Дзіця, якое здавалася лішнім, стала любімым

1-DSC_0333

Верасень 1967-га  быў звычайным са сваімі буднямі і сямейнымі радасцямі. Малодшай Лідачцы, пятай у сям’і, хутка споўніцца два гады. Старэйшаму  Івану,  – амаль дванаццаць. Аляксей і Раіса былі задаволеныя, што ў іх тры сыны і дзве дачкі.  За гады іх сумеснага жыцця было шмат выпрабаванняў. То быў час нялёгкі для ўсіх. А ім прыйшлося і таго цяжэй – пахавалі  трох сваіх дзетак. І толькі разам, падтрымліваючы адзін аднаго,  змаглі  перажыць  гора і  захаваць чыстыя сэрцы, не затаіўшы  крыўды на ўвесь белы свет.

Сённяшні дзень быў падобны на ўчарашні. І заўтрашні будзе такі, як сёння. Хіба толькі надвор’е будзе мяняцца. Таму трэба паспець  сабраць ураджай садавіны і гародніны, пакуль снег не выпаў. Сілы трэба шмат, і няма калі глядзець на стомленасць – зімой будзе адпачынак, а зараз трэба працаваць. Ды толькі Рая с кожным днём усё хутчэй і хутчэй стамлялася. Відаць, захварэла. Але праз колькі дзён прычына хваробы стала зразумелай – цяжарная. А гэта ўжо ніяк не ўваходзіла ў іх планы. Не думалі яны больш дзяцей нараджаць – выхаваць бы, пракарміць  і паставіць на ногі гэтых, пяцярых.

Калі б гэта адбывалася ў 2007-ым, а не ў 1967-ым годзе, усё б вырашылася хутка:  паліклініка, гінеколаг, аборт. Але… гэта было тады, калі да паліклінікі  больш за 20 кіламетраў і ехаць да яе трэба на кані. Жанчына пачала шукаць іншае выйсце.  Парыла ногі ў гарачай вадзе, падымала цяжкія камяні, узбіралася на плот і адтуль прыгала, спадзяючыся, што здарыцца выкідыш.

Відаць, дзіця моцна хацела жыць, а можа, яго нараджэння чакалі іншыя людзі. Хтосьці скажа – што гэта лёс. А мудрыя заўважаць руку Божыю.

Дзевяць месяцаў прайшлі, а можа і менш. Пачаліся схваткі.  Давезці да бальніцы не паспелі, бо везлі парадзіху на трактары. Роды пачаліся за лесам ля суседняй вёскі. Прыйшлося прыпыніцца і на руках данесці да першай хаты. Як толькі паставілі на парог, Рая закрычала, каб трымалі дзіця. Нарадзілася трэцяя дачка. Маленькая, худзенькая, мо вагой з кілаграм. Спавілі дзіця, паклалі на падушку – а яе там і не бачна, як маленькая цацка.

Да гэтага часу ў сям’і агульнай любіміцай была Лідачка.  Больш за ўсіх яе любіў старэйшы брат Іван. А тут з’явілася Алеся, і ўсе сваю ўвагу пераключылі на яе,  такую маленькую і кволенькую, ці ж можна яе не любіць?

Яна расла ціхай і спакойнай, не дастаўляла клопату ні бацькам, ні  сястрычкам і брацікам. Хаця старэйшым даводзілася даглядаць  малодшую. Бывала, што Ліда хацела пагуляць са сваімі сяброўкамі, а тут гэтая малая паўзе за ёй і плача. Ды і  калі што якое, ад бацькі можна было атрымаць добрую лупцоўку за тое, што кінула малую. Ды, відаць, у Ліды была да малодшай рэўнасць: бо цяпер, калі Іван, Галя, Міша ці Лёня прыбягалі са школы, яны перш-наперш імкнуліся расцалаваць Алесю, а Ліда, як быццам, ужо дарослая, і  гэта яе крыўдзіла. Потым, калі ўжо сталі дарослымі, сёстры прыгадвалі такія моманты з усмешкай.

Калі пайшла ў школу, была здольнай вучаніцай. Актыўна ўдзельнічала ў мастацкай самадзейнасці, малявала, была добрым сябрам для аднакласнікаў і дзяцей з вёскі. Бацькі ганарыліся ёй. Жыхары вёскі таксама яе любілі, і бабулькі заўсёды частавалі цукеркамі ды прыгаворвалі “Еш, дзетка, табе папраўляцца трэба, бо такая худзенькая і бледненькая!”

Алесю гэта вельмі раздражняла: ці ж яна вінаватая, што ў яе такая скура белая, і сама яна не столькі худая, як дробненькая.

Баба Анюта, у хаце якой нарадзілася Алеся, стала яе названай бабуляй (павівальнай бабкай). Часта прыходзіла ў госці да названай унучкі. Другіх бабуль у дзяўчынкі не было, яны памерлі задоўга да яе нараджэння. Бабуля прыходзіла з пачастункамі і падарункамі.

Час ляцеў хутка: дачка падрастала, бацькі старэлі. Калі Алеся скончыла школу – бацькі ўжо былі пенсіянерамі, з гадамі здароўя не прыбаўлялася. Дзеці ўсе раз’ехаліся з вёскі, але часта прыязджалі, каб дапамагчы бацькам, бо ў іх быў агарод, свінні, бывала, што і авечкі былі, карова, але потым зусім цяжка яе было даглядаць і дзеці ўгаварылі памяняць на казу.

І ўжо праз гады, калі разам збіраліся за сталом у Раі з Аляксеем баба Анюта, Ніна з Толікам, якія везлі на трактары парадзіху, заўсёды прыгадвалі роды ў дарозе на парозе. Расказвалі, як Ніне і Анюце было дужа смешна, калі яны адразалі пупавіну і завязвалі пуп. Ды ніхто дакладна не мог адказаць, што такога было смешнага. Хтосьці з іх сказаў, што пупавіну трэба пераразаць менавіта на кніжцы, каб дзіця было разумнае.

Праўда, дакладна не памяталі, ці то біялогія трапіла ім пад рукі, ці іншы падручнік Анюціных дзяцей. Смеючыся казалі, што відаць таму Алеся і была такой здольнай да навучання І  жыццярадаснай,  што ў той момант яны не маглі супакоіцца ад смеху.

А Рая яшчэ прыгадвала, як хацела пазбавіцца цяжарнасці, і дзякавала Богу, што не дапусціў да загубства, а давёў да родаў і дапамог выгадаваць і выхаваць любімую дачку, якая нарадзіла трох цудоўных унукаў.

Алёна Шабуня

Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info

shabunja

Журналіст, грамадская актывістка

25 траўня 2015 | Блогі |



Блогі