зможам прыцягнуць сабе ўзаемна рукі для прымірэння.

Калі гэта настане, то гэта і будзе дзень сапраўднага вызвалення, і пераломны момант нашай гісторыі, бо дзякуючы яму, мы атрымаем магчымасць распачаць будаўніцтва нашага агульнага дома, імя якога – Беларусь, нашай Рэспублікі.

Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info

61819164_2295799904079742_659389346654191616_n

Каталіцкі святар, пробашч у Расонах




Блогі