Дзень Волі: МЫ – АДЗІН НАРОД!

dzen-voli-2013

У Беларусі хутка не застанецца катэгорый грамадзян, не абражаных, не прыніжаных і не абабраных дзеючай уладай. Штогод у Беларусі пагаршаецца эканамічны стан, зніжаюцца заробкі і пенсіі, расце карупцыя і беспрацоўе. Беларусы пакутуюць ад несправядлівых пабораў і хлусні чыноўнікаў. Прадпрымальнікі і працоўныя, студэнты і пенсіянеры, вайскоўцы і дзяржслужачыя –кожны прыгнечаны па-свойму.

Рэжым хоча працягваць душыць кожнага па-асобку: асобна прадпрымальнікаў, асобна працоўных, асобна пенсіянераў, асобна палітычных актывістаў. “Падзяляй і пануй” – гэта той прынцып, якім кіруецца кожны аўтарытарны рэжым. Але, як вядома, ні адна дзяржава, ні адзін народ падзелены між сабой, не можа выстаяць (Мц. 12:25) Зараз беларусы падзеленыя, не гатовыя салідарна выступаць у абарону адзін аднаго. Таму ўладам так лёгка ўводзіць новыя паборы, кідаць людзей за краты… Менавіта таму з кожным годам расце пагроза для незалежнасці Беларусі, усё болей арганізацый “русского мира” засноўваецца ў нашай краіне.

Насамрэч, ёсць толькі адзіны істотны падзел сярод грамадзянаў Беларусі – на тых, хто згодны далей цярпець бяспраўны прыніжаны стан – і тых, хто гатовы змагацца за ўласную і народную годнасць і свабоду. І я веру ў тое, што слова “Воля”, “салідарнасць”, свята Дня Волі – набудзе новы, агульнанацыянальны сэнс для ўсіх беларусаў.

Сітуацыя ў краіне зменіцца, калі людзі зразумеюць, што немагчыма ў гэтай сістэме дамагчыся зменаў у асобнай галіне жыцця. Змены магчымыя толькі калі палітычныя патрабаванні будуць ісці разам з сацыяльнымі, эканамічнымі патрабаваннямі.

Таму фармат сённяшняга святкавання 25 сакавіка — гэта не толькі святкаванне Дня незалежнасці , але і заклік да нацыянальнага адзінства. Дзень Волі мусіць стаць днём нацыянальнага яднання. На святкаванне мы запрашаем і прадпрымальнікаў, і працоўных, і студэнтаў, і пенсіянераў. Бо мы – адзін народ. Мы мусім аб’яднацца, каб абараніць адзін аднаго, каб абараніць права на годнае жыццё кожнай беларускай сям’і, абараніць будучыню Беларусі.

Толькі тады, калі беларусы стануць салідарнымі, будуць клапаціцца і бараніць адзін аднога – мы пабудуем справядлівае грамадства. Толькі разам мы здолеем змяніць аўтарытарную ўладу ў Беларусі на народную, дэмакратычную, асноўным прынцыпам якой будзе: “не чалавек для дзяржавы, а дзяржава для чалавека”.

Калі Вы любіце Беларусь, і гатовыя бараніць правы іншых – далучайцеся да святкавання Дня Волі!

Зробім крок да свабоды разам!

Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info

606e2c60a0c187d5900257c66e14f5a8[1]

Сустаршыня Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі. Кандыдат у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь на выбарах 2010 года. Нарадзіўся 3 сакавіка 1975 года ў Бабруйску. Беларус. Адукацыя вышэйшая, інжынер-будаўнік. Жанаты, мае дачку. Жыве ў Менску. Прафесійна займаецца палітыкай з 1996 года. З 1996 года – член Каардынацыйнай Рады “Беларускага аб’яднання маладых палітыкаў”. У 2002-2004 гадах — член Прэзідыўма Беларускай нацыянальнай рады моладзевых і дзіцячых грамадскіх арганізацыяў “Рада”. Адзін з распрацоўшчыкаў канцэпцыі новай моладзевай палітыкі Беларусі. У 1999 годзе навучаўся ў Германіі на курсах Вышэйшай школы дзяржаўнага кіравання ў інстытуце “Саюз грамадскага кіравання”, вывучаў эканамічнае і палітычнае ўладкаванне ФРГ. Праваслаўны хрысціянін. Адзін з кіраўнікоў кампаніі “У абарону свабоды сумлення і веравызнання у Беларусі”, у межах якой было сабрана больш за 50 тыс. подпісаў у абарону хрысціянаў.

25 сакавіка 2016 | Блогі | Тэгі:



Блогі